Вось што будуюць на месцы старога мінскага анкацэнтра ў стылі савецкага мадэрнізму ФОТЫ
Два гады таму, у лютым 2024 года, стала вядома, што ў Мінску збіраюцца знесці будынак паліклінікі анкалагічнага цэнтра, размешчаны ў раёне Акадэміі навук. Цяпер на яго месцы ўжо вырас 8‑павярховы корпус. Выданне Blizko.by паглядзела, як прасоўваюцца работы.
Гэтая паліклініка была пабудавана ў 1977 годзе. Але яна ўжо не спраўлялася з патокам пацыентаў, да таго ж тут не было ліфта. Раней будынак у стылі савецкага мадэрнізму хацелі рэканструяваць: надбудаваць паверх і ўзвесці прыбудову. Але, кажуць спецыялісты, фундамент і апорныя канструкцыі не вытрымалі б мадэрнізацыі. Таму вырашылі цалкам яго знесці і пабудаваць на гэтым месцы новы.
Да зносу будынка прыступілі ўжо ў кастрычніку. Blizko.by паспеў зняць будынак з розных бакоў незадоўга да зносу.
А ў 2025‑м прыступілі да будаўніцтва новага будынка. Новая паліклініка будзе васьміпавярховай, разлічанай на 1 500 наведванняў у змену. Тут таксама размесцяцца нешпітальныя службы і адміністрацыйны апарат. Здача аб’екта ў эксплуатацыю чакаецца праз тры-пяць гадоў, без цвёрдай канкрэтыкі.
Вось як выглядае аб’ект па стане на канец лютага 2026 года. У будынку завяршаецца зашкленне, ідзе абшыўка тэрмашубай.
Праўда, цяпер ужо кажуць, што новы корпус анкацэнтра разлічаны на 1000 наведванняў у змену. Тут будуць аказваць амбулаторна-паліклінічную і кансультатыўна-дыягнастычную дапамогу.
У будынку размесцяцца некалькі кансультатыўна-паліклінічных аддзяленняў, кансультатыўна-дыягнастычнае аддзяленне тырэоіднай паталогіі, аддзяленні прамянёвай і магнітна-рэзананснай дыягностыкі, фізіятэрапеўтычнага лячэння і УГД-дыягностыкі, рэгістратура. На другім паверсе будуць канферэнц-зала на 200 месцаў, зала для нарадаў, навучальныя аўдыторыі і памяшканні кафедры анкалогіі БДМУ.
На аб’екце створаць безбар’ернае асяроддзе, уваход арганізуюць з узроўню зямлі.
Фасад будынка будзе камбінаваным — вентфасад з лёгкай тынкавай сістэмай і вітражамі. Інтэр’ер выканаюць пры дапамозе дэкаратыўнай мазаічнай тынкоўкі светла-бежавага адцення з акцэнтнымі ўстаўкамі сіняга колеру.
Вось так выглядаюць рэндары будучай паліклінікі.
Чытайце таксама:
У Мінску амаль гатовы новы васьміпавярховы корпус анкацэнтра
У цэнтры Мінска сталі будаваць комплекс новага анкацэнтра
Рак тоўстай кішкі сярод насельніцтва Беларусі на першым месцы