БЕЛ Ł РУС

«Растае снег, ідзе дождж — мы плывём»: у Віцебску новабудоўлю падтоплівае ўжо другую вясну

3.03.2026 / 17:31

Ганна Стафановіч

Жыхары дома ў новым віцебскім мікрараёне Нікраполле б’юць трывогу: вясной яны не могуць нармальна зайсці ў пад'езд праз тое, што ён падтоплены — бо ўваход на ўзроўні зямлі, а ліўнёвак няма.

Скрыншот відэа ў тыктоку

Маладая маці з Віцбска, якая падпісана ў тыктоку як Эла Сцяпанава, паказала на відэа, што адбываецца ў іх навабудзе. Увайсці ў пад’езд і застацца з сухімі нагамі амаль немагчыма, бо вада ўсюды.

Жанчына кажа, што такая сітуацыя ў іх ужо другую вясну. Растае снег, ідзе дождж — жыхары пакутуюць ад падтаплення. Бонусам дадаюцца і іншыя праблемы: дах таксама падцякае, і праз гэта рэгулярна адключаюць ліфт. А маладым сем'ям, якіх у новым мікрараёне Нікраполле хапае, гэта ўскладняе жыццё.

Сітуацыя асабліва крыўдная тым, што дом уведзены ў эксплуатацыю менш за два гады таму.

— Хто за гэта будзе адказваць? ЖЭУ ці Віцебскі ДБК, які пабудаваў так пахабна дом, не прадугледзеўшы ліўнёкі? Адсутнічае ганак, вада паступае ў пад'езд. Як вырашаюць праблему? Прыедуць, адпампуюць ваду — і на гэтым усё. А нам з года ў год пакутуй. З'явіцца цвіль. Гэтыя кватэры дасталіся нам далёка не бясплатна. У нас крэдыт на 20 гадоў больш за тысячу рублёў у месяц.

Заканчвае відэа яна рытарычным пытаннем:

— У нашай краіне ўсё для маладых сем'яў. Якім зараз даводзіцца вычэрпваць ваду. І нам так жыць усё жыццё?

Дарэчы, Эла жыве ў трэцім пад’ездзе — у першым і другім такой праблемы няма, бо там ёсць ганкі.

У каментарыях жыхары суседніх дамоў напісалі, што ў іх таксама аналагічныя пытанні ўзнікаюць: «Побач у дамах падтоплівае падвалы, стаіць невыносны смурод у пад'ездах, тыднямі могуць стаяць ліфты. Пісалі калектыўную скаргу, а толку… Яны там адно на аднаго скідваюць адказнасць».

Але нехта з каментатараў паспрабаваў абвінаваціць у тым, што адбываецца, саміх жыхароў дома. Маўляў, трэба было чысціць снег усім дваром, каб такога не было.

Чытайце таксама:

У Беларусі стала падымацца вада на рэках

Жыхары дома ў «Мінск-Свеце»: Тэмпература ў пакоях — ніжэй за 18 градусаў, спім пад дзвюма коўдрамі

У «Мінск-Свеце» затапіла адзін з дамоў — вось у чым прычына

Каментары да артыкула