БЕЛ Ł РУС

Жанчына нарадзіла дзіця ў сельскай прыбіральні — і яно патанула. СК агучыў падрабязнасці

25.02.2026 / 15:43

Nashaniva.com

Выпадак адбыўся ў 2022 годзе ў вёсцы Хатоля Віцебскага раёна.

Ілюстрацыйнае фота

Мясцовая жыхарка нарадзіла ў прыбіральні дзяўчынку — тая ўпала ў выграбную яму і не падавала прыкмет жыцця. Следчы камітэт падзяліўся падрабязнасцямі гэтай гучнай справы, піша газета «Віцьбічы».

У жніўні 2022 года ў хуткую дапамогу патэлефанаваў жыхар вёскі Хатолі і расказаў: яго сужыцелька нарадзіла малое проста ў прыбіральні, і дзяўчынка ўпала ў выграбную яму. Медыкі, якія прыехалі на месца, былі шакаваныя ўбачаным: у яме быў труп нованароджанай.

— Падчас допыту мужчына казаў, што раніцай яго сяброўка прачнулася і пачала скардзіцца на болі ў жываце. Яна ведала, што цяжарная, але на ўлік у жаночую кансультацыю не станавілася.

Пра свой стан яна даведалася, яшчэ калі была на заробках у Расіі. Там зрабіла УГД, паставілі тэрмін цяжарнасці 17—18 тыдняў, пераканалася, што плод нармальны, — успамінае старшы следчы аддзела па расследаванні злачынстваў супраць асобы і грамадскай бяспекі СУ УСК па Віцебскай вобласці Анастасія Ялтушэнка. — Вярнуўшыся дадому, рыхтавацца да будучых родаў 39‑гадовая жанчына не спяшалася. Рэгулярна нават на позніх тэрмінах займалася цяжкай фізічнай працай і бесперапынна піла алкаголь. На допыце яна расказала, што народжанае дзіця не крычала, таму яна спакойна пайшла ў дом і расказала пра тое, што здарылася, сужыцелю.

Судмедэкспертыза паказала, што дзяўчынка была жывая і памерла ад механічнай асфіксіі з-за закрыцця дыхальных шляхоў змесцівам выграбной ямы. Таксама ў крыві малой знайшлі этылавы спірт.

Гэта сведчыць пра тое, што жанчына напярэдадні родаў ужывала спіртное. Высветлілася таксама, што фігурантка неаднаразова рабіла аборты і ад аднаго дзіцяці адмовілася яшчэ ў раддоме.

— Судова-псіхіятрычная экспертыза ўстанавіла, што падчас здзяйснення злачынства абвінавачваная магла ўсведамляць фактычны характар і грамадскую небяспеку сваіх дзеянняў. Па выніках расследавання жанчыне выстаўлена абвінавачанне па частцы 1 артыкула 144 «Прычыненне смерці па неасцярожнасці», — адзначыла Анастасія Ялтушэнка.

Падчас следства жанчына ўсё спісвала на выпадковасць і дзеянне алкаголю. Суд прыгаварыў яе да 2,5 года пазбаўлення волі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула