Нечаканыя спалучэнні колераў у мужчынскай модзе гэтай вясной
Замест звыклай палітры шэрых, чорных і цёмна-сініх колераў дызайнеры прапануюць мужчынам кантрасныя камбінацыі.
Калекцыя вясна—лета 2026 японскага моднага брэнда Kolor, прадстаўленая на Тыдні моды ў Парыжы. Фота: Kolor
Як піша Le Monde, смелыя каляровыя спалучэнні вылучаюць мужчынскія калекцыі вясны і лета 2026 года. Сутнасць простая: яркія, дысанансныя кантрасты, вартыя каробкі з алоўкамі. Пры гэтым гаворка ідзе пра два ўзроўні смеласці: максімальны — калі спалучаюцца колеры, якія раней цяжка было ўявіць разам нават выпадкова, і больш стрыманы — з пастэльнымі акцэнтамі для асцярожных.
Калекцыя Dunhill вясна—лета 2026. Фота: Paul Smith
Пры гэтым фасоны застаюцца класічнымі і зразумелымі — пінжакі, касцюмы, кашулі, скураныя курткі. Змяняецца менавіта палітра. Напрыклад, жоўтая куртка можа спалучацца з ружовым світарам, а ярка-сінюю кашулю можа дапоўніць зялёны пінжак. Форма застаецца традыцыйнай, але колер робіць вобраз больш жывым.
Калекцыя Dior вясна—лета 2026. Фота: Dior
Такім чынам дызайнеры абнаўляюць класічны мужчынскі гардэроб без змены яго асновы. Замест таго, каб эксперыментаваць з канструкцыяй, яны працуюць з колерам.
Ёсць і яшчэ адзін фактар. Сучасная мода існуе ў лічбавай прасторы — у Instagram і TikTok. Яркія каляровыя блокі лепш выглядаюць на фота і відэа, хутчэй прыцягваюць увагу і вылучаюцца ў стужцы. У гэтым сэнсе кантрасныя спалучэнні — гэта яшчэ і спосаб быць заўважаным.
Паказ калекцыі Celine вясна—лета 2026 у Парыжы. Фота: Celine
На фоне рынку, дзе доўгі час дамінавалі нейтральныя базавыя рэчы, колер становіцца сродкам індывідуальнасці. Замест універсальнай «бяспечнай» гамы прапануецца выразнасць і характар.
Калекцыя Prada вясна—лета 2026. Фота: Prada
Гэты трэнд мае і больш шырокае значэнне. У той час як у грамадстве і ў інтэрнэце набіраюць моц рухі, якія настойваюць на жорсткім і вузкім разуменні «сапраўднай мужчынскасці», некаторыя дызайнеры прапануюць іншы наратыў — пра індывідуальнасць, разнастайнасць і свабоду стылю.