Адной з галоўных цэляў першай хвалі ўдараў па Іране былі лідары ісламскай рэспублікі
Крыніцы NY Times тлумачаць, што разлічвалі на фактар нечаканасці.
Алі Хаменеі (трэці злева) разам з прэзідэнтам Масудам Пезешкіянам (першы злева), старшынёй парламента Махамадам Багерам Галібафам і кіраўніком судовай сістэмы Махсенам Эджэі чытаюць Каран падчас пятнічнай малітвы. Фота: Iranian Leader's Press Office — Handout / Getty Images
Адной з галоўных цэляў першай хвалі ўдараў па Іране былі лідары ісламскай рэспублікі. Пра гэта выданню NY Times паведамілі тры крыніцы ў ізраільскіх сілавых структурах.
Крыніцы тлумачаць, што разлічвалі на фактар нечаканасці. Паводле задумы, ужо падчас першай хвалі ўдараў павінны былі быць забітыя многія высокапастаўленыя іранскія чыноўнікі.
Выданне таксама апублікавала відэа з урадавых кварталаў Тэгерана, над якімі ўзнімаюцца густыя клубы дыму. У гэтым раёне размешчаныя прэзідэнцкі палац і Рада нацыянальнай бяспекі Ірана, а таксама іншыя важныя ўрадавыя будынкі.
Іранскія ўлады тым часам заявілі, што духоўны лідар краіны аятала Хаменеі, а таксама прэзідэнт Масуд Пезешкіян знаходзяцца ў бяспецы.
Чытайце таксама:
Ізраіль пры падтрымцы ЗША нанёс ракетны ўдар па Іране
Трамп: Калі мы скончым, вазьміце ўладу над сваім урадам. Ён будзе вашым
Біньямін Нетаньягу абвясціў пра аперацыю «Леў, які рычыць» супраць Ірана