БЕЛ Ł РУС

Гродна апераджала Вільню. Былі часы, калі італьянцы эмігравалі ў Беларусь. Іх кроў цячэ ў некім з вас

28.02.2026 / 08:00

Ф. Раўбіч

Гродна ганарыцца сваёй багатай гісторыяй, але ці ведалі вы, што за знакавымі будынкамі горада стаяць імёны таленавітых італьянскіх майстроў? Адным з іх быў Антоніа дэ Грэп — архітэктар, які не толькі будаваў для каралёў, але і заклаў падмурак прафесійнага мулярства ў Вялікім Княстве Літоўскім, зрабіўшы Гродна піянерам у гэтай справе.

Панарама Гродна са Старым замкам і Фарай на гравюры Тамаша Макоўскага

Імя Антоніа дэ Грэпа (у дакументах таксама — Дзігрэб) наўрад ці шырока вядомае па-за коламі гісторыкаў, але яго ўнёсак у архітэктуру Гродна складана пераацаніць. Як піша гісторык Мікола Волкаў, менавіта гэты італьянскі майстар стаў ключавой фігурай у рэалізацыі мараў караля Стэфана Баторыя і яго пераемніка Жыгімонта Вазы. Менавіта ён кіраваў працамі па ўзвядзенні двух галоўных аб'ектаў горада — Старога замка і Фарнага касцёла, больш вядомага як Фара Вітаўта.

Варта ўдакладніць, што першы драўляны касцёл быў закладзены яшчэ Вітаўтам у 1389 годзе і неаднойчы перабудоўваўся. Аднак у 1584—1587 гадах па фундацыі Стэфана Баторыя пачалося будаўніцтва новага мураванага храма. Праектаванне прыпісваюць езуіту Яну Марыі Бернардоні і прыдворнаму архітэктару Юзафу Ройтэну, а вось непасрэдна будаўнічымі працамі кіраваў менавіта Антоніа дэ Грэп.

Вынікі яго працы мы можам бачыць на знакамітай гравюры Тамаша Макоўскага 1600 года, якая зафіксавала панараму горада таго часу.

Для забеспячэння такіх маштабных будоўляў дэ Грэп разгарнуў непадалёк ад Каложы вялікую вытворчасць цэглы і вапны. Фактычна гэта паклала пачатак бесперапыннаму мураванаму будаўніцтву ў горадзе над Нёманам.

Першы мулярскі цэх у краіне

Самай значнай заслугай дэ Грэпа стала арганізацыя прафесійнай супольнасці. У 1593 годзе ён атрымаў прывілей на стварэнне цэха муляроў у Горадні. Вельмі паказальны момант, што Горадня ў гэтым пытанні апярэдзіла нават сталічную Вільню, калі прасачыць храналогію ўзнікнення мулярскіх цэхаў у гарадах ВКЛ:

  1. Горадня — 1593 г.
  2. Вільня — 1595 г.
  3. Кобрын — 1619 г.
  4. Берасце — 1622 г.
  5. Смаленск — 1625 г.
  6. Менск — 1636 г.

Звяртае таксама на сябе ўвагу той факт, што Кобрын стаў трэцім горадам у краіне, дзе з'явілася прафесійнае аб'яднанне будаўнікоў, апярэдзіўшы нават такія ваяводскія цэнтры як Берасце і Менск.

Дакумент захаваў імёны майстроў, якія працавалі разам з дэ Грэпам. Гэта была сапраўдная інтэрнацыянальная каманда:

Новая эпоха ў будаўніцтва ў Гродна

Заснаванне цэха стала паваротным момантам. Калі раней, пачынаючы аж з XII стагоддзя, часу ўзвядзення першых гродзенскіх цэркваў і княжацкага хорама, мураванае будаўніцтва ў Горадні было эпізадычным, то з прыходам дэ Грэпа і яго каманды яно стала бесперапынным.

Што ж да самога Антоніа дэ Грэпа, то ён не стаў класічным «гастарбайтарам», які паехаў назад зарабіўшы. Пасля заканчэння каралеўскіх заказаў італьянец застаўся жыць у горадзе над Нёманам. Тут жылі і працавалі яго сыны Аляксандр і Грэгар. Дом дэ Грэпа стаяў непадалёк ад замка, і, магчыма, археолагі ў будучыні змогуць дакладна вызначыць месца яго знаходжання.

Гісторыя гэтага майстра — прыклад таго, як еўрапейскія спецыялісты прыносілі з сабой не толькі архітэктурныя стылі, але і новыя формы арганізацыі працы, якія змянялі эканоміку і аблічча нашых гарадоў.

Чытайце таксама:

«Украіна» была не толькі на поўдзень ад Беларусі, але і на ўсходзе ды поўначы

«Слова гасударава на вас такое — загадана паліць». Як расейцы разрабавалі і спалілі Віцебск: сведчанне відавочца трагедыі

Загадка арыентацыі старажытных храмаў. Чаму цэрквы павернуты не туды

Вуліцы Віленскія: чаму іх не было на Палессі і Падзвінні, але былі пад Оршай?

Каментары да артыкула