БЕЛ Ł РУС

«Гэты ўдар цяжка пераацаніць». Чым унікальная атака «Фламінга» на завод у Воткінску

25.02.2026 / 17:46

Nashaniva.com

На працягу студзеня-лютага ўкраінскі Генштаб паведаміў пра тры ўдары магутнымі ракетамі «Фламінга» па расійскай тэрыторыі. Апошні з іх стаў рэкордным па далёкасці і дакладнасці паражэння. Чым адметны гэты ўдар і чаго чакаць далей, разбіралася Украінская служба Бі-бі-сі.

Калаж: Украінская служба Бі-бі-сі

Упершыню пра прымяненне ракет FP-5 «Фламінга» вытворчасці прыватнай украінскай кампаніі Fire Point Генштаб УСУ пачаў паведамляць яшчэ ў лістападзе 2025 года, але без канкрэтыкі.

Так, напрыклад, 13 лістапада, інфармуючы пра паражэнне шэрагу нафтабаз і вайсковых аб'ектаў у Крыме і на тэрыторыі Расіі, украінскае вайсковае камандаванне згадала сярод іншых прымененых сродкаў і ракеты FP-5.

Ужо ў пачатку лютага бягучага Года генштаб паведаміў пра ўдар гэтай ракетай па расійскім палігоне «Капусцін Яр» (Астраханская вобласць) і агучыў яго наступствы.

Паводле інфармацыі камандавання УСУ, на тэрыторыі палігона адзін з ангараў быў «істотна пашкоджаны».

OSINT-аналітыкі, праўда, падзяліліся ў сваіх меркаваннях адносна эфектыўнасці гэтага ўдару. Адныя звярталі ўвагу на верагодныя пашкоджанні цэха, дзе збіралі часткі балістычнай ракеты «Арэшнік». Іншыя казалі, што бачных пашкоджанняў будынка няма, і верагодна, што ўкраінская ракета ўпала за некалькі дзясяткаў метраў ад палігона.

Ускладняла працэс верыфікацыі паражэнняў дрэннае надвор'е, якое ў гэтыя дні стаяла над палігонам і не дазваляла зрабіць якасныя спадарожнікавыя здымкі з космасу.

У ноч на 12 лютага быў нанесены яшчэ адзін ракетны ўдар «Фламінга». Цэллю быў буйны арсенал боепрыпасаў побач з пасёлкам Катлубань (Валгаградская вобласць), пазначана ў заяве ўкраінскага Генштаба.

Апублікаваныя OSINT-праектам «КіберБорошно» спадарожнікавыя здымкі паказваюць, што «Фламінга» пацэліла ў бункер для захоўвання боепрыпасаў плошчай 1,2 тысячы квадратных метраў на тэрыторыі арсенала. На фотаздымках бачныя істотныя пашкоджанні сховішча.

Усе гэтыя атакаваныя аб'екты размешчаныя на адлегласці 500—600 км ад тэрыторыі Украіны. Наступны удар «Фламінга» ў ноч з 20 на 21 лютага стаў яшчэ больш выніковым.

Рэкордны ўдар

У тую ноч украінская армія запусціла некалькі ракет «Фламінга» па вайсковым заводзе ў горадзе Воткінск (Удмурція, РФ).

Генеральны штаб УСУ паведаміў пра паражэнне гэтага аб'екта і пажар на яго тэрыторыі. Расійскія ўлады пацвердзілі толькі, што «адзін з аб'ектаў» быў атакаваны, але не ракетамі, а дронамі.

«Адзін з аб'ектаў у рэспубліцы падвергся атацы беспілотнікаў з боку кіеўскага рэжыму. Паводле аператыўных даных, ёсць пашкоджанні і пацярпелыя», — заявіў тады губернатар Удмурціі Аляксандр Брачалаў.

Раней украінскія дальнабойныя БПЛА ўжо атакавалі вайсковыя прадпрыемствы ў гэтым аддаленым рэгіёне РФ. Так, 1 ліпеня 2025 года некалькі дронаў СБУ пацэлілі ў электрамеханічны завод «Купал», які размешчаны ў Іжэўску — сталіцы Удмурціі.

Гэты завод вырабляе зенітна-ракетныя комплексы для расійскай арміі.

Запуск ракеты «Фламінга» 20 лютага. Відэа апублікаваў галоўны інжынер Fire Point Дзяніс Штылерман. Фота: Fire Point

Аднак упершыню на такую далёкую адлегласць — больш за 1500 км — прыляцелі не БПЛА, а звышмагутныя крылатыя ракеты ўкраінскай вытворчасці.

Больш за тое, кіраўніцтва Fire Point на прэс-канферэнцыі 21 лютага паведаміла журналістам, што гэта быў рэкордны па далёкасці ўдар крылатай ракетай.

Паводле даных крыніц Бі-бі-сі ў Сілах абароны Украіны, «Фламінга» ў ноч на 21 лютага пераадолела адлегласць каля 1700 км. Заяўленая вытворцам лімітная далёкасць гэтых ракет — да 3 000 км.

«Гэта быў самы доўгі ўдар крылатай ракетай у гісторыі… І гэта яшчэ быў не максімум магчымасцяў «Фламінга», — заявіла тэхнічная дырэктарка Fire Point Ірына Церах.

Як гэта ўдалося

«Фламінга» з'яўляецца даволі буйной ракетай з размахам крылаў 7 метраў і баявой часткай каля адной тоны. Узлётная вага складае наогул каля 6 тон.

Яна запускаецца з наземнай пускавой устаноўкі і можа ляцець да цэлі на даволі нізкіх вышынях (вытворца пазначае вышыннасць ад 20 м да 10 км). Пры гэтым крэйсерская хуткасць палёту складае 650—700 км/г, а максімальная — да 950 км/г.

То-бок гэта вельмі вялікая і адносна павольная цэль. Да прыкладу, расійская крылатая ракета «Калібр» мае заяўленую хуткасць каля 1000 км/г і баявую частку каля 450 кг.

Дык якім чынам украінская «Фламінга» змагла непрыкметна праляцець амаль усю еўрапейскую частку Расіі і паразіць цэль?

Кіраўнікі FP на прэс-канферэнцыі не раскрылі гэтых падрабязнасцяў, але заўважылі, што поспех у тым ліку прынесла змена тактыкі прымянення ракет.

«Мінулы раз на прэс-канферэнцыі (у лістападзе 2025 года, — Рэд.) мы сказалі, што падбіраем тактыку прымянення і, мне здаецца, мы яе падціснулі», — заявіў саўладальнік кампаніі Ягор Скалыга.

Галоўны інжынер Дзяніс Штылерман акцэнтаваў увагу на тым, што «Фламінга» як ракета пастаянна ўдасканальваецца, у прыватнасці ў плане навігацыі па мясцовасці.

«Мы пастаянна працуем над гэтым, і як толькі ў нас будуць карты мясцовасці з пагрэшнасцю недзе 1 м па вышыні, то мы зможам выкарыстоўваць сістэму TERCOM (Terrain Contour Matching — сістэма арыентацыі па контуры мясцовасці, якая выкарыстоўваецца ў амерыканскіх ракетах) і лётаць зусім без GPS. Мы і цяпер лётаем практычна заўсёды без GPS… Пакуль у нас такіх картаў няма, на вялікі жаль, таму мы выкарыстоўваем іншыя сродкі карэкціроўкі», — сказаў ён.

Часткі ракеты «Фламінга», прадэманстраваныя ВВС на адной з вытворчасцяў кампаніі Fire Point

Вайсковы аналітык і авіяцыйны інжынер Канстанцін Крывалап патлумачыў Украінскай службе Бі-бі-сі, што паспяховасць палёту крылатай ракеты забяспечылі некалькі фактараў.

Па-першае, «Фламінга», верагодна, змагла праляцець на надзвычай малых вышынях вельмі значную адлегласць па тэрыторыі РФ.

«Мяркуючы па ўсім, у ракеце «Фламінга» рэалізаваныя прынцыпы, якія дазваляюць ёй ісці вельмі нізка. Я думаю, што паляпшэнне сістэм гэтай ракеты тычылася менавіта памяншэння вышыні… Расіяне яе фактычна не бачылі», — тлумачыць эксперт.

Напрыклад, перадавая расійская сістэма СПА С-400, кажа інжынер, здольная сваім радарам выяўляць паветраныя аб'екты на адлегласці да 400 км, але ў выпадку, калі яны ідуць на значнай вышыні, а не каля паверхні зямлі.

Па-другое, украінская ракета відавочна змагла абысці раёны РФ, дзе самае шчыльнае прыкрыццё сістэм супрацьпаветранай абароны (СПА).

«Расійская сістэма СПА засяроджаная, груба кажучы, толькі ў трох асноўных лакацыях», — кажа Крывалап.

Паводле яго слоў, самае моцнае паветранае прыкрыццё — каля Масквы і Маскоўскай вобласці, у Крыме і ўздоўж дзяржаўнай мяжы ды лініі баявога сутыкнення.

«То-бок, калі пераадолець мяжу і не заглыбляцца ў бок Маскоўскай вобласці, то далей фактычна сродкаў СПА няма. І нават калі ёсць назіранне, то-бок разуменне, дзе ляціць ракета, то там няма сродкаў для збіцця».

Акрамя таго, на яго думку, распрацоўшчыкам удалося палепшыць дакладнасць «Фламінга». Паводле яго ацэнак, кругавое верагоднае адхіленне падчас удару па Воткінскім заводзе склала не больш за 10 метраў.

Куды пацэлілі

Крыніца Бі-бі-сі ў Сілах абароны Украіны пацвярджае інфармацыю пра высокую дакладнасць удару.

Паводле яе слоў, ракета знішчыла два цэхі завода. У адзін яна непасрэдна пацэліла, а другі пацярпеў ад аскалёпкаў.

«У выніку трапляння адной ракеты «Фламінга» з баявой часткай 1150 кілаграмаў быў цалкам знішчаны корпус завода нумар 19 — гальвана-штамповачны цэх. Суседні цэх таксама быў знішчаны ў выніку пажару, выкліканага разлётам цырконіевых аскепкаў ракеты», — сказаў суразмоўца.

Такіх вынікаў удалося дасягнуць дзякуючы мадыфікацыі баявой часткі «Фламінга», прызначанай для паражэння менавіта буйнагабарытных цэляў.

Спадарожнікавыя здымкі, апублікаваныя OSINT-праектамі, на наступны дзень пасля ўдару зафіксавалі вялікую дзірку ў столі аднаго з цэхаў Воткінскага завода памерамі прыкладна 30 на 24 метры.

РФ наступствы ўдару па прадпрыемстве не каментавала.

Дзірка на даху аднаго з будынкаў Воткінскага завода пасля ўдару «Фламінга». Крыніцы ВВС кажуць, што пацярпеў гальвана-штамповачны і яшчэ адзін суседні цэх. Фота: «Кіберборошно»

І гэта пры тым, што менавіта гэты завод мае крытычнае значэнне для расійскага абаронна-прамысловага комплексу, кажа Бі-бі-сі эксперт па расійскіх узброеных сілах, старшы навуковы супрацоўнік Джэймстаўнскага фонду (ЗША) Павел Лузін.

«Удар па Воткінскім заводзе цяжка пераацаніць — гэта адзіны завод у Расіі, які выпускае міжкантынентальныя балістычныя ракеты «Ярс», балістычныя ракеты падводных лодак «Булава» і тактычныя балістычныя ракеты «Іскандэр», — заўважае аналітык.

Менавіта балістычныя ракеты «Іскандэр» былі ключавым элементам кампаніі паветраных атак на ўкраінскую энергетыку ўзімку 2025—2026 гадоў. За няпоўныя тры месяцы РФ выпусціла амаль 200 гэтых ракет, з якіх збіць удалося толькі каля траціны.

Паводле даных дарадцы міністра абароны Украіны Сяргея Бяскрэстнава (пазыўны «Флэш»), Расія зараз вырабляе 60 «Іскандэраў» у месяц, і яны на 90% складаюцца з расійскіх камплектуючых.

Як адзначыў Павел Лузін, гальвана-штамповачны цэх, які пацярпеў ад удару, адказвае за частку тэхналагічнага працэсу вытворчасці корпусаў ракет, і яго паражэнне «на некаторы час» павінна скараціць вытворчыя магчымасці прадпрыемства.

Авіяэксперт Канстанцін Крывалап лічыць, што знішчэнне менавіта гэтага цэха замарудзіць працэс вытворчасці балістыкі ў РФ мінімум на 3—6 месяцаў.

«Гэты цэх — гэта пачатак наогул вытворчасці таго, з чаго потым складаецца ракета. Калі ў вас не будзе той «жалязякі», якая спачатку праходзіць штампоўку, а потым апрацоўваецца ў гальванацэху, то вам няма з чаго збіраць ракету», — тлумачыць эксперт.

На яго думку, мікраэлектроніку для балістыкі РФ магла атрымліваць з-за мяжы, але зборка корпусаў праходзіла толькі на Воткінскім заводзе.

Што далей

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 14 лютага паведаміў пра тое, што РФ атакавала завод па вытворчасці «Фламінга», і гэта замарудзіла выпуск гэтай зброі.

«У нас былі тэхнічныя праблемы… Адна з нашых буйных вытворчых ліній была знішчана ракетамі — расійскімі ракетамі. Цяпер я магу пра гэта казаць, бо вытворчасць ужо рэлакавалі і пачалі часткова аднаўляць. Перазапуск працягваецца», — сказаў Зяленскі.

У кампаніі Fire Point ухіліста адказалі ВВС пра наступствы гэтага ўдару, але запэўнілі, што ён не адбіўся на выкананні дзяржкантрактаў па вытворчасці ракет.

«Я не хачу зазначаць ні калі, ні як, ні дзе (гэта адбылося) і што было страчана. Але я магу сказаць, што пасля абсалютна кожнага прылёту мы бачым, наколькі ў нас атрымалася пабудаваць устойлівую сістэму. Таму што, нягледзячы на гэтыя ваенныя страты, нам удаецца пазбегнуць чалавечых страт, што з'яўляецца самым важным. Што тычыцца матэрыяльнага, то цяпер сістэма настолькі дыверсіфікаваная і настолькі моцная, што гэта, так, непрыемна па грошах, але гэта ніяк не ўплывае і ні разу нават на дзень не затрымала здачу дзяржаўных кантрактаў», — заявіла тэхнічная дырэктарка Fire Point Ірына Церах.

Пры гэтым яна адзначыла, што запланаванае нарошчванне тэмпаў вытворчасці «Фламінга» ўпіраецца ў абмежаванасць фінансавання з боку дзяржавы.

Тэхнічная дырэктарка Fire Point Ірына Церах кажа, што маштабаванне вытворчасці «Фламінга» ўпіраецца ў абмежаванасць дзяржаўнага фінансавання. Фота: Fire Point

У другой палове 2025 года кіраўніцтва FP публічна заяўляла пра выраб каля 50 гэтых ракет у месяц і планы павялічыць яго да 200.

«Ёсць пытанне нашых вытворчых магчымасцяў і ёсць пытанне іх кантрактацыі. Сёння яны не на адным узроўні… Нашай краіне зараз вельмі цяжка, ёсць шмат прыярытэтаў, якія трэба пакрываць. Не ракетнай праграмай адзінай… Таму мы вельмі спадзяемся на дапамогу партнёраў», — пракаментавала гэтае пытанне Ірына Церах.

Паводле яе слоў, цяпер кампанія, акрамя вырабу крылатых ракет, таксама засяроджаная на стварэнні ўласнай балістыкі. Ужо пабудаваны адпаведны завод, а першыя ўзоры балістычных ракет праходзяць неабходныя выпрабаванні для праходжання кадыфікацыі ў Мінабароны Украіны.

Тэхнічная дырэктарка кампаніі прагназуе, што пытанне балістыкі вырашыцца на працягу «наступных некалькіх тыдняў».

Чытайце таксама:

З’явілася ВІДЭА моманту ўдару ўкраінскай ракеты «Фламінга» па Воткінскім заводзе, дзе вырабляюць «Іскандэры»

Спадарожнікавыя здымкі пацвердзілі сур’ёзныя разбурэнні на Воткінскім заводзе, дзе робяць «Іскандэры»

Украінцы атакавалі завод у Удмурціі, на якім робяць «Іскандэры» і «Арэшнік»

Мінабароны РФ упершыню прызнала ўдары па Расіі новымі ўкраінскімі ракетамі «Фламінга»

Куды знікла «самая паспяховая ракета» Украіны «Фламінга»?

Украінская ракета «Фламінга» ў нечым лепшая за амерыканскія «Тамагаўкі»

Каментары да артыкула