БЕЛ Ł РУС

На міжнародным тэатральным фестывалі ў Магілёве амаль усе пастаноўкі будуць з Расіі

25.02.2026 / 14:02

Мара Бадзяк

У свой час адзін з наймацнейшых міжнародных тэатральных фестываляў Беларусі ў гэтым годзе цягне хіба што на статус «саюзнага».

Сёлетні магілёўскі фестываль пройдзе з 20 па 27 сакавіка. У анонсе завабліваюць тым, што гледачоў чакае «17 магутных пастановак з Беларусі, Казахстана і Расіі».

Па факце з Расіі спектакляў будзе больш за ўсё, а з Казахстана заяўлены толькі адзін. Ды і прыедзе да нас Драматычны тэатр імя Дастаеўскага з горада Сямей з чэхаўскімі вадэвілямі.

Афіша Март-кантакта-2026. Крыніца: mdrama.by

Тэатры з Расіі таксама няроўна дыхаюць да Чэхава, таму гледачоў чакае і «Чайка», і «Дама з сабачкам». А яшчэ, напрыклад пушкінская «Пікавая дама» і «Яўген Анегін». Дарэчы, пры жаданні смаленскую «Пікавую даму» можна будзе параўнаць з варыянтам бачання з Гродна — абедзве пастаноўкі з узроставым цэнзам 16+, але замежная каштуе больш.

Не абыдзецца і без вайсковай тэмы — за гэта найперш адказныя госці з Ульянаўска з пастаноўкай «Заўтра была вайна». Рэлігійную ж тэматыку падыме Уладзімірскі тэатр драмы — тут вам і іконы, і духоўнае прасвятленне на базе аповедаў рускага пісьменніка Уладзіміра Салавухіна.

Сапраўднай пярлінай фэсту можна лічыць прывоз «Хутара» Беларускага тэатра лялек, пастаўленага рэжысёрам Яўгенам Карнягам па «Знаку бяды» Васіля Быкава. У Мінску ў гэты тэатр прабіцца заўсёды няпроста, таму гэта цудоўная магчымасць для некаторых жыхароў Магілёва пабачыць спектакль раней за мінчукоў.

Цана фестывальных квіткоў стартуе ад 25 рублёў.

Чытайце таксама:

«Здзек з твора Уладзіміра Сямёнавіча». Гледачы ў шоку ад прэм’ер па Караткевічу ў РТБД і Гомельскім моладзевым тэатры, не ўсе даседжваюць

Галоўным рэжысёрам Лялечнага тэатра стаў Яўген Карняг — чаму яго можна лічыць адной з асноўных зорак беларускага тэатра проста цяпер?

«Найчасцей да нас на кантроль прыходзіла Дрыга». Былы акцёр РТБД — пра цэнзуру ў тэатры, новага міністра культуры і здымкі ў польскай рэкламе

Каментары да артыкула