БЕЛ Ł РУС

На некаторых рэках лёд ужо хутка растае

26.02.2026 / 00:19

Nashaniva.com

Гідролагі паведамілі, што ў Беларусі пачалося раставанне лёду на асобных рэках, найперш у паўднёвых і паўднёва-заходніх рэгіёнах, піша БелТА.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: freepik.com

Як паведамляецца, ужо вызваліліся ад лёду некаторыя прытокі Нёмана і Сожа. Цалкам ачысцілася ад ледзяных утварэнняў рака Свіслач каля вёскі Дзіневічы Бераставіцкага раёна.

Па стане на 25 лютага на большасці рэк захоўваецца ледастаў або ледастаў з палонкамі. Таўшчыня лёду складае ад 13 да 45 сантыметраў. У паўднёвых і паўднёва-заходніх раёнах павялічыліся палонкі і закраіны, месцамі з’яўляецца вада на лёдзе.

На буйных вадасховішчах — Вілейскім, Чыгірынскім, Салігорскім, Заслаўскім, Красная Слабада — а таксама на азёрах Нарач, Дрывяты, Чырвонае і Лукомскае захоўваецца суцэльнае ледзяное покрыва таўшчынёй ад 20 да 42 сантыметраў.

Рост узроўню вады на 1—14 сантыметраў за суткі адзначаецца ў басейнах Нёмана, Віліі, Прыпяці, на Дняпры ў раёне Оршы і Лоева, на Бярэзіне каля Барысава, на Сожы ў Гомелі і на шэрагу іх прытокаў. Найбольш інтэнсіўны пад’ём — да 50 сантыметраў за суткі — назіраецца на рэках басейна Буга.

На рацэ Пціч каля вёскі Першая Слабодка Петрыкаўскага раёна ўзровень вады ўжо перавысіў адзнаку выхаду на пойму. У найбліжэйшыя суткі такая сітуацыя прагназуецца і на Віліі каля аграгарадка Сцешыцы Вілейскага раёна.

Паводле прагнозаў, на рэках басейнаў Нёмана, Віліі, Буга і Прыпяці рост узроўню вады працягнецца, а лёд будзе далей раставаць. У басейнах Дзвіны, Дняпра, Бярэзіны і Сожа істотных змен у ледзяной абстаноўцы пакуль не чакаецца.

Чытайце таксама:

На Брэстчыне ўжо пачаліся вясновыя паводкі ВІДЭА

У Беларусі рыхтуюцца да вясновай паводкі

Белгідрамет папярэдзіў пра магчымасць вялікай вясновай паводкі

Каментары да артыкула