БЕЛ Ł РУС

«Спробы стварыць Лукашэнку вобраз «самага чалавечнага чалавека» толькі падкрэсліваюць крайнюю нялюдскасць сістэмы»

23.02.2026 / 15:14

Nashaniva.com

Гісторык Аляксандр Пашкевіч у сябе ў фэйсбуку адрэагаваў на каментары прэс-сакратаркі Аляксандра Лукашэнкі адносна інсульту Мікалая Статкевіча.

Фота з сацыяльных сетак Марыны Адамовіч, жонкі Мікалая Статкевіча

«Для пачатку хачу нагадаць, што рашэнне аб памілаванні Мікалая Статкевіча прэзідэнт прыняў ужо даўно. Але тады ехаць у «райскі сад» Статкевіч адмовіўся. І — вярнуўся ў турму», — сказала Наталля Эйсмант.

Трэба разумець — вярнуўся без ніякага новага суда і прысуду і без адмены памілавання. І цяпер новага памілавання, здаецца, не выдавалі, а як бы дзейнічае ўсё тое ж самае, вераснёўскае. Адно што толькі цяпер не верасень, а люты, і гэтыя пяць месяцаў памілаваны правёў не на свабодзе, а ў турме. На якой падставе? На падставе «часам не да законаў».

Цікава на гэтым фоне глядзіцца другая навіна:

«Аляксандр Лукашэнка ўвёў абавязковы адзіны кваліфікацыйны экзамен для тых, хто ўпершыню паступае на дзяржаўную цывільную службу. Тэставанне прадугледжвае праверку ведання Канстытуцыі Беларусі, а таксама іншых асноўных заканадаўчых актаў, якія павінны ведаць усе дзяржаўныя службоўцы».

І вось пытанне — а нафіга дзяржаўным службоўцам усё гэта ведаць (асабліва Канстытуцыю), калі ўсё адно краіна жыве не па законах, а па паняццях?

Але затое паняцці якія гуманныя. Калі ў Статкевіча здарыўся інсульт, то: «Прэзідэнту пра гэта далажылі. І кіраўніком дзяржавы было прынята рашэнне аб яго неадкладным пераводзе ў бальніцу, дзе была забяспечаная ўся неабходная і своечасовая дапамога — яго выратавалі».

Якая мілата, праўда? То-бок калі ў зняволенага ў турме здараецца інсульт, то перавод у бальніцу, неабходная і своечасовая дапамога яму не паложаныя — для гэтага трэба спярша камусьці далажыць і той хтосьці павінен прыняць рашэнне, ратаваць чалавека ці не ратаваць? А пакуль не атрымаюць высачайшае распараджэнне, лекары сядзяць і чакаюць?

Усе гэтыя вербальныя спробы стварыць вобраз «самага чалавечнага чалавека» толькі яшчэ больш падкрэсліваюць крайнюю нялюдскасць створанай ім сістэмы. І таму, як у тым рэкламным слогане, нават для карысці іх чорнай справы ўжо лепш жаваць, чым гаварыць.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула