У Баранавічах на Масленіцу спяклі трохметровы блін ФОТЫ
21 лютага ў Парку жывёл «Дыпрыз» пад Баранавічамі ўстанавілі кулінарны рэкорд Беларусі — там прыгатавалі самы вялікі блін у краіне. Дыяметр гіганцкага бліна склаў тры метры, піша расійскае выданне Sputnik.
Фота: Sputnik
Каб дасягнуць такога выніку, кухары трэніраваліся каля дзесяці дзён. Для цеста выкарысталі вялікія аб’ёмы прадуктаў: 9 літраў малака, 30 яек, 5,5 кілаграма мукі, 2 літры расліннага алею, 300 грамаў солі і 800 грамаў цукру.
Фота: Sputnik
Працэс гатавання быў няпросты. Спачатку велізарную патэльню 20 хвілін распальвалі на вуголлях, пасыпаўшы яе соллю. Пасля соль прыбралі, паверхню змазалі алеем і толькі тады вылілі цеста, раўнамерна размеркаваўшы яго па ўсёй патэльні.
Фота: Sputnik
За гатаваннем стравы сачылі многія гледачы, але найбольш хваляваліся самі кухары — яны не адыходзілі ад бліна каля гадзіны.
Фота: Sputnik
Калі адзін бок падрумяніўся, прысутныя вырашылі галасаваннем, ці трэба пераварочваць блін. Большасць адказала станоўча, і тады каманда з дапамогай вялікай качалкі асцярожна перавярнула яго, каб ён прапёкся з другога боку.
Фота: Sputnik
Пасля завяршэння гатавання прадстаўнік праекта «Кніга рэкордаў Беларусі» ўручыў сертыфікат, які пацвярджае нацыянальны рэкорд. Ён адзначыў, што гэта афіцыйна самы вялікі блін у краіне.
Фота: Sputnik
Паспытаць святочную страву маглі ўсе госці. Акрамя гэтага, у парку прайшлі майстар-класы, дэгустацыі і конкурсы для дзяцей і дарослых. Свята завяршылася традыцыйным спальваннем масленічнага чучала.
Чытайце таксама:
У Магілёўскім заасадзе прачнуўся мядзведзь Федзя. Значыць, вясна ўжо блізка
Акцёра Шая Лабафа арыштавалі за бойку падчас святкавання масленіцы ў Новым Арлеане
У Расіі жанчына насмерць падавілася на конкурсе па паяданні масленічных бліноў