Колькі разоў за жыццё мы перажываем палкае каханне?
Прынята лічыць, што сапраўднае, палкае каханне — з’ява рэдкая, ледзь не ўнікальная падзея ў лёсе чалавека. Але ці так гэта насамрэч? Маштабнае даследаванне з удзелам больш як 10 тысяч чалавек ва ўзросце ад 18 да 99 гадоў дазволіла зірнуць на рамантычныя пачуцці праз прызму статыстыкі. І атрыманыя лічбы прымушаюць задумацца.
Ілюстрацыйнае фота: LookByMedia
Паводле класічнай трохкампанентнай тэорыі кахання псіхолага Роберта Стэрнберга, яно складаецца з блізкасці, адданасці і жарсці.
Палкае каханне — гэта форма, у якой страсць выходзіць на першы план. Яна характарызуецца ўзмоцненым фізіялагічным узбуджэннем, моцнай тугой па каханым чалавеку і яго ідэалізацыяй.
Па сваёй прыродзе гэта пачуццё нестабільнае: яно можа ўспыхваць на пачатку адносін, а з часам змяняцца, саступаючы месца больш спакойнай форме рамантычнай прыхільнасці.
Даследчыкі дзесяцігоддзямі вывучалі механізмы ўзнікнення жарсці — яе ўплыву на мозг, паводзіны і эмацыйны стан. Існуюць шматлікія працы пра тое, як гэта пачуццё ўзнікае і як яно праяўляецца. Аднак пытанне пра тое, колькі разоў у жыцці чалавек перажывае жарсць, заставалася амаль не вывучаным: ранейшыя працы звычайна грунтаваліся на невялікіх выбарках і не давалі поўнай карціны.
Каб запоўніць гэты прабел, амерыканскія даследчыкі прааналізавалі адказы 10 036 адзінокіх дарослых жыхароў ЗША. Кожнаму задалі прамое пытанне: колькі разоў у жыцці вы перажывалі палкае каханне (passionate love)? Рэспандэнты павінны былі назваць канкрэтную лічбу.
Пасля апрацоўкі ўсіх адказаў высветлілася: у сярэднім на аднаго чалавека прыпадае 2,05 такога досведу — крыху больш за два выпадкі за жыццё.
Больш падрабязная карціна выглядае так: 27,8% апытаных паведамілі, што перажывалі палкае каханне аднойчы, 30,3% — двойчы, 16,8% — тры разы. Чатыры і больш такіх эпізодаў адзначылі 10,9% удзельнікаў. Разам з тым 14,2% дарослых заявілі, што ніколі ў жыцці не адчувалі падобнага пачуцця.
Аўтары падкрэсліваюць: адсутнасць такога досведу не з’яўляецца адхіленнем або паталогіяй. Гэта даволі распаўсюджаная з’ява, якая ўкладваецца ў натуральную разнастайнасць рамантычных біяграфій.
У цэлым вынікі паказваюць, што страсць мае эпізадычны і нестабільны характар. Яна не з’яўляецца пастаянным станам, а ўзнікае ў пэўныя перыяды жыцця. Даследчыкі таксама звяртаюць увагу на магчымы ўплыў памяці: найбольш яркія або апошнія адносіны могуць зацямняць папярэднія, што ўплывае на тое, як людзі ацэньваюць свой мінулы рамантычны досвед.
Былі выяўлены і дэмаграфічныя адрозненні, хоць яны аказаліся невялікімі. Мужчыны ў сярэднім паведамлялі пра крыху большую колькасць выпадкаў страсці, чым жанчыны (2,01 супраць 1,83). Найбольш выразна гэта праяўлялася сярод гетэрасэксуальных удзельнікаў: у гэтай групе мужчыны паведамлялі пра большы досвед палкага кахання, чым жанчыны. Сярод геяў, лесбіянак і бісэксуальных удзельнікаў істотных гендарных адрозненняў не выявілі.
Узрост таксама быў звязаны з колькасцю выпадкаў, але сувязь аказалася вельмі слабой. Старэйшыя ўдзельнікі паведамлялі пра крыху большы агульны досвед. Аўтары тлумачаць гэта перадусім тым, што людзі, якія пражылі даўжэй, мелі больш часу і магчымасцяў для адносін. Невялікі памер эфекту можа сведчыць, што новыя эпізоды палкага кахання ў сталым узросце ўзнікаюць адносна нячаста.
Разам з тым даследаванне мае абмежаванні. У ім удзельнічалі толькі адзінокія дарослыя з ЗША, таму вынікі нельга аўтаматычна распаўсюджваць на людзей у шлюбе або на іншыя культурныя кантэксты. Акрамя таго, паняцце passionate love (палкае каханне) у апытанні спецыяльна не вызначалася, таму ўдзельнікі маглі разумець яго па-рознаму.
Тым не менш гэта адно з найбольш маштабных даследаванняў, якое спрабуе адказаць на простае, але фундаментальнае пытанне: колькі разоў у жыцці чалавек перажывае страсць. І атрыманыя дадзеныя не падтрымліваюць распаўсюджаную думку, нібы палкае каханне — гэта пачуццё, якое абавязкова перажывае кожны і толькі аднойчы.
Чытайце таксама:
Чаму мы ўлюбляемся? Навукоўцы абвяргаюць стэрэатыпы