БЕЛ Ł РУС

Праз порт у Клайпедзе ў мінулым годзе перавезлі каля 1 мільёна тон беларускіх і расійскіх грузаў

28.02.2026 / 18:29

Nashaniva.com

У 2025 годзе праз Клайпедскі марскі порт у Літве было перавезена каля 1 мільёна тон беларускіх і расійскіх грузаў. З іх 769 тысяч тон прыпадала на беларускія грузы і 236 тысяч тон — на расійскія. Гэта адпаведна каля 2% і 0,6% ад агульнага гадавога аб’ёму перавалкі порта, паведамляе LRT.

Порт у Клайпедзе. Фота: Wikimedia Commons

Пры гэтым, як адзначаецца, праз забарону на транзіт беларускіх калійных угнаенняў праз Літву порт штогод недаатрымлівае каля 14 мільёнаў еўра. Паводле падлікаў дырэкцыі, у 2022—2026 гадах агульныя страты склалі прыкладна 56 мільёнаў еўра.

Да ўвядзення санкцый, у 2021 годзе, аб’ём перавалкі беларускіх калійных угнаенняў у Клайпедзе дасягаў амаль 12 мільёнаў тон — гэта была амаль траціна ад усёй гадавой перавалкі (45,6 мільёна тон). Пасля спынення транзіту ўгнаенняў порт страціў значную частку даходаў, што адбілася і на кампаніях, звязаных з перавозкамі і лагістыкай.

Нягледзячы на гэта, у 2025 годзе агульны аб’ём перавалкі склаў 39 мільёнаў тон. Рост забяспечылі кантэйнерныя грузы, паромныя перавозкі і звадкаваны прыродны газ.

Праз Клайпеду цяпер транспартуюцца толькі тыя грузы з Беларусі і Расіі, якія не трапляюць пад накладзеныя на іх санкцыі. У асноўным гэта жывёльныя і раслінныя тлушчы, алеі, прадукты харчавання, напоі, тытунёвыя і раслінныя вырабы.

Еўрапейскі саюз днямі на год падоўжыў санкцыі супраць Беларусі, у тым ліку ў дачыненні да ўгнаенняў. Раней Літва спыніла транзіт прадукцыі кампаніі «Беларуськалій», а пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну санкцыі былі пашыраныя.

Чытайце таксама:

Наўседа: Я буду сярод тых, хто найбольш жорстка патрабуе падаўжэння санкцый ЕС супраць Беларусі

Прэм'ер Літвы: Тэма аднаўлення транзіту беларускіх угнаенняў штучна нагнятаецца

Наўседа: Гандаль каштоўнасцямі непрымальны, Літва па-ранейшаму будзе блакаваць транзіт беларускіх угнаенняў

Літва не будзе прапускаць беларускі калій праз Клайпеду, нягледзячы на адмену санкцый ЗША

Каментары да артыкула