Спеваку Хаменку далі 3 гады за супрацу з радыё «Рацыя»
Як стала вядома Беларускай асацыяцыі журналістаў, 4 сакавіка Мінскі гарадскі суд вынес прысуд музыку, даследчыку і радыёвядоўцу Алегу Хаменку. Яго прызналі вінаватым паводле артыкула 361—4 Крымінальнага кодэкса — «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».
Алег Хаменка. Фота: Wikimedia Commons
У віну Алегу Хаменку паставілі сталую супрацу з рэдакцыяй «Беларускае Радыё Рацыя».
Яго прысудзілі да 3 гадоў пазбаўлення волі і далі буйны штраф — больш за 20 тысяч рублёў.
Алег Хаменка быў затрыманы ў Мінску 17 чэрвеня 2025 года пасля ператрусу ў ягонай кватэры. Спачатку на падставе адміністрацыйнага абвінавачання яго змясцілі ў ІЧУ на Акрэсціна, а напачатку ліпеня стала вядома, што супраць радыёвядоўцы распачалі крымінальную справу і яго перавялі ў следчы ізалятар № 1 у Калядзічах. 9 ліпеня 2025 года беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Алега Хаменку палітычным вязнем.
58‑гадовы Алег Хаменка лічыцца стваральнікам кірунку фолк-мадэрн у беларускай сучаснай музыцы і з’яўляецца лідарам вядомага гурта «Палац».
«Палац» Хаменка заснаваў у 1992 годзе. З 1998 года, пасля адыходу аднаго з удзельнікаў, ён стаў мастацкім кіраўніком калектыву і надалей працягвае кіраваць ім. Таксама ён выступае сольна, без гурта.
У складзе «Палаца» здымаўся ў мастацкім фільме «Анастасія Слуцкая» і з’яўляўся ў серыяле «Вышэй за неба».
Акрамя сцэнічнай дзейнасці, Хаменка актыўна працаваў на тэлебачанні і радыё. У 2003—2004 гадах ён быў аўтарам і вядоўцам тэлепраграмы «Настаўніцкая». Быў вядоўцам перадачы «Брама існасці» на «Аўтарадыё», якая спыніла вяшчанне ў 2011 годзе. Доўгі час вёў радыёверсію хіт-параду «Тузін Гітоў», а таксама аўтарскую праграму «Фолк брама» на радыё «Рацыя».
Радыё «Рацыя» робяць беларусы Польшчы, яно вяшчае ў Беластоку на беларускай мове.
Чытайце таксама:
Стаў вядомы прысуд жыхару Светлагорска, затрыманаму пасля вяртання ў Беларусь
Палітзняволенай фатографцы Наталлі Бачурынскай змякчылі прысуд. Яе выпусцілі на волю