«Ва Украіне ніхто не верыць, што там такое робіцца». Украінец, якога затрымалі ў Беларусі за два дні да вайны, расказаў пра пакуты за кратамі
Палітвязень Міхаіл Сталярчук з Украіны — адзін з 31 вызваленых украінцаў напрыканцы лістапада мінулага года. Яго разам з пляменнікам Дзмітрыем затрымалі за два дні да пачатку поўнамаштабнай вайны. З шасці прызначаных гадоў украінец адбыў амаль палову ў цяжкіх умовах у брэсцкім СІЗА і віцебскай калоніі. Да гадавіны пачатку поўнамаштабнай вайны Міхаіл расказаў «Вясне» пра катаванні падчас затрымання, надуманыя абвінавачванні, смерць Вадзіма Храсько, сведкам якой ён стаў, надзею ў зняволенні на хуткае вызваленне і цяжкую адаптацыю на волі.
Міхаіл Сталярчук падчас вызвалення. 22 лістапада 2025 года
«Надзелі мяшкі на галовы і павезлі з мяжы»
Міхаіл Сталярчук — з Ковеля Валынскай вобласці, тут ён жыве і цяпер са сваёй сям'ёй. Раней ён працаваў кіроўцам рэйсавага аўтобуса. З 2018 года да затрымання мужчына здзяйсняў паездкі па маршруце Ковель — Брэст. На тыдзень ён мог ездзіць па чатыры-пяць разоў у Беларусь. Гэта доўжылася цягам амаль чатырох гадоў, але 22 лютага 2022 года пасля вяртання рэйсам Брэст — Ковель Міхаіл быў затрыманы.
«Я вяртаўся з Брэста дадому ва Украіну. Са мной быў пляменнік, які працаваў на рэйсе кандуктарам, — Дзмітрый Гудзік. На памежным пункце пропуску «Макраны» супрацоўнікі КДБ (гэта я потым ужо зразумеў) у памежнай форме адразу адправілі мяне на праверку праз тое, што нібыта я вязу наркотыкі. У іх нібыта была інфармацыя пра гэта — шукалі або не шукалі потым, не ведаю.
У нас з пляменнікам забралі тэлефоны і відэарэгістратар з аўтобуса. Потым нам надзелі мяшкі на галовы і павезлі з мяжы. Нас вазілі гадзіны чатыры, і ў выніку прывезлі ў аддзел КДБ у Брэсце.
Калі я ехаў апошні раз у Брэст, 22 лютага, насустрач каля мяжы ехала калона вайсковай тэхнікі — расійская і беларуская. Гэта трапіла на відэарэгістратар. КДБ дапытвала з нагоды гэтага. Нас білі. Пыталіся, для чаго стаяць камеры ў аўтобусе. Мы казалі, што ў нас па ўсёй краіне відэарэгістратары стаяць, больш за тое, фірма яго ставіла ў наш аўтобус. Трое сутак нас трымалі ў памежным ІЧУ — увесь гэты час дапытвалі, на каго мы працуем».
«Білі рукамі, бутэлькай з вадой па нырках, электрашокерам»
Як успамінае мужчына, на чацвёртыя суткі іх з пляменнікам адвезлі ў Ленінскі РУУС Брэста. Там сказалі, што месяц іх пратрымаюць у ізалятары ў падрыхтоўцы да дэпартацыі.
«Па розных камерах з пляменнікам мы сядзелі каля 28 дзён. Потым нас пасадзілі ў адну камеру — мы думалі, што ўжо дадому нарэшце паедзем. Але праз два дні прынеслі крымінальнае абвінавачванне ў «агентурнай дзейнасці» — як быццам мы супрацоўнічалі са спецслужбамі Украіны.
Я быў у шоку ад гэтай крымінальнай справы. Я казаў, што відэарэгістратар паставіла нам фірма — незалежна ад таго, куды едзем: ці то ў Польшчу, ці то ва Украіну, ці то ў Беларусь. Мы да гэтага дачынення не маем.
Каб мы падпісалі абвінавачванне, нас збівалі. Катаванні доўжыліся два дні. Білі рукамі, бутэлькай з вадой па нырках, электрашокерам. На трэці ці чацвёрты дзень мяне прывялі да следчага, які пачаў пагражаць, што калі не падпішу, ён патэлефануе маёй жонцы і скажа, што мяне адпускаюць і няхай яна прыязджае, забірае. І дадаў: «Але ты не здзіўляйся, калі на мяжы ў яе знойдуць наркотыкі ды на гадоў 13 яна сядзе — так што, думай».
На гэтым я зрабіў прызнанне — запісаў «пакаяльнае відэа», дзе папрасіў на камеру прабачэння ў прэзідэнта і беларускага народа за свае дзеянні. Я пагадзіўся на гэта. Пасля гэтага яны перасталі здзекавацца і біць мяне».
«Адвакатка сказала падпісваць усе паперы»
Пра пачатак поўнамаштабнай вайны ва Украіне Міхаіл даведаўся толькі праз паўтара месяца:
«Было цяжка. Бо расказвалі, што вайна ідзе па ўсёй краіне, а ў мяне сваякі ды сям'я ва Украіне. Перажываў».
Мужчына ўспамінае, што пасля затрымання яму прызначалі адвакатку:
«У пачатку мяне мала выклікалі на допыты. Потым прыйшоў следчы з пытаннем, хто мне наняў адваката. Бо адразу была адвакатка ад іх, якая сказала падпісваць усе паперы. Я зразумеў, што яна мне не дапаможа, і адмовіўся ад яе. Потым мне сваякі нанялі адваката. Следчы пытаўся, хто гэта зрабіў, ці згодны я.
Праз некаторы час мяне прывезлі з КДБ на допыт з новай адвакаткай. Я паспеў з ёй пагутарыць дзве хвіліны, пакуль следчы не прыйшоў. Мы дамовіліся, што я буду думаць перад тым, як адказваць, а калі нешта не так, то яна паправіць мяне. На допыце яна паспрабавала мне дапамагчы адказаць, на што ёй следчы сказаў: «Ты рот замкні, бо заўтра будзеш сядзець у суседняй камеры з ім. З сённяшняга дня мы ведаем, якую ты бялізну носіш». Тут я зразумеў, што да чаго».
У Міхаіла ўзялі распіску аб неразгалошванні звестак крымінальнай справы:
«Калі я спытаў, навошта, следчы сказаў, што калі да мяне хтосьці будзе прыходзіць і пытацца пра што-небудзь, то я павінен буду толькі назваць артыкул і ўсё».
«Амаль увесь час я сядзеў без перадач»
У брэсцкі СІЗА мужчыну перавялі праз месяц пасля затрымання і ў хуткім часе яго паставілі на прафілактычны ўлік, як «схільнага да экстрэмісцкай ды іншай дэструктыўнай дзейнасці»:
«Пасля таго як мяне перавялі з камеры-адзіночкі ў агульную камеру, мяне адразу выклікалі і сказалі, што будзе прафулік. Мне сказалі, што трэба падпісаць паперы. Я адказаў, што нічога падпісваць не буду. Тады начальнік СІЗА сказаў, што мой подпіс ім не патрэбны, яны самі мяне паставяць на ўлік».
Два тыдні пасля ізалятара часовага ўтрымання Міхаіла трымалі ў камеры-адзіночцы, а потым перавялі ў агульную камеру, перыядычна адпраўлялі ў карцар. Агулам у СІЗА ён правёў 11 месяцаў да пераводу ў калонію:
«У адзіночцы мяне трымалі без матраца і рэчаў. Камера два на два. Цэлы дзень або сядзіш, або ходзіш туды-сюды. У агульнай камеры выпісвалі парушэнні за любую дробязь. Мяне адпраўлялі разоў з 10 у карцар — калі на 10 сутак, калі на пяць.
Амаль увесь час я сядзеў без перадач, бо сваякоў у Беларусі ў мяне не было. Ад старонніх людзей перадачы мне былі забароненыя нават у СІЗА, бо я палітычны. Адзін раз з Украіны праз Польшчу прыехала жонка, прывезла перадачу. Як толькі яна перасекла мяжу, яе выклікалі на допыт. Потым яе выклікалі ў КДБ — там яе дапытвалі гадзін з чатыры-пяць, палохалі. Потым яна яшчэ раз хацела прыехаць, але яе на мяжы ўжо не пусцілі.
Ёй сказалі, што яе «сваякі ўчынілі злачынства на тэрыторыі Беларусі, а іх наведванне не ёсць прычынай для ўезду ў Беларусь». Ёй паставілі пячатку ў пашпарт аб забароне. Яна мне казала, што паспрабуе яшчэ раз прыехаць, але я яе ўжо прасіў, каб яна не ехала, бо яе пасадзяць».
«Шэсць гадоў толькі на дапушчэнні — як так можна?!»
Суд на Міхаілам і яго пляменнікам Дзмітрыем праходзіў у закрытым рэжыме. Агулам было шэсць пасяджэнняў. Суддзя Андрэй Лешчанка прызначыў Міхаілу шэсць гадоў калоніі, а Дзмітрыю — пяць. Таксама па справе была апеляцыя ў Вярхоўным судзе, але прысуд пакінулі нязменным — у гэты час Міхаіла ўжо адправілі ў калонію.
Міхаіл Сталярчук і Дзмітрый Гудзік
«У матэрыялах справы ўсё было на дапушчэннях следства, што мы з Дзмітрыем «маглі супрацоўнічаць з рознымі спецслужбамі». Калі пракурорка запытала шэсць гадоў, то я ў яе спытаў: «Мяркую, што вы здраджваеце свайму мужу, што вы бераце хабары, але гэта ж маё дапушчэнне, у мяне няма доказаў. А вы запытваеце мне шэсць гадоў толькі на дапушчэнні — як так можна?!» Яна адказала на гэта так: «Сядай, будзе цяпер сем».
Я тэрміну нават ужо не здзівіўся… За год у СІЗА я бачыў, колькі ды за што людзей заязджае — я ўжо ўсё зразумеў. Я быў у шоку, што людзей садзяць за лайкі, за каментары! Такія тэрміны даюць ні за што! Я цяпер ва Украіне расказваю, што там адбываецца — усе ў шоку! Ніхто не верыць, што там такое робіцца і за такое людзі сядзяць».
Пра вынік суда і сутнасць абвінавачвання супраць Міхаіла і Дзмітрыя стала вядома з прапагандысцкага фільма АТН «Контрразведка. Аперацыі беларускага КДБ супраць спецслужбаў Захаду і Украіны». Сам мужчына ўбачыў сюжэт ужо знаходзячыся на волі:
«Мне было смешна з гэтага. Мала таго, што яны настройваюць супраць сябе свой народ, дык яшчэ і ўкраінскі».
«На момант вызвалення я сядзеў у ШІЗА ўжо больш за 30 сутак»
Адбываць тэрмін Міхаіла адправілі ў калонію № 3 «Віцьба». Дарога туды заняла каля сутак.
«У калонію мяне везлі ў кайданках — рукі назад. Рэчы як хочаш, так і нясі за сабою. У цягніку таксама рукі ў кайданках — нават не перашпілілі наперад. На дзень мяне пакідалі ў віцебскім СІЗА.
У першы дзень на «Віцьбе» мяне адразу пачалі палохаць, што адвязуць на «крытую». Першыя тры дні прайшлі спакойна, а потым праверка за праверкай. За «неадпаведнасць рэчаў у вопісу» мне далі 10 сутак штрафнога ізалятара (ШІЗА).
Калі я выйшаў з ШІЗА, то мяне накіравалі ўжо ў атрад. Там выпісвалі парушэнне за парушэннем. За любую дробязь, напрыклад, за расшпілены гузік вешалі парушэнні ды адпраўлялі ў ШІЗА. Першы год часта адпраўлялі ў ШІЗА. На месяц маглі кожныя два дні пісаць парушэнні. Калі не выйдзеш на працу або адмовішся, то адразу сутак з 90 ШІЗА або адразу на «крытую».
Я стараўся больш часу быць на працы, бо калі ў атрадзе застаешся, то адразу выпісваюць парушэнні за парушэннем. Нейкі час мяне не чапалі, а потым зноў пастаянныя парушэнні ды ШІЗА. На момант вызвалення я сядзеў у ШІЗА ўжо больш за 30 дзён. Начальнік калоніі прыходзіў і яшчэ 15 дзён дадаў ды сказаў, што, магчыма, мяне павязуць у Магілёў на «крытую» як «злоснага парушальніка».
Міхаіл адзначае нізкі ўзровень медычнай дапамогі ў калоніі:
«Я сам стараўся туды не хадзіць, бо дапамога ніякая. Знаёмы неяк пайшоў зуб вырваць, дык яму медработніца малатком здаровы зуб выбіла. Без уколу — без нічога. Нават не вырывала! Заходзіш у медчастку, а там малаток і зубіла ляжыць. Кажа, калі не той зуб, то выб'е іншы.
Калі хварэеш, там адна таблетка ад усяго. Я гіпертонік, таму мне цяжка там было. Пры затрыманні і катаваннях мне пашкодзілі зуб. Цяпер рабіў МРТ, а там косткі ўжо няма. За гэты час у зняволенні чатыры зубы вылецелі».
«Яму так блага стала, што ён упаў на бараку»
Былы палітвязень расказаў пра абставіны смерці асуджанага за данаты Вадзіма Храсько — ён стаў сведкам гэтага:
«У яго ўжо былі праблемы са здароўем. У студзені 2024 года ў яго была тэмпература і ён хадзіў у медчастку, але яго не прымалі там. Потым яму так дрэнна стала, што ён упаў на бараку. Супрацоўнікі самі напалохаліся ўжо. Выклікалі кантралёра і медыка. На насілках яго аднеслі ў медчастку, дзе ён адразу і памёр. Прыехала хуткая і забрала яго. Як потым казалі кантралёры, «ён згарэў за тры дні» — памёр ад запалення, як паказала ўскрыццё. Калі б на медчастцы яму зрабілі здымак і неяк дапамаглі, то гэтага не было б».
Мужчына адзначае, што да яго было прадузятае стаўленне не толькі праз палітычны артыкул, але і праз нацыянальнасць:
«Мне атраднік прама казаў: «Я вас хахлоў ненавіджу». На кожным кроку спрабавалі ўшчаміць і абразіць.
Але ў калоніі былі ўкраінцы не паводле палітычных артыкулаў — да іх стаўленне было лепшае. Мне адразу сказалі: ты ж разумееш, што ты з жоўтай біркай палітычны.
Некаторыя нармальна ставіліся, але прама казалі, што я павінен разумець, калі яны мне не выпішуць парушэнні, то будуць караць іх. Казалі, што ў іх негалосны ўказ — больш парушэнняў і ШІЗА выпісваць палітычным, пазбаўляць пасылак, званкоў, спатканняў. Усё, што ёсць — пазбаўляць.
Палітвязню ў Беларусі ўсё забаронена. Да гвалтаўнікоў, забойцаў было стаўленне лепшае, чым да палітычных. Там вельмі цяжка палітычным».
«Павінен разумець, што я ў іх у закладніках»
Былы палітвязень расказвае, што псіхалагічна трымацца дапамагалі думкі аб вызваленні:
«Першы час было цяжка. У 2023 годзе пачалі трохі адпускаць беларусаў па памілаванні. Была надзея, што і да мяне гэта калі-небудзь дойдзе. Таксама спадзяваўся, што мяне памяняюць. Гэтай надзеяй і жыў.
Мне следчы КДБ казаў, што я павінен разумець, што я ў іх у закладніках. Калі будзе трэба, тады цябе і адпусцяць. Можаш да канца тэрміну сядзець, а можаш і год пасядзець. Ад цябе нічога не залежыць».
Вызваленне Украінай групы зняволеных з Беларусі, у ліку якіх быў і Міхаіл. 22 лістапада 2025 года
Вызвалілі Міхаіла 22 лістапада 2025 года — Украіна тады вярнула 31 грамадзяніна сваёй краіны. Палітвязня вызвалялі з ШІЗА, дзе ён утрымліваўся больш за 30 сутак:
«Дзесьці а 16‑й гадзіне 21 лістапада да мяне прыйшлі кантралёры і сказалі забіраць рэчы ды ісці за імі. Я спытаў куды, але мне сказалі не задаваць лішніх пытанняў. Потым мне сказалі ісці на барак, збіраць свае ўсе рэчы ды ні з кім не размаўляць. Я так і зрабіў. Мяне адвялі ў пункт, як на этап, дзе цалкам абшманалі. У мяне забралі ўсе біркі і ўсе запісы. Ніхто нічога не казаў, куды мы едзем, толькі сказалі, што будзе спецэтап.
У той момант я не спадзяваўся нават, што паеду дадому, бо са мной было яшчэ тры чалавекі — яны былі не паводле палітычных артыкулаў (махлярства і наркотыкі). Калі б са мной былі яшчэ палітычныя, то можа я б зразумеў, што вызваляюць. Я ўжо падумаў, што можа ў Расію вязуць.
А першай гадзіне ночы прыйшоў старшы аператыўнік і сказаў, што прыехаў спецэтап. Сказалі апусціць галаву, нікуды не паварочвацца, надзелі кайданкі ззаду на рукі і мяшок на галаву. Нас пасадзілі ў мікрааўтобус. Я чуў, што так вызвалялі іншых, але гэта былі палітычныя. А са мной былі ўсе не палітычныя, таму ў мяне былі сумневы ад таго, куды я еду. Нас везлі так усю ноч, ніхто з намі не размаўляў. Хтосьці спрабаваў мяшок паправіць на галаве, дык яго білі па дарозе.
У нейкім лесе нас вывелі ў прыбіральню — таксама ў мяшках, толькі рукі наперад прышпілілі. Так мы ехалі прыблізна паўдня. Потым нас перасадзілі ў іншы бус, дзе былі яшчэ людзі. Трохі праехалі і нам сказалі, што нас вязуць да мяжы, што цяпер здымуць мяшкі і перададуць украінскаму боку.
Калі пад'ехалі, то яшчэ на беларускім баку знялі мяшкі, далі пакеты з бутэрбродамі і ваду — усю гэтую паказуху здымалі на відэа. Потым нас перасадзілі ў аўтобус і мы паехалі ва Украіну«.
«Засынаеш на пару хвілін і прачынаешся»
Міхаіл кажа, што да затрымання не ведаў пра палітычную сітуацыю ў Беларусі ды пра тыя масавыя рэпрэсіі, што адбываюцца з 2020 года:
«Я нічога пра гэта не ведаў. Чуў пра пратэсты 2020 года, але мяне ў той час гэта асабліва не цікавіла. Не ведаю, наколькі гэта праўда, але кажуць, што нават не ўсе беларусы ведаюць і разумеюць, што ў іх адбываецца ў краіне. Пакуль кагосьці не закране, ніхто не разумее да канца.
Я б нікому не раіў ехаць у Беларусь. На месцы беларусаў, якія выехалі праз рэпрэсіі, я б нават не думаў вяртацца».
Былы палітвязень цяпер знаходзіцца дома з сям'ёй, але ўсё адно працягвае сачыць за сітуацыяй з палітвязнямі Беларусі:
«У мяне ў зняволенні засталося шмат сяброў — усе яны палітычныя. Таму мне важна ведаць, выпусцілі каго-небудзь з іх або не. Са сваякамі некаторых з іх я падтрымліваю сувязь».
Мужчына на волі ўжо амаль тры месяцы, але прызнаецца, што адаптацыя праходзіць з цяжкасцю:
«Псіхалагічна складана. Не магу перастроіцца… Няма сну: больш не спіш, чым спіш. Засынаеш на пару хвілін і прачынаешся. Розныя думкі лезуць».
Чытайце таксама:
Двух украінцаў асудзілі ў Брэсце за «агентурную дзейнасць»
Выйшаў на свабоду палітвязень Міхаіл Сталярчук
Сталі вядомыя імёны яшчэ пяці ўкраінцаў, вызваленых 22 лістапада