У Тайландзе паліцыя затрымала серыйнага рабаўніка, пераапрануўшыся ў касцюмы львоў ВІДЭА
У Тайландзе мясцовыя паліцэйскія правялі незвычайную аперацыю пад прыкрыццём, каб затрымаць серыйнага злачынцу. Для гэтага яны апрануліся ў традыцыйныя касцюмы львоў і змаглі затрымаць падазраванага падчас святочных мерапрыемстваў.
Фота: The Metropolitan Police Bureau/AP
Паводле паведамлення выдання Sky News, 33‑гадовага мужчыну падазраюць у тым, што ў пачатку лютага ён тройчы залазіў у дом мясцовага паліцэйскага ў Бангкоку. Яму інкрымінуюць крадзеж каштоўнасцяў прыкладна на 2 мільёны батаў (больш за 63 тысячы даляраў ЗША).
Раней паліцыя ўжо спрабавала затрымаць падазраванага, але ён заўважаў пераслед і ўцякаў. У выніку мужчыну, аднак, удалося адшукаць, адсачыўшы скрадзеныя амулеты, якія ён прадаў. Таксама высветлілася, што ён часта бываў у храмах у правінцыі Нонтхабуры.
Затрыманне адбылося падчас святкавання кітайскага Новага года. Супрацоўнікі паліцыі ў касцюмах ільвоў танцавалі на кірмашы, каб не выклікаць падазрэнняў. У пэўны момант адзін з іх раптоўна кінуўся на мужчыну і прыціснуў яго да зямлі.
У паліцыі адзначылі, што падазраваны прызнаўся ў крадзяжах і паведаміў, што рабіў гэта дзеля куплі наркотыкаў і ўдзелу ў азартных гульнях. Раней ён ужо быў судзімы за злачынствы, звязаныя з наркотыкамі і крадзяжамі.
Чытайце таксама:
Беларус купіў пуцёўку ў Тайланд усяго за $1400. Як уражанні?
У Тайландзе ўпершыню за амаль 30 гадоў зноў пабачылі суматранскага ката. А ўжо і не спадзяваліся
У Тайландзе скасавалі абмежаванне на продаж алкаголю з больш чым 50‑гадовай гісторыяй