У цэнтры Мінска загінуў мужчына, які катаўся па Свіслачы на сапбордзе
Спадарожніца змагла ўратавацца і нават выцягнула мужчыну на бераг, але выратаваць яго не змаглі, паведамляе прэс-служба МНС.
Скрыншот з відэа
Днём 28 лютага ратавальнікам паведамілі пра людзей у рацэ Свіслач у раёне праспекта Незалежнасці. Паводле папярэдняй інфармацыі, мужчына і жанчына каталіся па рацэ на сапбордах. На іх не было выратавальных камізэлек, толькі гідракасцюмы сухога тыпу.
Пасля страты раўнавагі абое ўпалі ў ваду. Жанчына аказалася мацнейшай — яна не толькі дабралася да берага сама, але і змагла выцягнуць на яго напарніка.
Праўда, уратаваць мужчыну ўсё адно не ўдалося. Медыкі правялі рэанімацыйныя мерапрыемствы, аднак урэшце канстатавалі смерць чалавека.
Прычыны гібелі і абставіны здарэння высвятляюцца.