Перамовы аб спыненні вайны ва Украіне прыпынілі праз Іран
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў, што перамовы паміж Украінай, Расіяй і ЗША аб спыненні вайны часова прыпыненыя праз абвастрэнне сітуацыі на Блізкім Усходзе.
Украінская дэлегацыя на перамовах, фота з тэлеграм Рустэма Умерава
Паводле слоў Уладзіміра Зяленскага, украінскі бок працягвае амаль штодзённыя кантакты з прадстаўнікамі Злучаных Штатаў. Аднак праз падзеі вакол Ірана пакуль няма неабходных умоў і сігналаў для правядзення трохбаковай сустрэчы.
Зяленскі адзначыў, што як толькі пытанні бяспекі і агульная палітычная сітуацыя дазволяць аднавіць такі фармат перамоў, сустрэча адбудзецца. Украіна, паводле яго, да гэтага гатовая.
З пачатку 2026 года прадстаўнікі трох краін ужо правялі некалькі раўндаў кансультацый. У студзені і на пачатку лютага дэлегацыі сустракаліся ў Абу-Дабі, а ў сярэдзіне лютага перамовы прайшлі ў Жэневе.
Чарговую сустрэчу планавалі арганізаваць у Абу-Дабі ў пачатку сакавіка — прыкладна з 5 да 8 сакавіка. Дамоўленасць пра яе была дасягнутая яшчэ да абвастрэння канфлікту на Блізкім Усходзе.
З 28 лютага Ізраіль і ЗША наносяць удары па Іране, а ў адказ Тэгеран ажыццяўляе атакі па Ізраілі, а таксама па амерыканскіх вайсковых базах і дыпламатычных прадстаўніцтвах у краінах Персідскага заліва.
Чытайце таксама:
«Не трэба нікога палохаць». Зяленскі адрэагаваў на інфармацыю пра магчымы выхад Расіі з перамоваў
Расія пагражае выйсці з перамоў, калі ёй не аддадуць увесь Данбас