БЕЛ Ł РУС

Галоўны прыз Берлінале атрымала драма пра турэцкую пару «Жоўтыя лісты»

22.02.2026 / 17:19

Nashaniva.com

Сталі вядомыя пераможцы Берлінскага кінафестывалю.

Кадр з фільма «Жоўтыя лісты»

«Залатога мядзведзя» — галоўную ўзнагароду — атрымаў нямецкі рэжысёр турэцкага паходжання Ількер Чатак. У драме «Жоўтыя лісты» аўтар распавядае гісторыю турэцкай пары з тэатральнага свету ў Анкары. Праз сваю палітычную пазіцыю мастакі губляюць працу і апынаюцца ў галечы — іх спрабуюць прымусіць замаўчаць, паведамляе Bild.

Фільм вельмі ясна гаворыць «на палітычнай мове таталітарызму» і выклікае палохаючае прадчуванне магчымай палітычнай будучыні і ў іншых краінах, сказаў старшыня журы Вім Вендэрс на цырымоніі ўручэння ўзнагарод.

«Срэбнага мядзведзя» за найлепшую акцёрскую працу ўдастоілася актрыса Сандра Хюлер — яна сыграла галоўную ролю ў гістарычнай драме «Роза»: ролю жанчыны, якая ў XVII стагоддзі выдае сябе за мужчыну ў аддаленай нямецкай вёсцы.

Вялікі прыз журы атрымала трагедыя «Куртулуш» турэцкага рэжысёра Эміна Алпера. Фільм стылістычна нагадвае вестэрн і распавядае пра забойчую варожасць дзвюх сельскіх суполак.

Адразу дзве ўзнагароды атрымаў фільм пра дэменцыю «Каралева ля мора» амерыканскага рэжысёра Лэнса Хамера — прыз журы і «Срэбнага мядзведзя» за найлепшую акцёрскую працу другога плана.

Прыз за найлепшую рэжысуру атрымаў брытанец Грант Джы — аўтар фільма пра джазавага музыканта «Усе ў захапленні ад Біла Эванса».

Канадка Жэнеўеў Дулюд-дэ-Сель атрымала «Срэбнага мядзведзя» за найлепшы сцэнарый — з фільмам «Ніна Роза».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула