«Набліжаецца момант пералому сітуацыі». Вадзім Кабанчук пра план для беларусаў
Прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Аб'яднанага пераходнага кабінета Вадзім Кабанчук расказаў «Нашай Ніве», чаго ён чакае ў сувязі з пацяпленнем адносін паміж украінскім урадам і рухам за свабоду Беларусі.

«Стаяць задачы па ўмацаванні беларускіх добраахвотніцкіх падраздзяленняў і стварэнне новых»
«Наша Ніва»: Мы размаўляем у чацвёртую гадавіну поўнамаштабнай вайны ва Украіне. І праз чатыры гады кіраўніцтва Украіны адказала Лукашэнку санкцыямі і распачало дыялог з беларускімі дэмсіламі — ці не запозна, на вашу думку?
Вадзім Кабанчук: Мы мусім не забываць, у якіх складаных умовах Украіна сустрэла поўнамаштабную вайну і тое, што яна пры гэтым выстаяла. Мы памятаем, якія былі планы ў захопнікаў і як некаторыя аналітыкі ставілі пад вялікі сумнеў, што Украіна вытрывае.
Украіна адбівалася гераічна і часам, скажам так, была на мяжы. Пайсці, напрыклад, на такі крок, як раздача зброі ўсім, хто можа ўзяць яе ў рукі на вуліцах гарадоў — гэта надзвычайныя меры, не кожная краіна на такое наважыцца. Бітва за Кіеў цягнулася амаль два месяцы, і ў такіх варунках Украіна не магла дазволіць сабе рэзкія рухі па абвастрэнні сітуацыі са сваім паўночным суседам.
На сёння сітуацыя памянялася кардынальна: Украіна мае наймацнейшую армію ў Еўропе. З велізарным баявым досведам. Плюс на сёння адбыліся пэўныя трансфармацыі ў саміх уладных структурах, у атачэнні прэзідэнта, у сілавых структурах Украіны. І я бачу па цэлым шэрагу прыкмет, што Украіна займае зараз праактыўную пазіцыю ў пабудове новай архітэктуры бяспекі ў нашым рэгіёне. Як бы ні закончылася гэтая вайна, Украіна будзе вымушаная вырашаць пытанне са сваім паўночным суседам — то-бок на гэты момант з рэжымам Лукашэнкі, які знаходзіцца ў поўнай вайскова-палітычнай залежнасці ад рэжыму Пуціна.
«НН»: У сувязі з новым паваротам украінскага кіраўніцтва ў бок Беларусі што плануюць рабіць дэмсілы? Як вы гэтым скарыстаецеся?
ВК: Беларускія дэмакратычныя сілы рабілі ўжо некалькі супольных мерапрыемстваў. Адну з канферэнцый «Шлях да волі» ў 2023 годзе правёў Полк Каліноўскага (яна, дарэчы, паўторыцца ў трошкі іншым фармаце і сёлета). І там, і з боку іншых структур дэмакратычных сілаў была прапанаваная стратэгія беларуска-ўкраінскіх дачыненняў. Мы ведаем, што ўкраінскі бок — у прыватнасці, былы амбасадар Ігар Кізім — таксама падрыхтаваў сваю візію. Усё гэта чакала свайго часу, і, мяркую, зараз прыйшоў момант сінхранізацыі нашых супольных дзеянняў і стратэгій.

«НН»: Што вы тут маеце на ўвазе найперш?
ВК: Найперш перад намі стаяць задачы па ўмацаванні беларускіх добраахвотніцкіх падраздзяленняў і стварэнні новых. Калі ствараўся Аб'яднаны пераходны кабінет, гэта ж быў пэўны адказ на пачатак поўнамаштабнай вайны. І адна з задач, якая дагэтуль стаіць перад маім прадстаўніцтвам — аднаўленне дзяржаўнага суверэнітэту і недапушчэнне ўцягвання Беларусі ў рэгіянальную вайну. Прынамсі гаворка ідзе пра тую частку грамадства і сілавых структур, якія не хочуць падтрымліваць авантуры Пуціна-Лукашэнкі. І для гэтага нам трэба мець пэўны набор інструментаў, якія будуць эфектыўнымі ў гэтых умовах.
Нягледзячы на спробы ЗША, прагрэсу ў мірных перамовах пакуль няма. І я прагназую, што расійскі бок будзе і далей эскалаваць канфлікт. І мы — беларусы, як свядомыя грамадзяне ў першую чаргу нясём адказнасць за сваю краіну, за аднаўленне дзяржаўнага суверэнітэту, і павінны прадпрымаць рашучыя крокі ў гэтым накірунку, сыходзячы з новых магчымасцяў.
У нас на сёння ў Еўропе жыве вялікая дыяспара — напэўна, найбольшая з часоў Другой сусветнай вайны. І дзякуючы гэтаму мы маем пэўныя магчымасці — як рэсурсныя, так і мабілізацыйныя. І я спадзяюся, разам з украінскім бокам мы выйдзем на новы фармат супрацы па ўмацаванні і стварэнні беларускіх нацыянальных падраздзяленняў.
«НН»: Гаворка ідзе ў тым ліку пра задзейнічанне існуючых ужо ў Еўропе харугваў Паспалітага рушэння, якія складаюцца з палітэмігрантаў?
ВК: Гэта была ўсё ж ініцыятыва польска-літоўскай часткі дыяспары. Зараз мы гаворым пра падраздзяленні менавіта ў складзе Узброеных сілаў Украіны ці якія будуць базавацца на тэрыторыі Украіны. То-бок падраздзяленні, якія будуць складацца з нашых хлопцаў — добраахвотнікаў, ваяроў, пры падтрымцы валанцёраў, якія заангажаваныя ўжо ва Украіне, на ўкраінскім фронце.
«НН»: Але хіба яны ўжо і так не пры справах?
ВК: Тут трэба разумець кантэкст знутры. Тое, што мы ўжо маем на ўвазе ва Украіне пад словам «беларускае нацыянальнае падраздзяленне», не зусім адпавядае актуальнай форме. Ёсць шэраг акалічнасцяў і праблем, якія патрэбна прыбраць у камунікацыях разам з украінцамі. Напрыклад, дыскрымінацыю беларусаў: калі нас фактычна раўняюць з прадстаўнікамі краіны-суагрэсара.
Гэта і ўсім вядомыя праблемы з выплатамі, праблемы з легалізацыяй.
А калі ёсць праблемы з дакументамі, аўтаматычна з’яўляюцца і праблемы з рэкрутынгам. Калі Украіна належным чынам паставіцца да беларусаў і зразумее маштаб задачы, думаю, мы выйдзем на новы фармат супрацы і перафарматавання нашых падраздзяленняў, гэта дасць новы штуршок у гэтай справе.
«НН»: Праблемы з дакументамі і выплатамі спрабавалі вырашыць не адзін год, адкуль упэўненасць, што зараз дакладна атрымаецца?
ВК: Мы бачым цэлы шэраг паслядоўных заяў як з боку прэзідэнта Украіны, так і з боку дзяржаўных кіраўнікоў рознага ўзроўню — яны дэманструюць, што Украіна зараз узяла кардынальна іншы курс.
Яны адышлі ад патэрна «не злаваць дзеда».
Зяленскі абазначыў, што яны цяпер выразна адрозніваюць рэжым і беларускі народ. Жывучы ва Украіне з 2014 года, я не памятаю такога падыходу і такіх заяў з боку ўкраінскага кіраўніцтва. Таму гэта ўсё дае надзею, што мы канструктыўна і адносна хутка будзем вырашаць праблемы.
«НН»: Які будзе першы адрасат на ўкраінскім баку, каб працэс пайшоў?
ВК: Зараз рыхтуецца візіт Святланы Ціханоўскай і чальцоў Кабінета ва Украіну. Я не магу раскрываць падрабязнасці і тэрміны гэтага візіту, гэтым займаюцца працоўныя групы, і там будуць узнятыя пытанні па розных кірунках. Таксама на канец сакавіка ў Кіеве запланаваная беларуска-ўкраінская канферэнцыя па бяспецы «Шлях да волі», дзе і адбудзецца камунікацыя з экспертнай супольнасцю і вайсковымі коламі.
«НН»: Спадар Зяленскі абяцаў прызначыць новага прадстаўніка па Беларусі — можа, у вас ёсць ужо інфармацыя па патэнцыйным кандыдаце?
ВК: Пакуль у мяне такой інфармацыі няма. Усё ж гэтае рашэнне будзе за ўкраінскай уладай. Але мяне б зноў цалкам задаволіла кандыдатура спадара Ігара Кізіма, калі ён сам зноў вырашыць зайсці на гэту пасаду.
«Ініцыятыва беларускай вызваленчай арміі распрацоўваецца як праект на будучыню»
«НН»: У розных колах дагэтуль раз-пораз працягвае гучаць вера ў ідэю беларускай вызваленчай арміі — для вас гэта міфалогія ці не?
ВК: Як паказвае сусветная гісторыя, свабода — гэта такая рэч, якую ніхто нам не падорыць, не прынясе на сподачку. Гэта тое, што мы павінны адваяваць, вярнуць сабе самі.
Мы бачылі, як нервова рэжым рэагаваў на з'яўленне Палка Каліноўскага, хаця ў параўнанні, напрыклад, з Узброенымі сіламі Беларусі гэта адносна невялікае аб’яднанне беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне.
Для вырашэння пытання дэакупацыі Беларусі нам, безумоўна, патрэбны даволі значныя сілы. Якія гэта будуць сілы, пакажа час і гісторыя. На канферэнцыі ў 2023 годзе, якую праводзіў Полк Каліноўскага, быў утвораны аргкамітэт і вайсковая камісія па распрацоўцы рэгламенту, пэўных пунктаў неабходнага для разгортвання беларускай вызваленчай арміі.
Пакуль што ініцыятыва БВА існуе ў рамках вайсковай камісіі і распрацоўваецца як праект на будучыню. Ужо зробленыя некаторыя рэчы — распрацоўка ўніформы, узнагарод, дакументацыі і гэтак далей. Вядуцца перамовы па падрыхтоўцы беларускіх афіцэраў і сяржантаў.
Маю спадзяванні, што канферэнцыя па бяспецы ў гэтым годзе і новыя кантакты з украінскай уладай дадуць новы штуршок і ў працэсе фармавання БВА.
«НН»: Ва Украіне цяпер расфарміроўвалі Інтэрнацыянальны легіён, замежнікаў пераводзілі ў іншыя часткі — ці закранула гэта беларускіх добраахвотнікаў?
ВК: Расфармавалі легіён пры Сухапутных сілах. Па маёй інфармацыі, там было літаральна некалькі беларусаў — да пяці чалавек.
Я так мяркую, што частка з іх, напэўна, пяройдзе ў іншыя часткі ці, магчыма, звольніцца з Узброеных сіл Украіны.
Большасць беларусаў служыла пры Галоўным упраўленні выведкі, і там нічога не змянілася.

«НН»: У інтэрв’ю «Люстэрку» Уладзімір Зяленскі выразна акрэсліў, што найперш яго цікавіць вызваленне з турмаў і палону ўкраінскіх грамадзян, што лагічна для ўкраінскага лідара. Ці з вашага боку ёсць нявыкарыстаныя інструменты для прасоўвання тэмы вызвалення беларусаў — рэйкавых партызанаў, усіх, хто быў салідарны з Украінай ці ўвогуле ваяваў на яе баку, як Васіль Верамейчык?
ВК: Мы пастаянна падымаем гэтае пытанне, і яно будзе і далей прапрацоўвацца. Нам вельмі важна выцягваць нашых палітвязняў, таму што ім там падавалі велізарныя, сталінскія тэрміны.
Я ведаю, што ідзе патрэбная камунікацыя і па лініі спецслужбаў, і па лініі дыпламатаў. І гэта такая праца, якая любіць цішыню.
«НН»: Не так даўно Аб'яднаны пераходны кабінет прыняў пастанову «Аб беларускім партызанска-супраціўным руху», у якой прапануюць прызначыць пенсію і льготы ўдзельнікам гэтага руху, а таксама іх сваякам у выпадку смерці саміх людзей. Мы тут кажам выключна пра будучыню, ці ўсё ж ёсць фінансавыя магчымасці, каб падтрымаць кагосьці тут і цяпер?
ВК: Я ведаю, што прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы ў Кабінеце Вольга Зазулінская ладзіць пэўныя рэчы для падтрымкі розных катэгорый грамадзян, у тым ліку і добраахвотнікаў.
Але найперш пастанова была прынятая на будучыню. Мы гаворым пра дэмакратычную Беларусь. У тым ліку для будучыні была прынятая яшчэ адна пастанова — аб наданні ўсім ваярам, якія змагаюцца ва Украіне, статусу ўдзельніка баявых дзеянняў згодна з беларускім заканадаўствам. Гэта тыя законы, якія ўжо дзейнічаюць.
Адпаведна, у новай дэмакратычнай Беларусі ўсе нашы хлопцы і дзяўчаты атрымаюць статус камбатантаў і будуць мець ільготы.
«Я за чатыры гады поўнамаштабкі не памятаю, каб так вырубалі святло»
«НН»: З улікам няспынных атак расіян па аб’ектах энергетычнай і паліўнай інфраструктуры як вы персанальна перажывалі суровыя маразы і холад?
ВК: Як і ўсе… Моманты за зіму былі часам вельмі складаныя — у суме некалькі тыдняў складана было. Я за чатыры гады поўнамаштабкі не памятаю, каб так вырубалі святло. І не толькі яго — у некаторых дамах не было ні вады, ні электрычнасці, ні, адпаведна, цяпла. Часам святло давалі за суткі па пару разоў на гадзіну-паўтары.
Пакуль зменшыліся ракетныя абстрэлы па энергетычнай інфраструктуры, стала трошкі лягчэй. Плюс светлавы дзень павялічваецца, і ўключыліся генерацыі, якія ад сонечных прамянёў працуюць.
«НН»: Як пажывае ваш стрыечны брат Сяргей? (Сяргей Франчук — стрыечны брат Вадзіма Кабанчука, палітвязень, які быў затрыманы ў жніўні 2022 года за ўдзел у пратэстах, пазней яму дадалі абвінавачванні яшчэ па трох артыкулах — мужчына цалкам адбыў свой тэрмін і выйшаў на волю ў студзені 2026‑га. — НН)
ВК: Усё, што я дагэтуль магу сказаць: ён на свабодзе і ў бяспечным месцы. Яму яшчэ патрэбны час, каб прыйсці ў сябе і ўліцца ў нашу рэчаіснасць, бо чалавек амаль чатыры гады адсядзеў.
«НН»: Пасля гісторыі з узломам вашага тэлеграм-акаўнта, ці правялі вы працу над памылкамі адносна лічбавай бяспекі?
ВК: У той перыяд, прызнаю, узломшчыкі скарысталіся вайсковай неразбярыхай, мы тады толькі фармаваліся, было шмат задач і справаў. І я недаглядзеў свой тэлеграм-акаўнт. Хаця, шчыра кажучы, я не зусім давяраў тэлеграму, не лічу яго надзейным месенджарам, таму ў мяне там інфармацыі не вельмі шмат было. Але цяпер я дбаю пра сваю бяспеку, наколькі магу.
«Пакуль нічога не сведчыць, што мы наблізіліся да моманту падпісання мірнай дамовы»
«НН»: ЗША, па інфармацыі Bloomberg, паставілі чарговы дэдлайн — маўляў, міратворчае пагадненне паміж Расіяй і Украінай мусіць быць падпісанае да 4 ліпеня. Што вы думаеце на гэты конт?
ВК: Я не надта аптымістычна на гэта гляджу, таму што колькі ўжо розных тэрмінаў называлася. І пра 24 гадзіны абяцанні нават гучалі. Пакуль што нічога не спраўдзілася.
Тое, што адбываецца па лініі фронту, абстрэлы грамадзянскай інфраструктуры, украінскіх гарадоў — пакуль нічога з гэтага не сведчыць, што мы наблізіліся да моманту падпісання мірнай дамовы.
З 2014 года я быў сведкам больш як 20 падпісаных перапынкаў у баявых дзеяннях. Некаторыя дамоўленасці былі парушаныя адразу, некаторыя пратрымаліся пару гадзін, некаторыя — пару месяцаў. Але ўсе былі парушаныя, і пачалася поўнамаштабная вайна.
Я спадзяюся, што беларусы разумеюць, якія выклікі і, адначасова, магчымасці перад намі адчыняюцца. Так, яны звязаныя з трагічнымі падзеямі поўнамаштабнай вайны. Цалкам верагодна, што гэтая вайна будзе пашырана ў рэгіёне.
Але, сыходзячы са складзеных абставін і часоў, мы можам правесці гістарычныя паралелі. Як была, напрыклад, абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка? Там таксама былі складаныя вайсковыя часы. І я лічу, што для нас, беларусаў, сёння ёсць гістарычны шанец па аднаўленні нашага дзяржаўнага суверэнітэту.
І я заклікаю нашу эміграцыю найперш, але таксама і людзей унутры краіны не страчваць надзеі — набліжаецца момант пералому сітуацыі. Наперадзе нас чакаюць сур'ёзныя і цікавыя падзеі.
І справа вызвалення Беларусі — гэта выключна наша нацыянальная справа. Мы мусім зрабіць гэта самі. У Еўропе, ва Украіне мы будзем мець надзейных хаўруснікаў. Але галоўная роля ўсё роўна будзе за беларусамі. Таму рыхтуймася!
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
Але можа вы там не ўсе планы будзеце асвятляць у смі?
Яшчэ раней Пракоф'еў казаў, што ў яго ёсьць плян , і не адзін раз , відаць, гэты плян мяняўся. А яшчэ раней быў г.зв. плян на дзень Х. Хтосьці памятае ўвогуле той дзень Х, як яго піярылі гэтыя шчыгельскія, макары, эксамоны і г.д. Дзе ўсе тыя людзі?