У Луўры пасля «рабавання стагоддзя» памянялі дырэктара
У парыжскім Луўры памянялі дырэктара пасля гучнага рабавання, якое славуты музей перажыў восенню мінулага года. Ларанс дэ Кар пакінула пасаду кіраўніцы музея праз чатыры месяцы пасля інцыдэнту. Яе пераемнікам стаў гісторык мастацтва Крыстоф Лерыбо, які раней узначальваў Версальскі палац. Пра прызначэнне новага дырэктара абвясціла прадстаўніца ўрада Францыі.
Ларанс дэ Кар. Фота: Wikimedia Commons
Раней Лерыбо таксама кіраваў музеем Арсэ ў Парыжы. Паводле Міністэрства культуры Францыі, яго галоўнымі задачамі стануць узмацненне бяспекі музея і яго мадэрнізацыя. Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон раней анансаваў план абнаўлення Луўра на суму 800 мільёнаў еўра.
Рашэнне аб адстаўцы папярэдняй кіраўніцы было прынята пасля публікацыі справаздачы парламенцкай камісіі, прысвечанай «рабаванню стагоддзя». У дакуменце адзначалася, што кіраўніцтва музея часткова нясе адказнасць за недахопы ў сістэме бяспекі. Камісія заявіла, што існаваў шэраг пралікаў, якія ў іншых краінах маглі б прывесці да адстаўкі.
Ларанс дэ Кар сама прапанавала пайсці з пасады ўжо на наступны дзень пасля рабавання, аднак тады міністарка культуры адмовілася прыняць яе адстаўку. Цяпер жа яе адстаўку зацвердзіў прэзідэнт Францыі.
У кастрычніку мінулага года чацвёра зламыснікаў скралі з Луўра частку французскіх каралеўскіх рэгалій коштам каля 88 мільёнаў еўра. Гістарычная каштоўнасць гэтых прадметаў значна перавышае іх грашовую ацэнку. Пакуль што скрадзенае не знойдзена.
Пасля гэтага інцыдэнту музей неаднаразова трапляў у негатыўныя навіны — праз затапленні, забастоўкі і падазрэнні ў маштабных махлярствах з квіткамі.
Чытайце таксама:
У Луўры актывісты павесілі здымак былога прынца Эндру
Луўр зноў заліло, пацярпеў твор мастацтва XIX стагоддзя
Луўр значна павысіў цэны для наведвальнікаў не з Еўрасаюза
Падазраваны ў рабаванні Луўра расказаў пра замову ад «мужчын са славянскім акцэнтам»
Пасля выкрадання каштоўнасцей з Луўра, яго скарбы схавалі ў падземным сховішчы Банка Францыі