Офіс Зяленскага ўдакладніў яго заяву пра выбары толькі пасля заканчэння вайны
У інтэрв’ю італьянскаму выданню Corriere della Sera прэзідэнт Украіны адказаў на пытанне аб прэзідэнцкіх выбарах.
Фота: AP Photo / Markus Schreiber
СМІ працытавалі яго адказ так: выбары адбудуцца не падчас часовага перамір’я, а пасля заканчэння вайны.
Офіс Зяленскага выступіў з тлумачэннем. Там звярнулі ўвагу, што словы ўкраінскага прэзідэнта прагучалі ў адказ на пытанне журналіста, ці будзе ён балатавацца на наступных выбарах, піша «РБК-Украіна».
«Сапраўднае пытанне такое: калі мы зможам правесці выбары? Калі яны адбудуцца пасля завяршэння вайны, а не падчас часовага спынення агню, я зусім не ўпэўнены, што буду балатавацца — пагляджу, чаго захочуць украінцы», — цытуе Зяленскага яго Офіс.
Гаворка ішла не пра змяненне пазіцыі адносна выбараў, як гэта трактавалі ў СМІ, заявілі ў офісе ўкраінскага прэзідэнта.
Раней Зяленскі заяўляў, што гатовы пагадзіцца на выбары пры выкананні некалькіх умоў. Галоўная — спыненне агню не менш як на 60 дзён і гарантыі бяспекі. Акрамя таго, неабходна ўнесці змены ў заканадаўства, паколькі правядзенне выбараў ва ўмовах ваеннага часу ва Украіне немагчымае.