Для праваслаўных, а доўгі час і для каталіцкіх храмаў, існавала традыцыя арыентаваць алтар у бок усходу. У гэтым глыбокі сакральны сэнс. Але на практыцы амаль немагчыма знайсці святыню, скіраваную дакладна на ўсход. Часта арыентацыя храмаў, у тым ліку і ў Беларусі, настолькі моцна адхіляецца, што гэта цяжка спісаць на хібы ў разліках. Мы паспрабавалі разабрацца, што стаіць за гэтым — культурныя асаблівасці, астранамічныя разлікі ці нават фізічныя ўласцівасці Зямлі.

Беларускі гісторык Мікола Волкаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку звярнуў увагу на цікавую дэталь: найстарэйшыя храмы Вільні — сярод іх Пятніцкая царква, Прачысценскі сабор і касцёл Святога Мікалая — скіраваныя з істотным адхіленнем ад традыцыйнай для хрысціянскіх святыняў восі захад—усход.
Іх арыентацыя зрушаная прыкладна на 30 градусаў у бок поўначы — што даволі значна і выразна кантрастуе з большай дакладнасцю пазнейшых храмаў і патрабуе нейкага вытлумачэння.
Праблема арыентацыі храмаў, што адступаецца ад кананічнага кірунку на ўсход, ужо даўно выклікае зацікаўленасць даследчыкаў у Еўропе. Але агульнапрынятага тлумачэння, якое б ахапіла большую частку выпадкаў, дагэтуль няма.
«Усходняя» традыцыя
Арыентацыя хрысціянскага храма на ўзыход сонца звязвалася з сімвалічным Уваскрасеннем, а таксама з Нябесным Ерусалімам або з раем, які, як меркавалася, знаходзіўся на ўсходзе. З усходу хрысціяне таксама чакалі другога прышэсця Хрыста ў Судны дзень.
У кнізе прарока Езекііля (43:4) гаворыцца: «І слава Госпада ўвайшла ў храм праз браму, што выходзіць на ўсход». Пра прышэсце Хрыста з усходу гаворыцца і ў Евангеллі паводле Мацвея (24:27): «бо, як маланка бліскае з усходу і відна бывае аж да захаду, такі будзе прыход Сына Чалавечага».
У Апостальскіх пастановах, якія меркавана створаны ў Сірыі ў IV стагоддзі, гаворыцца, што алтарная частка царквы, апсіда і сакрысціі мусяць быць пабудаваны ва ўсходнім канцы храма, бо хрысціяне прывыклі маліцца тварам на ўсход.
На Захадзе, аднак, асабліва ў Рыме, спачатку панавала адваротная практыка. Усе раннія рымскія цэрквы, як і Ерусалімскі храм, мелі ўваход на ўсходзе, а алтар — на захадзе.

Толькі ў VIII—IX ст. у Рыме пачалі будаваць цэрквы з галоўным уваходам на захадзе і алтаром на ўсходзе. Відаць, на гэта паўплывала ўсходняя традыцыя. У VI стагоддзі візантыйскі імператар Юстыніян I аднавіў уладу над большай часткай Італіі. Буйныя хрысціянскія цэнтры Італіі, Равена і Рым, знаходзіліся пад уладай візантыйскіх імператараў і магутным усходнім уплывам, што адлюстравалася ў архітэктуры і мастацтве, якраз да сярэдзіны VIII стагоддзя.
З Італіі гэта традыцыя распаўсюдзілася на Франкскую дзяржаву, якая ахоплівала ўсю Заходнюю Еўропу. Да эпохі барока каталіцтва і праваслаўе прытрымлівалася, наколькі гэта было магчыма, арыентацыі храмаў на ўсход.
Ужо ў Сярэднявеччы ў арыентацыі храмаў на Захадзе важную ролю адыгрывала шчыльная гарадская планіроўка і гарадскія сцены, так што правіла магло парушацца. У эпоху рэнесансу і асабліва барока вярнуліся да цэнтрычных храмаў, у якіх арыентацыя па баках свету страчвала значэнне.

Карла Барамеа, міланскі архібіскуп і адзін з выбітных дзеячаў Контррэфармацыі XVI стагоддзя, у гонар якога нават асвечаны касцёл у Пінску, у інструкцыях да будаўніцтва храмаў выказваўся на карысць арыентацыі апсіды на ўсход, але дадаваў, што калі гэта немагчыма, то можна арыентаваць на поўдзень або нават на захад.
Канчаткова абавязковая арыентацыя храма на ўсход у заходняй традыцыі была адменена на Трыдэнцкім саборы 1545—1563 гадоў.
Недакладны ўсход
Большасць вядомых храмаў, як праваслаўных, так і каталіцкіх, якія нібыта зарыентаваныя на ўсход, насамрэч заўважна адхіляюцца ад восі захад-усход.
У некаторых храмаў арыентацыя абумоўлена тым, што яны ўзведзены на месцы іншага збудавання, напрыклад, антычнага перыяду, логіка размяшчэння якога была зусім іншай. Калі выключыць гэтыя выпадкі і тыя, калі арыентацыя храма была абумоўлена сціслымі ўмовамі, напрыклад, рэльефам ці гарадской сцяной,
большасць даследчыкаў сходзяцца ў меркаванні, што арыентацыя храма выбіралася па пункце на гарызонце, дзе ўзыходзіла сонца ў канкрэтны дзень.

Даследаванні, які праводзіліся ў Заходняй і Паўднёвай Еўропе, паказваюць супярэчлівыя вынікі наконт таго, на якія дні і чаму арыентаваліся будаўнікі храмаў. Натуральна, што можна вылучыць некалькі магчымых катэгорый дат, у якія маглі рабіцца такія вымярэнні:
- дзень асвячэння храма ці разбіўкі плана на мясцовасці;
- дзень тытулярнага святога;
- вялікія хрысціянскія святы;
- астранамічныя з’явы.
Менш відавочнымі з’яўляюцца выпадкі, калі манастырскія храмы маглі арыентавацца на ўзыход сонца ў дзень памяці заснавальніка ордэна, напрыклад, Святога Бенедыкта Нурсійскага для храмаў бенедыкцінцаў і Блажэннага Аўгусціна для храмаў аўгусцінцаў, ці ў асаблівыя дні паломніцтва.
Узімку сонца знаходзіцца максімальна нізка і ўзыходзіць бліжэй да поўдня, улетку наадварот — бліжэй да поўначы. І толькі двойчы на год, у дні раўнадзенства сонца ўзыходзіць дакладна на ўсходзе і заходзіць дакладна на захадзе. Першы такі перыяд, веснавое раўнадзенства, выпадае прыкладна на 21 сакавіка, другі, асенняе раўнадзенства, на 23 верасня.
Храмы, якія адхіляюцца апсідамі на поўнач, закладзены ва ўмоўна «летні» перыяд з канца сакавіка па канец верасня. Храмы, якія адхіляюцца да поўдня, адпаведна, ва ўмоўна «зімні» перыяд.
Можна заўважыць, што храмаў другога тыпу прапарцыйна менш. Гэта, відаць, тлумачыцца тым, што зімовы перыяд нават сёння лічыцца непрыдатным для будаўніцтва.
А яшчэ таму, што да даты веснавога раўнадзенства, 21 сакавіка, прывязана адзначэнне Вялікадня, які святкуецца ў першую нядзелю пасля першай поўні, якая з’яўляецца на небе не раней за дзень веснавога раўнадзенства.
Да Вялікадня ж, у сваю чаргу, прывязаныя такія важныя святы, як Узнясенне Гасподняе (праз 40 дзён), Пяцідзясятніца ці Тройца (праз 50 дзён). Таксама 15 жніўня адзначаецца Успенне Багародзіцы.
Куды зарыентаваны старажытныя храмы
З дапамогай сучасных сродкаў можна высветліць, у якія дні сонца ўзыходзіла там, куды зарыентаваная вось храма. Мы скарысталіся бясплатным сэрвісам Photo Ephemeris (можна выкарыстаць SunCalc ці любы іншы аналаг). Аранжавая лінія на карце паказвае туды, дзе зайшло сонца ў канкрэтны дзень любога года, а жоўтая — дзе ўзышло. Год пры выкарыстанні грыгарыянскага календара асаблівай ролі не адыгрывае, адхіленні па гадах нязначныя.
Вільня


Найперш праверым восі ўжо згаданых віленскіх храмаў:
- Пятніцкая царква (1345) — зарыентаваная на кропку, дзе сонца ўзыходзіць прыкладна 30 красавіка і 12 жніўня (такіх дат звычайна дзве).
- Прачысценскі сабор (1346) — 22 красавіка і 20 жніўня. Успенне (Прачыстая) адзначаецца 15 (28) жніўня, у 1346 годзе гэты дзень адпавядаў бы 23 жніўня, што даволі блізка да другой магчымай даты.
- Касцёл Святога Мікалая (1387) — 20 мая і 21 ліпеня. Дзень прыбыцця мошчаў святога ў Бары адзначаецца 9 (22) мая, у 1387 годзе гэты дзень адпавядаў бы 17 мая, што даволі блізка да першай магчымай даты.
Храмы значна адхіляюцца на поўнач, але больш сказаць пра гэта нешта цяжка — без дакладнага натурнага вымярэння арыентацыі храма вызначэнне канкрэтнага дня можа мець хібу ў некалькі дзён, што дазваляе пры жаданні пацвердзіць супадзенне з тытульным святам, а пры нежаданні — аспрэчыць.
Готыка ў Беларусі


Паглядзім гатычныя храмы на тэрыторыі сучаснай Беларусі:
- Міхайлаўская царква ў Сынкавічах (1320?) — 24 мая і 17 ліпеня. Найбліжэйшы дзень тытульнага святога толькі ў верасні.
- Касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Ішкалдзі (1449) — 8 сакавіка і 5 кастрычніка. Касцёл павернуты трошкі на поўдзень, а значыць, яго вось арыентавалася на сонца да вясенняга раўнадзенства і да Вялікадня. Тройца ж адзначаецца значна пазней пасля Вялікадня.
- Барысаглебская царква ў Навагрудку (1517—1519) — 7 чэрвеня і 1 ліпеня. Хутчэй за ўсё, звязана з летнім сонцастаяннем. Гатычны храм пабудаваны на старажытнарускім падмурку і з той жа арыентацыяй.
- Царква Раства Багародзіцы ў Мураванцы (1542) — 22 красавіка і 20 жніўня. Нараджэнне Багародзіцы па любым календары выпадае на верасень.
Сувязь арыентацыі беларускіх гатычных храмаў з тытульнымі святамі не прасочваецца зусім, а даты вельмі розняцца паміж сабой.
Старажытнарускія храмы

А вось са старажытнарускімі храмамі атрымалася нашмат цікавей:
- Сафійскі сабор у Полацку (да перабудовы) — 24 сакавіка і 19 верасня
- Спаса-Ефрасінеўская царква ў Полацку — тое ж самае.
- Дабравешчанская царква ў Віцебску — тое ж самае.
- Свірская царква на Смядыні ў Смаленску — 25 сакавіка і 17 верасня
- Царква Пятра і Паўла на Гарадзянцы ў Смаленску — тое ж самае
- Успенскі сабор у Смаленску — 18 мая і 24 ліпеня.
- Сафійскі сабор у Кіеве — 23 мая і 18 ліпеня.
- Міхайлаўскі сабор у Кіеве — адхіляецца на поўнач ад самай крайняя магчымай даты — 21 чэрвеня, дня летняга сонцастаяння.

Тут кідаецца ў вочы, што ўсе храмы Полацка і Віцебска маюць аднолькавую і дакладную арыентацыю на ўсход — у даты, якія вельмі блізкія да дат веснавога і асенняга раўнадзенства. Да іх жа далучаецца і Свірская царква ў Смаленску. Усе гэтыя храмы належаць да адной полацка-смаленскай школы дойлідства XII ст.

Цікава, што другая смаленская царква, якая належыць да чарнігаўска-кіеўскай школы канца XII ст., зарыентавана гэтак жа. А вось Успенскі сабор у Смаленску, пабудаваны ў пачатку XII ст. кіеўскімі князямі, відаць, зарыентаваны бліжэй да кіеўскай Сафіі, хоць пра яго арыентацыю можна меркаваць толькі па барочным храме на тым жа месцы.
Самай дзіўнай з захаваных старажытнарускіх храмаў аказалася Каложская царква. Яна арыентавала амаль ідэальна на ўсход, з нязначным ухілам на поўдзень. Яе маглі закласці прыкладна 17 сакавіка і 26 верасня.

Сувязь з тытульнымі святымі
Па Каложы можна таксама паспрабаваць праверыць, ці была ў часы Русі сувязь арыентацыі храма з днём тытульнага свята.
Царква была асвечана ў гонар мучанікаў Барыса і Глеба і ўзведзена ў 1180-я гг. З XII стагоддзя вядома святкаванне памяці святых 24 ліпеня, якое пастаянна сустракаецца ў рускіх месяцасловах таго часу.
Тады карысталіся юліянскім календаром, сёння гэты дзень выпадае на 6 жніўня, але ў канцы XII стагоддзя разыходжанне календароў было б іншым. 24 ліпеня 1180 года па юліянскім календары мусіць адпавядаць 31 ліпеня па грыгарыянскім, калі б ён існаваў тады. Гэтую дату важна ведаць, каб разумець месцазнаходжанне сонца ў той час.
Як бачна, паміж датай, на якую зарыентаваны храм і днём тытульных святых, прорва ў месяц.

Ёсць яшчэ два менш распаўсюджаныя памятныя дні, звязаныя з гэтымі святымі. Першы — дзень памяці князя Глеба, які адзначаецца 5 (18) верасня. У 1180 годзе гэта быў бы дзень 12 верасня — усё роўна вельмі далёка. Другі — 2 (15) мая, калі ў 1115 годзе былі перанесены мошчы ў новую царкву-пахавальню. Гэтую дату нават няма сэнсу разглядаць, бо яна знаходзіцца занадта далёка пасля 17 сакавіка.
Гэтая выснова патрабуе далейшага вывучэння, але выглядае, што і арыентацыя Каложскай царквы ніяк не звязаная з датай памяці тытульных святых. Храмы ў Полацку і Віцебску, якія зарыентаваны надзвычай падобна, маюць розныя тытулы, што таксама не пацвярджае гіпотэзу. Хутчэй, напрошваецца думка, што іхняя арыентацыя звязаная з адной архітэктурнай школай.
Нямецкія даследчыкі, як сцвярджаецца, зафіксавалі таксама, што цэрквы, прысвечаныя Марыі, арыентуюцца не на сонца, а на пункты ўзыходу Месяца ў час месяцастаяння, калі спадарожнік рухаецца па небе па сваім максімальным азімуце. З’ява, праўда, даволі рэдкая і адбываецца прыкладна кожныя 19 гадоў, што ставіць пад пытанне выкарыстанне яе ў якасці арыентыру для храмаў, якія ўзводзіліся яўна часцей.
Скрыўленыя сонцам
Вызначэнне арыентацыі храма па спадарожнікавых здымках далёкае ад навуковай дакладнасці. У першую чаргу праз недакладнасць самой здымкі і яе прывязкі да каардынат. Але ёсць і больш незвычайны фактар — многія храмы папросту крывыя.


Сучасных вымяральных інструментаў у тыя часы не было, недакладнасць форм у прынцыпе зразумелая. Але крывізна, «пералом» планаў некаторых храмаў, відавочна, абумоўлена як раз тым, што розныя іх часткі былі закладзены ў розны час і арыентаваліся на розныя пункты ўзыходу сонца.
Напрыклад, вылічана, што галоўны неф раманскага сабора ў аўстрыйскім Вінер-Нойштаце зарыентаваны на ўзыход сонца ў час Пяцідзясятніцы (Тройцы), 24 мая 1192 года — дзень, калі імператар перадаў аўстрыйскага герцагу Леапольду V уладу над Штырыяй. А вось алтарная частка сабора, зарыентавана на ўзыход сонца ў наступную Пяцідзясятніцу — 16 мая 1193 года.

Добра вывучаны прыклад царквы Святога Пятра ў аўстрыйскай вёсцы Мутмансдорф. Храм складаецца з больш старой раманскай часткі, пабуданавай у 1136 годзе, і гатычнай часткі, прыбудаванай у 1418 годзе.
Неф раманскай царквы зарыентаваны на ўзыход сонца 29 чэрвеня, калі адзначаецца дзень Святых Пятра і Паўла. Паўночная сцяна — зарыентавана на 7-ю нядзелю пасля Пяцідзясятніцы, паўднёвая — на 8-ю нядзелю пасля Пяцідзясятніцы, а колішняя апсіда — на 9-ю нядзелю пасля Пяцідзясятніцы.

Праз змяшчэнне месца, дзе ўзыходзіць сонца, храм, усе часткі якога зарыентаваныя ў розныя дні, набывае трапецападобную форму ў плане, а таксама скрыўленую апсіду.
Да гэтай апсіды пасля была прыбудаваная новая, гатычная, якая таксама арыентавалася на сонца. Яе паўночная сцяна зарыентавана на 22 ліпеня, дзень святой Марыі Магдаліны, а паўднёвая сцяна — на 9-ю нядзелю пасля Пяцідзясятніцы 1418 года. Гэта робіць храм яшчэ больш крывым.

Дарэчы, аўтарам даследавання давялося ўлічыць і той факт, што суседні пагорак закрывае сапраўдны ўзыход сонца, а таму на 9-ю нядзелю пасля Пяцідзясятніцы 1418 года яно ўзыходзіць над зямлёй не там, дзе можна было б чакаць пры разліках без уліку рэльефу.
Беларусь — раўнінная краіна, а старажытныя храмы збольшага будаваліся на тэрыторыі дзяцінцаў на ўзгорках або на роўнай мясцовасці, так што ў большасці выпадкаў рэльеф не мае значэння. А вось Вільня адрозніваецца ўзгорыстым рэльефам, які сапраўды мог бы ўплываць на вызначэнне месца ўзыходу сонца ў канкрэтны дзень. Высокія ўзгоркі на правым беразе ракі Вільні, дзе цяпер Тры крыжы, дакладна б уносілі карэктывы ў вызначэнне ўзыходу сонца.
У метадзе арыентацыі на ўзыход сонца ёсць адна нязручнасць. Калі паўстагоддзя таму клімат у Вільні быў такім жа, як цяпер, то ў большую частку года месца ўзыходу сонца проста нябачнае за шчыльнымі слаямі аблокаў. У заходняй Еўропе былі дастаткова падкаваныя навукова, захаваліся сведчанні, што пры закладцы каменя ў падмурак калегіяцкай царквы каля нямецкага Білефельда ў 939 годзе скарысталіся адмысловым прыборам і вызначылі кропку ўзыходу сонца ў поўдзень таго ж дня. Але ці маглі апераваць такімі ж дакладнымі інструментамі ў нашым рэгіёне нават на стагоддзі пазней? Мы ведаем недастаткова.
Што тычыцца скрыўлення храмаў, то для беларускіх храмаў вызначыць гэта няпростая задача. Рэч у тым, што іх дакладным і метадычным вывучэннем займаліся менш чым недастаткова. Усе планы захаваных храмаў маюць ідэалізаваны выгляд, дзе сапраўдныя формы падганяюцца пад геаметрычныя.


Але некаторыя цікавыя рэчы, якія могуць быць звязаныя з арыентацыяй на сонца, можна заўважыць. Напрыклад, у Барысаглебскай царкве ў Навагрудку сцены ў плане разыходзяцца ў бакі бліжэй да алтарнай часткі. Так магло б быць, калі б яе паўночную і паўднёвую сцены дойліды арыентавалі па ўзыходзе сонца з розніцай у месяц.


Цікавы план і ў Сынкавіцкай царквы, які можна пабачыць у кнігах Тамары Габрусь (у іншых выданнях ён даецца ідэалізавана роўным). План царквы скрыўлены, а вось цэнтральнага нефа не супадае з воссю апсід. Даследчык і рэстаўратар храма Генадзь Лаўрэцкі сцвярджае, што апсіды з'явіліся пазней за асноўны аб’ём, на што ўказваюць адсутнасць перавязкі муроўкі і меншая глыбіня падмуркаў. Мы можам падазраваць, што на план царквы паўплывала арыентацыя на сонца, але цяжэй адказаць, якім менавіта чынам.
Арыентацыя — поўнач
Не варта забываць пра тое, што звычайна для вызначэння кірунку на поўнач мы выкарыстоўваем магнітны компас. Гэтыя прылады ў Еўропе зафіксаваныя прынамсі з XII стагоддзя і актыўна выкарыстоўваліся маракамі. Нельга выключаць, што храмы, напрыклад, касцёл Святога Мікалая, пабудаваны нямецкімі купцамі, знаёмымі з марскім гандлем, маглі арыентавацца з дапамогай компасаў.
Але як жа патлумачыць тады такія вялікія адхіленні ад усходняга кірунку ў арыентацыі храмаў, калі выкарыстоўваўся такі дакладны інструмент вымярэння?
Магчыма, нехта яшчэ са школы памятае такі контрынтуітыўны факт: геаграфічны паўночны полюс не супадае з магнітным паўночным полюсам. Нашы карты пабудаваныя з арыентацыяй на паўночны геаграфічны полюс, бо там сходзяцца мерыдыяны, але стрэлка компаса паказвае на паўночны магнітны полюс. Сёння гэтыя полюсы вельмі блізкія адзін да аднаго, але 500 гадоў таму паміж імі было некалькі тысяч кіламетраў, бо магнітны полюс увесь час няспынна перамяшчаецца.

Існуе кансерватыўны разлік таго, дзе знаходзіўся паўночны магнітны полюс у апошнія стагоддзі. Найбольш ранні пункт датуецца 1590-м годам, калі полюс знаходзіўся ў праліве Вайкаўнт-Мэлвіл, які аддзяляе астравы Мэлвіл і Вікторыя ў Канадскім Арктычным архіпелагу. Пасля гэтага полюс рушыў на поўнач. Разгледжаныя віленскія храмы, праўда, пабудаваныя значна раней за гэтую дату, таму, экстрапалюючы рух полюса, можна меркаваць, што ў час іх будаўніцтва ён быў недзе яшчэ далей на поўдзень, на тэрыторыі вострава Вікторыя.


Сэрвіс Google Earth дазваляе пракласці «прамую» лінію па зямным шары ад гэтага месца да віленскіх храмаў. Гэтая лінія аказваецца блізкай да перпендыкулярнай да восі храмаў! На жаль, пацвердзіць гіпотэзу выкарыстання магнітнага компаса пры будаўніцтве, калі не захавалася дакладных сведчанняў, куды больш праблематычна.
Вывучэнне арыентацыі храмаў — гэта вобласць, якая можа дапамагчы зразумець некаторыя аспекты храмабудаўніцтва ў нашым рэгіёне і ўдакладніць гіпотэзы пра час і ўмовы ўзвядзення святыняў. Але пакуль арыентацыя храмаў ці асобных іх частак па баках свету — толькі цікавы факт, які можна інтэрпрэтаваць у тым ліку і ў памылковы бок.
Тым не менш сам падыход заслугоўвае ўвагі і можа адкрыць новыя гарызонты ў разуменні духоўнай і культурнай спадчыны краіны.
Найвядомейшая гістарычная выява Новага замка ў Гродне аказалася несапраўднай
Чорная смерць у Полацку. Навукоўцы знайшлі сведчанне эпідэміі XIV стагоддзя
Што за Італа-албанская каталіцкая царква, да якой належыць новы нунцый? І як гэта можа паспрыяць аднаўленню ўніяцтва ў Беларусі
Пры Мірскім замку ўзнаўляюць італьянскі сад XVIII стагоддзя. Комплекс чакае маштабная разбудова
Каментары
Па Палярнай зорцы можна было б вызначыць кірунак на поўнач, а потым правесці перпендыкуляр.
Трэ было нагадаць, што Пятніцкая царква заснавана літоўскім князем Альгердам. Ці пісаць праўду аб тым, што Літва была праваслаўнаю дзяржаваю забаронена?