БЕЛ Ł РУС

«Знайшлі крайняга», а «паставяць салдафона якога-небудзь». У сацсетках адрэагавалі на звальненне кіраўніка «Мінсктранса»

1.03.2026 / 16:06

Максім Сыраежка

Інфармацыя пра звальненне генеральнага дырэктара «Мінсктранса» Алега Дзюбенкі выклікала бурлівае абмеркаванне ў сацыяльных сетках. Насуперак чаканням, навіна не выклікала злараднасці: на думку большасці каментатараў, ён быў кампетэнтным кіраўніком з найлепшымі чалавечымі якасцямі, якога проста зрабілі вінаватым у агульных праблемах. Праўда, людзі ўзгадвалі і тое, што менавіта Дзюбенка як кіраўнік «Мінсктранса» патрабаваў у судах сотні тысяч рублёў ад мірных дэманстрантаў 2020 года.

Алег Дзюбенка. Фота: minsktrans.by

Алег Дзюбенка — чалавек у сістэме «Мінсктранса» не новы. Сваю кар'еру ён пачаў з пасады майстра тралейбуснага дэпо. Пасля працаваў інжынерам, дарос да пасады галоўнага інжынера, а пасля ўзначаліў прадпрыемства ў якасці генеральнага дырэктара.

У чым канкрэтная прычына звальнення, афіцыйна не паведамляецца. Аднак сярод версій называюць адказнасць за маштабныя збоі ў працы грамадскага транспарту сталіцы гэтай зімою. У тыктоку гэтая навіна шырока абмяркоўваецца, і карыстальнікі сумняваюцца ў справядлівасці такога рашэння.

«Дык а якім ён бокам да абледзянення правадоў і нечышчаных дарог?» — задае пытанне адзін з карыстальнікаў.

Большасць людзей схіляецца да думкі, што з кіраўніком абышліся несправядліва, зрабіўшы яго адказным за сістэмныя праблемы, выкліканыя эканамічнай мадэллю, выбранай Лукашэнкам. Карыстальнікі адзначаюць як прафесіяналізм Дзюбенкі, так і яго станоўчыя чалавечыя якасці:

«Лічу, што не разабраліся, а проста знайшлі крайняга».

«Звольнілі ні за што, проста знайшлі крайняга, добры чалавек, ва ўсіх адносінах, ведаю яго асабіста, гадоў 40, вельмі шкада, вельмі».

«Знайшлі крайняга, як заўсёды».

Гэтае меркаванне падтрымліваюць і многія іншыя, асабліва тыя, хто непасрэдна працаваў пад яго кіраўніцтвам:

«Добры кіраўнік. Я ў яго працавала ў 1‑м тралейбусным».

«Вельмі шкада, што зрабілі крайнім сапраўднага транспартніка, які ведае ўвесь пасажырскі транспарт знутры. Ведаю яго як выдатнага і прынцыповага кіраўніка з 2002 года!»

«Ведаю і яго асабіста. Добры кіраўнік».

«Добры кіраўнік! Вельмі шкада».

«Вельмі шкада! Выдатны кіраўнік і чалавек!»

«Шкада, добры мужык, таму і прыбралі… Паставяць салдафона якога-небудзь».

Аднак ёсць і тыя, хто не пагаджаецца з агульным спачуваннем. Некаторыя каментатары звяртаюць увагу на ўнутраныя праблемы прадпрыемства і нізкія заробкі:

«Я б хацела пабачыць тут меркаванне кіроўцаў, у нас звычайна не пытаюцца, ну да чаго давёў Дзюбенка: павальнае звальненне, невыносныя ўмовы, заробак смехатворны!»

На такія прэтэнзіі знаходзяцца контраргументы. Людзі параўноўваюць сітуацыю з папярэднім кіраўніцтвам і становяцца на абарону экс-дырэктара:

«А пры Папенку заробак быў лепшы?! Не грашыце! З Дзюбенкам стала нашмат лепш, ён ставіўся да людзей па-чалавечы, а не як да быдла. Хочаш заробак 4500 — працуй без выхадных! А свае 3000 — працуй у графіку. Пры Папенку ад сілы зарплата была ад 1000 да 2300».

Іншая група незадаволеных — гэта пасажыры, якія ацэньваюць працу дырэктара па фактычным стане транспарту. Яны лічаць, што асабістыя якасці не павінны апраўдваць прафесійныя правалы:

«Добры чалавек — не прафесія, транспарт (тралейбусы Т7, Т9, Т36, якімі я карыстаюся) ходзіць агідна, пастаянна, г.зн. часта на табло ЗТ [затрымка транспарту], інтэрвалы вялікія».

«Можа, як чалавек ён і добры, але з працай не справіўся. Транспарт ходзіць жудасна. Ні на працу, ні з працы не дабрацца».

Да крытыкі далучаюцца і самі работнікі паркаў, якія апісваюць жаласны тэхнічны стан прадпрыемства:

«Сам працую ў аўтобусным парку. Гэтую зіму «Мінсктранс» праваліў цалкам і поўнасцю. Паркі ўсе на каленях, машыны да зімы не рыхтавалі, запчастак не набралі патрэбных на зіму, рамзона працуе агідна. Так што вынік заканамерны».

У адказ на крытыку абаронцы тлумачаць, што корань праблем ляжыць не ў кіраванні, а ў адсутнасці нармальнага фінансавання і зношанасці інфраструктуры:

«Усім, каму дрэнна ходзіць транспарт, прыходзьце да нас у «Мінсктранс». (…) Паспрабуйце нашага хлеба. Тралейбусную лінію даўно трэба мяняць, трамвайныя рэйкі прыйшлі ў непрыдатнасць, а грошы дзе ўзяць? Шкада Анатольевіча».

«Дарогу маладым, хапае ў нас кадраў», —

упэўнена заяўляе адзін з карыстальнікаў.

Чытайце таксама:

Звольнены дырэктар «Мінсктранса»

У Мінску зноў спыніліся тралейбусы і трамваі на некалькіх вуліцах

Хэйтарскія акаўнты аўтобусаў — новы трэнд беларускіх зумераў

Каментары да артыкула