Што ў рэальнасці адбылося пад Смалявічамі? Вось самая лагічная прычына налёту ашалелых расійскіх малалетак
Аналіз сціслай афіцыйнай інфармацыі і супастаўленне дробных дэталяў дазваляе зрабіць больш-менш рэалістычную выснову пра тое, што стала прычынай драматычнай гісторыі ў Будагове, дзе падлеткі-замежнікі напалі на прыватны дом.
16 лютага 2026 года трое расійскіх маладзёнаў — аднаму 17 гадоў, астатнім па 18 — на досвітку ўварваліся праз акно ў прыватны дом у аграгарадку Будагова Смалявіцкага раёна. Крайні да лесу, па вуліцы Сонечнай.
Узброеныя металічнымі бітамі, пісталетам (імаверна — пнеўматычным, таму што перастрэлка, па словах МУС, была, а справы за замах на жыццё супрацоўніка няма) і нажамі расіяне жорстка збілі трох немаладых людзей, якіх знайшлі ў доме.
Жанчыне зламалі руку бітай, мужчынам рассеклі скуру на патыліцах ручкамі пісталетаў, аднаму зламалі нос.
«Трэба было збіць, пакалечыць, зняць на відэа, мы гэта ўсё за грошы», — будуць потым тлумачыць налётчыкі.
Дзікунства было спынена нарадам дэпартамента аховы, таму што ў доме па шчаслівым збегу абставін была трывожная кнопка, якую паспеў націснуць пабуджаны сабакамі гаспадар.
Але ці такая ўжо выпадковасць тое, што ў доме была кнопка? І ці выпадкова сонны гаспадар пабег углядацца ў вокны, толькі пачуўшы сабачы брэх?
Можна падумаць, што не — гаспадару было чаго перажываць. Летам яму ўжо спалілі машыну.
15 жніўня 2025‑га пры канцы працоўнага дня — а 17-й, — пажарнікам паступіў сігнал аб узгаранні ў гаражы, спалучаным з домам.
«Аўтамабіль у гаражы згарэў цалкам, разам з ім знішчаныя гараж і маёмасць», — суха паведамілі ў зводцы без пазначання прычын узгарання.
Дом, на які адбыўся налёт, у жніўні 2025-га. Фота: smolevichi-24.by
Верагодна, гаспадароў у гэты час не было дома, таму што паспела выгарэць вялікая плошча, чаго б не адбылося, калі б яны адразу паведамілі ратавальнікам пра пажар. Ці не пасля гэтага выпадку яны паставілі трывожную кнопку?
Што тычыца самога сцэнарыю налёту на той жа дом 16 лютага 2026 года, то ён да літары супадае з практыкай пакаранняў наркашопамі сваіх «супрацоўнікаў», якія перастаюць выконваць абавязкі нарказакладчыкаў.
У час паміж націсканнем трывожнай кнопкі і прыбыццём нараду налётчыкі паспелі залезці па драбінах у дом праз акно, адшукаць трох чалавек у вялікім доме, зламаць іх супраціўленне і нанесці сур'ёзныя траўмы, здымаючы ўсё гэта на відэа. Нарматыў прыбыцця нарада дэпартамента аховы — 7 хвілін. Час выкліку міліцыі вядомы — 04:17, але МУС ні разу не паведаміла пра час прыбыцця нараду. І нават падчысціла інфармацыю пра аб'ём атрыманых пашкоджанняў са свайго першаснага рэлізу. То што, спазніліся? Лукашэнка потым здыме гэтае тонкае пытанне з Кубракова, пахваліўшы яго, што той асабіста «прыбыў раней за хуткую» — хаця гэта няпраўда. На момант прыбыцця Кубракова хуткая ўжо аказала дапамогу пацярпелым. Фота: скрышнот АНТ
Такіх відэазапісаў поўна ў цёмным сегменце сеціва: адчайныя маладыя людзі ў балаклавах — на слэнгу «спортыкі», хлопцы спартыўнага выгляду нібыта з 1990‑х — ловяць закладчыкаў, якіх адміністрацыя наркашопа падазрае ў крадзяжы выдадзеных на рэалізацыю наркотыкаў, а потым жорстка збіваюць, часам нават выпадкова забіваюць — у навуку іншым. Справаздачы выкладаюцца на спецыяльных форумах. Выканаўцы для такой працы шукаюцца там жа. Сам факт збіцця пры гэтым не вызваляе ахвяру ад патрэбы адпрацоўваць налічаны доўг або аддаваць яго грашыма.
Разлічваецца, што такія ахвяры не пойдуць у органы, таму што ім прыйдзецца расказваць прычыны атрымання пашкоджанняў — і, адпаведна, сесці ў турму за распаўсюд наркотыкаў.
Гэта ўсё вельмі папулярна ў Расіі, а ў Беларусі такіх практык амаль не засталося, таму што пералавілі. Любы палітвязень раскажа, колькі такіх «спортыкаў» топчуць калоніі.
Што адметна, судзяць іх не толькі за нанясенне цялесных пашкоджанняў, але і па самай цяжкой 4‑й частцы артыкула 328. Іх дзеянні трактуюць яшчэ за прыналежнасць да наркакартэля, яны атрымліваюць ад 10 да 20 год зняволення. Такія захады даволі паспяхова прарадзілі мясцовых, здольных на такі гвалт, але вось для расійскіх выканаўцаў Беларусь — цёмны лес. Таму такія знайшліся.
Як жа налётчыкі ведаюць адрасы? Іх ім выдаюць наркашопы: фота пашпарта са старонкамі прапіскі — гэта вельмі частае патрабаванне пры «ўладкаванні» закладчыкам. Потым па гэтых адрасах работнікаў і шукаюць.
Яшчэ адзін доказ такой версіі — гэта джэнтльменскі набор, які мелі пры сабе расіяне.
Пісталет, пальчаткі, чэк аб арэндзе каршэрынга, нож, электронная цыгарэта, кашалёк з картай расійскага банка, вокладка дакумента, тэлефон і калода карт. Знойдзена ў затрыманых. Фота: Следчы камітэт
Адметная дэталь у ім — гэта калода карт «888».
Можна, канечне, дапусціць, што малалеткі бавілі сябе складанымі картачнымі гульнямі («888» — гэта вялікая покерная калода на 54 карты). Але больш імаверна, што адну з такіх карт яны збіраліся пакінуць на месцы злачынства як signature — метку, якая адсылае да замоўцы. Такая практыка існуе, яна папулярная ў малалетніх крымінальнікаў.
Тры васьмёркі — гэта назва буйнога наркашопа, які працуе ў Расіі мінімум з 2024 года.
Банэр нелегальнай крамы на самым папулярным расійскім рэсурсе даркнэта для гандлю наркотыкамі
У каментарах да гэтага наркашопа наркаманы рэгулярна скардзяцца на «незнаходы» і «пустыя клады» — кожны такі выпадак, па сутнасці, трыгер для разборак з закладчыкам.
Наўрад ці нехта з пацярпелых гандлюе наркотыкамі ў Расіі. Іх сацыяльныя партрэты не пасуюць пад такую актыўнасць. Гаспадар дома ўвогуле музыка, які цяпер шукае ціхія пенсіянерскія падпрацоўкі кшталту працы ахоўнікам.
Можна было б яшчэ разглядаць версію таго, што расіяне хацелі нешта скрасці з гэтага дома. Хаця па апублікаваных інтэр'ерах ясна, што жыве сям'я пацярпелых вельмі сціпла.
Можа, расійскія налётчыкі ішлі да кагосьці іншага, але прамахнуліся адрасам?
Але цяпер і гэтыя версіі адпадаюць. Вось што пацярпелы абцякальна кажа ў рэпартажы АНТ:
«Гэта замова для ціску на іншага чалавека, я не буду казаць каго, але гэта наш блізкі сваяк, знаходзіцца за мяжой».
Што гэта за блізкі сваяк, дзеля якога з Расіі ехалі «спортыкі»? Сын? Пляменнік? Унук? Не так важна, з гэтым цяпер будзе разбірацца міліцыя. Магчыма, што крымінальны пераслед будзе чакаць не толькі расійскіх малалетак-налётчыкаў, але і яго.