БЕЛ Ł РУС

Ізраіль нанёс авіяўдары па камандных цэнтрах «Хезбалы» ў Ліване

21.02.2026 / 18:22

Nashaniva.com

У выніку ізраільскіх авіяўдараў па ўсходзе Лівана загінулі восем прадстаўнікоў групоўкі «Хезбала», у тым ліку мясцовыя камандзіры. Пра гэта паведамілі інфармагенцтвы са спасылкай на прадстаўніка арганізацыі, піша Euronews.

Фота: Bilal Hussein / AP

Удары былі нанесеныя па раёне каля населеных пунктаў у даліне Баальбека, дзе быў часткова разбураны трохпавярховы будынак.

Ізраільская армія пацвердзіла, што атакавала некалькі камандных цэнтраў «Хезбалы», заявіўшы, што ліквідаваныя асобы рыхтавалі атакі супраць Ізраіля і займаліся аднаўленнем баявога патэнцыялу групоўкі. Паводле ізраільскага боку, такія дзеянні парушаюць дамоўленасці паміж Ізраілем і Ліванам.

Сярод загінулых — Хусейн Ягі, сын аднаго з заснавальнікаў «Хезбалы» і паплечніка яе былога лідара Хасана Насралы, які загінуў у 2024 годзе ў выніку ізраільскага ўдару.

У той жа час Міністэрства аховы здароўя Лівана паведаміла, што ў выніку апошніх удараў у рэгіёне загінулі 10 чалавек, у тым ліку трое дзяцей, яшчэ каля дваццаці атрымалі раненні.

Нягледзячы на перамір’е, якое дзейнічае з лістапада 2024 года і было дасягнута пры пасярэдніцтве ЗША, ізраільскія ўдары па Ліване працягваюцца амаль штодня. Пагадненне павінна было спыніць баявыя дзеянні, якія ўзмацніліся пасля атак «Хезбалы» ў адказ на ізраільскую аперацыю ў сектары Газа, распачатую пасля нападу ХАМАС 7 кастрычніка 2023 года.

Ізраіль заяўляе, што наносіць удары выключна па вайсковай інфраструктуры і членах групоўкі, каб не дапусціць яе пераўзбраення. Улады Лівана сцвярджаюць, што ў выніку ізраільскіх атак пасля ўвядзення рэжыму спынення агню гінуць і мірныя жыхары.

Чытайце таксама:

ЗША «вельмі блізкія» да вайны супраць Ірана — Axios

Трамп: Змена рэжыму ў Іране — найлепшае, што можа адбыцца

Начальнік штаба «Хезбалы» забіты ў выніку ізраільскага ўдару па Бейруце

Ліванскай арміі даручылі раззброіць «Хезбалу»

Каментары да артыкула