БЕЛ Ł РУС

Удары Ізраіля і ЗША па Іране прывялі да закрыцця важных нафтагазавых аб’ектаў на Блізкім Усходзе

2.03.2026 / 17:20

Nashaniva.com

Ужо трэці дзень працягваецца абмен ударамі паміж Ізраілем і ЗША з аднаго боку і Іранам — з другога. На гэтым фоне шэраг нафтавых і газавых прадпрыемстваў у рэгіёне былі вымушаныя спыніць працу, піша The Moscow Times.

Фота: Drew Irving

Саудаўская Аравія часова закрыла найбуйнейшы нафтаперапрацоўчы завод Ras Tanura пасля атакі беспілотніка. Гэты комплекс уключае адзін з самых магутных НПЗ на Блізкім Усходзе (каля 550 тысяч бараляў за суткі) і з’яўляецца ключавым экспартным тэрміналам саудаўскай нафты.

У Іракскім Курдыстане кампаніі, якія здабываюць каля 200 тысяч бараляў нафты ў суткі для экспарту праз турэцкі порт Джэйхан, прыпынілі працу ў якасці меры засцярогі. Паведамленняў пра пашкоджанні няма, аднак здабычу спынілі прэвентыўна.

Ізраіль таксама загадаў кампаніі Chevron часова спыніць здабычу на буйным марскім радовішчы «Левіяфан», дзе цяпер павялічваюць магутнасці ў межах шматмільярднага кантракту на пастаўкі газу ў Егіпет.

У Іране паведамлялася пра выбухі на востраве Харк, праз які праходзіць асноўная частка экспарту іранскай нафты. Пакуль невядома, наколькі моцна пацярпела інфраструктура.

Іран — трэці па велічыні вытворца ў АПЕК. Яго здабыча складае каля 3,3 мільёна бараляў нафты ў суткі, а разам з кандэнсатам і іншымі вадкасцямі — каля 4,6 мільёна бараляў. Гэта прыкладна 4,5 % сусветнай прапановы нафты.

Эксперты адзначаюць, што атака на саудаўскі завод Ras Tanura азначае сур’ёзную эскалацыю канфлікту, бо энергетычная інфраструктура краін Персідскага заліва фактычна апынулася пад пагрозай. На іх думку, гэта можа падштурхнуць Саудаўскую Аравію і іншыя дзяржавы рэгіёну да больш актыўнага ўдзелу ў ваенных дзеяннях супраць Ірана.

Паводле саудаўскіх уладаў, сітуацыя на Ras Tanura знаходзіцца пад кантролем: два беспілотнікі былі перахопленыя, іх абломкі выклікалі нязначнае ўзгаранне, пацярпелых няма. Пастаўкі нафты на ўнутраны рынак пакуль не парушаныя. Аднак у цэлым сітуацыя ўзмацніла занепакоенасць адносна сусветных паставак, бо марскія перавозкі праз Армузскі праліў амаль спыніліся пасля нападаў на судны.

На фоне гэтых падзей кошт нафты маркі Brent вырас прыкладна на 10% і перавысіў 82 даляры за бараль.

Чытайце таксама:

Найбуйнейшы нафтавы завод Саудаўскай Аравіі спыніў працу пасля атакі іранскага дрона

Цэны на нафту падскочылі на 13% пасля ўдараў па Іране

Іран абвясціў аб адкрыцці Армузскага праліва

Новарасійск атакаваны дронамі — у горадзе выбухі і палаючая нафтабаза. Раней ЗША прасілі Украіну туды не біць

Каментары да артыкула