Як асвоілася Святлана Ціханоўская ў Варшаве і ці ўжо пайшла на бокс? Распыталі
У пачатку лютага лідарка распачала сваю працу ў Варшаве, куды пераехала з часткай каманды пасля зніжэння ўзроўню аховы ў Літве.
Гэты месяц для Святланы Ціханоўскай быў насычаным на міжнародныя паездкі і лакальныя сустрэчы: Мюнхенская канферэнцыя па бяспецы, сустрэча-брыфінг амбасадараў Камітэта міністраў Рады Еўропы ў Страсбургу, размовы з беларускімі культурнымі дзеячамі Варшавы, добраахвотнікамі, арганізацыямі, якія дапамагаюць палітвязням.
Але ці атрымалася азірнуцца і ацаніць Варшаву як новы дом? Ці знайшлося ўжо месца пад новы офіс? І ці закрылася пытанне з касметолагам і трэнерам па боксе, якіх Ціханоўская шукала праз Threads?
Святлана Ціханоўская. Фота: Getty Images
«Наша Ніва»: Як вам адчуванне сябе ў Варшаве на кантрасце з Вільняй — што нязвыкла? У вас усё ж праскоквала раней, што Вільня стала домам.
Святлана Ціханоўская: Так, Вільня сапраўды для мяне была як дом. Але і застаецца таксама. У самы цяжкі момант Літва прыняла нас і працягнула руку дапамогі, за што я вельмі ўдзячная.
А адчуванне дома мне заўсёды даюць беларусы. І тут, у Варшаве, іх вельмі шмат (і сумна, і радасна адначасова ад гэтага).
«НН»: У Threads вельмі шмат рэплік-рэакцый сабрала ваша просьба параіць майстроў па манікюры, касметолага і гэтак далей — ці знайшлі вы ўжо сабе замену на новым месцы?
СЦ: Проста паўстала сітуацыя, што трэба знайсці сабе людзей, якія ўмеюць наводзіць прыгажосць. Адразу прыйшоў у галаву Threads. І я падумала, што гэта будзе карысна не толькі мне, але і іншым беларусам. Таму і зрабіла такі пост. Вось і ўсё.
Дарэчы, там пакінулі больш за 300 каментароў — проста мора таленавітых беларусаў і беларусак. Абраць вельмі складана — не хапіла нават часу праглядзець усе спасылкі. Але я прыглядзела некалькі варыянтаў ужо.
«НН»: Як вы наведваеце майстроў, ці патрабуюцца вам дадатковыя ўмовы бяспекі — напрыклад, «кабінет на гэты час толькі для мяне»?
СЦ: Я звычайны чалавек і наведваю майстроў, як і ўсе людзі. Ну, і калі запісваюся першы раз, то, як правіла, не на сваё імя.
«НН»: Касметолаг і манікюр — гэта сёння для вас база ў доглядзе? Што яшчэ ўваходзіць у вашу б’юці-руціну?
СЦ: Так, манікюр плюс валасы — фарбаванне і стрыжка. Штодзённы мэйкап я раблю сама.
А раскошны максімум з нашым працоўным графікам — добры сон і выходны дзень. Сну не хапае.
«НН»: А што з боксам, таксама знайшлі трэнера ў Варшаве?
СЦ: Да аднаго трэнера-беларуса, дарэчы, ужо хадзіла. Мне вельмі спадабалася, але пагляджу яшчэ варыянты.
Як кажуць трэнеры: каб увесці спорт у жыццё, трэба знайсці тое, што будзе падабацца. Вось у мяне так і здарылася з боксам: там такія нагрузкі, што ёсць магчымасць і ў форме сябе трымаць, і негатыўную энергію выпусціць.
«НН»: Ці вырашылася ўжо пытанне з лакацыяй для варшаўскага офіса?
СЦ: У працэсе. І мы ўжо глядзелі прапановы ад варшаўскай мэрыі. Рыхтуецца дакументацыя, потым будзе рамонт, і мы, спадзяюся, неўзабаве адчынім дзверы. І зробім так, каб офіс быў адкрыты для беларусаў.
Чытайце таксама:
Франак Вячорка і Аляксандр Дабравольскі пераязджаюць у Варшаву разам з Ціханоўскай
Святлана Ціханоўская сустрэлася ў Варшаве з беларускімі добраахвотнікамі і валанцёрамі
«Набліжаецца момант пералому сітуацыі». Вадзім Кабанчук пра план для беларусаў