У якой разведкі была найлепшая інфармацыя з Беларусі ў лютым 2022 і хто паведаміў Буданаву, што асноўны ўдар расіян будзе на Гастомель. З’явілася вялікая публікацыя
Выданне The Guardian на аснове больш чым 100 інтэрв'ю з інсайдарамі ў розных краінах падрабязна апісала, як ЗША і Вялікабрытанія раскрылі планы Уладзіміра Пуціна па ўварванні ва Украіну, як ратаваліся еўрапейскія дыпламаты, якія так і не паверылі, і ці маглі падзеі разгарнуцца інакш. Прыводзім самае цікавае.

Як нагадваюць аўтары артыкула, амерыканская і брытанская разведкі ўжо восенню 2021 года былі ўпэўненыя, што Пуцін прыняў рашэнне захапіць Украіну. З артыкула вынікае, што інфармацыі амерыканцаў у Еўропе не давяралі, бо ў памяці заставалася сітуацыя 2003 года, калі адміністрацыя Джорджа Буша сфальсіфікавала звесткі разведкі, каб апраўдаць уварванне ў Ірак.
У артыкуле поўна цікавых і малавядомых дэталяў: як рэзідэнт польскай разведкі молатам крышыў шыфравальнае абсталяванне ў польскай амбасадзе ў Кіеве 23 лютага; як кіраўніка нямецкай выведкі эвакуявалі польскія спецслужбісты; і як Пуцін 24 лютага трыумфаваў за абедам.
Перад вайной улады Украіны стаялі перад цяжкай дылемай: калі гаварыць народу, што вайна непазбежная, ці нават проста праводзіць мабілізацыйныя мерапрыемствы, узнікне паніка і хаос, у выніку якіх краіна можа ўзарвацца з сярэдзіны; калі адмаўляць усё і не рыхтавацца, дзяржава можа не вытрымаць першага ўдару.
Зяленскі выбраў сярэднюю між гэтымі крайнасцямі лінію, якая па выніку ўратавала Украіну.
Джо Байдэн, пагаршэнне інтэлектуальных здольнасцяў якога пры канцы яго тэрміна прэзідэнцтва кінула цень на яго даробак, з апублікаваных матэрыялаў паўстае як лідар, які меў тонкае палітычнае чуццё і хутка прымаў складаныя рашэнні, але грунтаваўся на памылковай ацэнцы амерыканскай разведкі, што Украіна не выстаіць, і няправільна ацэньваў баланс сілаў.
У Парыжы і Берліне спецслужбы інтэрпрэтавалі нарошчванне вайсковай моцы Расіяй не як план вайны, а як блеф з мэтай ціску на Украіну.
«У нас была ўся тая ж інфармацыя пра войскі на мяжы, але мы разыходзіліся ў аналізе таго, што было ў галаве ў Пуціна», — цытуе выданне словы тагачаснага пасла Францыі ў Кіеве Эцьена дэ Пансэна (Étienne de Poncins).
Нават Польшча, традыцыйна настроеная рашуча ў дачыненні да Расіі, не была перакананая інфармацыяй амерыканцаў, што ўварванне будзе поўнамаштабным.
«Мы меркавалі, што Служба замежнай разведкі і ГРУ данясуць да Пуціна, што ўкраінцы не будуць сустракаць расіян кветкамі і хлебам-соллю», — сказаў журналістам кіраўнік Службы замежнай разведкі Польшчы Пётр Краўчык.
Выданне адзначае — польскія спецслужбы мелі добрае ўяўленне пра сітуацыю ў суседняй Беларусі, дзе размяшчаліся сілы, якія маглі рушыць на Кіеў з поўначы, і тыя сілы здаваліся максімальна слабымі.
«Там былі пераважна вайскоўцы-тэрміновікі… і ў іх было мала боепрыпасаў, паліва і падрыхтоўкі», — сказаў Краўчык.
На яго думку, гэта больш нагадвала адцягваючы манеўр — спробу прымусіць Украіну перакінуць увагу і агнявую моц з Данбаса, — а не сур’ёзную сілу, здольную ўтрымліваць пад акупацыяй большую частку краіны.
Шэсць тыдняў да ўварвання
У першай палове студзеня амерыканцы атрымалі больш падрабязную інфармацыю пра планы: расійскія войскі ўварвуцца ва Украіну з некалькіх кірункаў, у тым ліку з Беларусі, дэсант высадзіцца ў аэрапорце Гастомель пад Кіевам, які стане базай для захопу сталіцы, і існуе план забойства Зяленскага. Расія распрацавала таксама план дзеянняў пасля акупацыі: былі складзеныя спісы ўкраінцаў, якія падлягалі ліквідацыі або зняволенню, і прарасійскіх дзеячаў, якім будзе даручана кіраваць Украінай.
Дырэктар ЦРУ Уільям Бёрнс прыляцеў у Кіеў, каб асабіста паведаміць украінскаму прэзідэнту пра тое, што, на думку ЦРУ, вось-вось адбудзецца, але рэакцыя была не той, на якую ён мог спадзявацца. Праз тыдзень Зяленскі выпусціў відэазварот да ўкраінцаў, у якім заклікаў іх не слухаць тых, хто прадказвае канфлікт.
Праз тры дні пасля відэазвароту, 22 студзеня, Міністэрства замежных спраў Вялікабрытаніі выпусціла заяву, у якой сцвярджала, што Лондан валодае разведданымі аб тым, што Расія хоча паставіць былога ўкраінскага дэпутата Яўгена Мураева прэм'ер-міністрам пасля ўварвання. Многім гэта здалося абсурдным да немагчымасці: нейкі Мураеў быў ніхто і нішто.
Два тыдні да ўварвання
У сярэдзіне лютага брытанскае, амерыканскае і некаторыя іншыя пасольствы эвакуяваліся з Кіева, папярэдне знішчыўшы сакрэтнае абсталяванне.
Рэзідэнтура ЦРУ перабралася на сакрэтную базу на захадзе Украіны. На развітанне яны падарылі СБУ некалькі «Джавелінаў».
У Лондане ключавыя супрацоўнікі Міністэрства абароны перасяліліся ў гатэлі побач з будынкам міністэрства, каб быць на працы за лічаныя хвіліны, калі настане момант ікс.
Некаторыя еўрапейскія краіны таксама скарацілі сваю прысутнасць у Кіеве да мінімальнага штату і распрацавалі планы эвакуацыі. Але прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон і канцлер Германіі Олаф Шольц усё яшчэ верылі, што Пуціна можна адгаварыць ад нападу, і абодва наведалі Маскву ў лютым, каб пераканаць яго вырашыць сітуацыю дыпламатычным шляхам.
Амерыканцы працягвалі інтэрпрэтаваць сігналы Масквы зусім інакш. Падчас апошняй тэлефоннай размовы Байдэна з Пуціным 12 лютага Байдэн палічыў расійскага лідара настроеным цвёрда, рашуча і зусім не зацікаўленым у прапановах перамоў. Паклаўшы слухаўку, Байдэн сказаў сваім памочнікам, што прыйшоў час рыхтавацца да найгоршага. Вайна была непазбежнай, і ўварванне магло адбыцца ў любы дзень.

У размовах з Зяленскім прэзідэнт ЗША адкрыта заяўляў, што рускія пойдуць на Кіеў. Расчараваны тым, што яму здавалася «няздольнасцю прэзідэнта Украіны і яго каманды прыслухацца», дарадца прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліван засяродзіў увагу на ўкраінскіх спецслужбах і вайскоўцах, спадзеючыся, што яны будуць дзейнічаць знізу.
Група афіцэраў ГУР — вайсковай разведкі Украіны, сапраўды пачала ціхае планаванне на выпадак надзвычайных сітуацый у студзені 2022 года. Пад выглядам месячных вучэнняў яны арандавалі некалькі канспіратыўных кватэр вакол Кіева і знялі вялікія запасы наяўных грошай. За месяц, у сярэдзіне лютага, вайна яшчэ не пачалася, таму «вучэнні» працягнулі яшчэ на месяц.
У сярэдзіне студзеня галоўнакамандуючы Узброенымі сіламі Валерый Залужны разам з жонкай з меркаванняў бяспекі пакінуў сваю кватэру і пераехаў у службовае памяшканне на тэрыторыі комплексу Генштаба.
У лютым, як успамінаў адзін з генералаў, для вышэйшага камандавання правялі штабныя вучэнні — адпрацоўвалі розныя сцэнарыі магчымага ўварвання. Разглядалі, у тым ліку, напад на Кіеў і нават яшчэ горшы варыянт за той, што рэалізаваўся ў рэальнасці: калі расійскія войскі прабіваюць калідор уздоўж заходняй мяжы Украіны, каб перарэзаць пастаўкі дапамогі ад саюзнікаў.
Аднак без санкцыі палітычнага кіраўніцтва ўсе гэтыя планы заставаліся толькі на паперы. Любое маштабнае перакідванне войскаў было б незаконным і яго амаль немагчыма было б утрымаць у таямніцы.
У другі тыдзень лютага памежная служба Украіны перахапіла новы доказ, які быў вырашальным: перамовы камандзіра чачэнскага падраздзялення, дыслакаванага ў Беларусі, з кіраўніком Чачні Рамзанам Кадыравым. Камандзір даклаў Кадыраву, што яго людзі на месцы і «хутка будуць у Кіеве». Зяленскаму паказалі запіс, але ён застаўся пры сваім меркаванні.
Два дні да ўварвання
22 лютага сакратар Рады бяспекі Аляксей Данілаў перадаў Зяленскаму чырвоную папку з звышсакрэтнай справаздачай разведкі пра «прамую фізічную пагрозу» прэзідэнту. Іншымі словамі, групы забойцаў былі ўжо ў дарозе. Зяленскі, здавалася, адмахнуўся ад гэтага, але інфармацыя, відаць, зрабіла ўражанне.
На наступны дзень, за дзень да пачатку вайны, падчас напружанай і змрочнай сустрэчы з прэзідэнтамі Польшчы і Літвы ў велічным Марыінскім палацы ў Кіеве, Зяленскі сказаў ім, што, магчыма, яны бачаць яго жывым апошні раз. Як толькі сустрэча скончылася, супрацоўнікі польскай разведкі паспяшаліся пасадзіць двух прэзідэнтаў у картэж, які на максімальнай хуткасці памчаў на захад.
Барташ Ціхоцкі, пасол Польшчы ва Украіне, застаўся ў Кіеве. Праз пару гадзін яго выклікалі ў пасольства, дзе прыйшла «зусім сакрэтная» тэлеграма з Варшавы. Гэта быў кароткі тэкст з аднаго абзаца, у якім паслу паведамлялі, што ўварванне пачнецца сёння ноччу.

Як адзначае The Guardian, за апошнія два тыдні перад вайной палякі перагледзелі свой скептыцызм наконт уварвання, часткова грунтуючыся на новых разведданых пра расійскія войскі, размешчаныя ў Беларусі. Цяпер было канчатковае пацверджанне таго, што напад адбудзецца.
Пасля атрымання тэлеграмы, як сцвярджае выданне, «сцены будынка пасольства некалькі гадзін дрыжалі», пакуль адзін з афіцэраў польскай разведкі, што заставаўся ў Кіеве, кувалдай крышыў шыфравальнае абсталяванне, каб выключыць яго траплянне ў рукі расіян.
Восем гадзін да ўварвання
Варшава цяпер была на адным баку з Лонданам і Вашынгтонам, Парыж і Берлін заставаліся ў сумневах нават у апошнія хвіліны. Разведкі гэтых найбольшых дзяржаў ЕС цяпер прызнавалі, што нейкія ваенныя дзеянні магчымыя, але яны ўсё яшчэ адкідалі ідэю поўнамаштабнага ўварвання з мэтай захопу Кіева. Пасол Францыі даведаўся пра гэта толькі тады, калі яго пабудзіў гук расійскіх ракет, што білі па аб'ектах вакол сталіцы.
Яшчэ больш паказальная гісторыя Бруна Каля — кіраўніка замежнай разведкі Германіі (BND). Позна ўвечары 23 лютага яго самалёт прызямліўся ў Кіеве. У горадзе ўжо хадзілі панічныя размовы пра магчымы напад, замежных журналістаў папярэджвалі пра небяспеку, але Каль усё ж прыбыў у сталіцу.
Неўзабаве пасля таго, як ён пасяліўся ў адным з кіеўскіх гатэляў, пасол Германіі ва Украіне атрымаў з Берліна тэрміновы загад неадкладна эвакуяваць увесь астатні дыпламатычны персанал з Кіева аўтатранспартам. Пагроза была занадта неадкладнай, каб чакаць раніцы, заявіла міністэрства.
Нават тады кіраўнік нямецкай разведкі адхіліў прапанову далучыцца да начнога дыпламатычнага канвою, спаслаўшыся на важныя сустрэчы, запланаваныя на наступны дзень. Замест сустрэч на наступны дзень Каля прыйшлося вывозіць з Кіева па дарогах, забітых уцекачамі-ўкраінцамі. Балазе на дапамогу прыйшлі польскія спецслужбісты.
Па словах жонкі Зяленскага — цяжка сказаць, ці варта ёй да канца верыць, яны з мужам ў вечар напярэдадні нападу ляглі спаць як звычайна. Яна нават не сабрала трывожны чамаданчык.
Уварванне таксама заспела знянацку большую частку ўкраінскага кабінета міністраў, уключаючы міністра абароны Рэзнікава. Ён лёг спаць з будзільнікам, пастаўленым на 6 гадзін раніцы: планаваў вылецець вайсковым самалётам на лінію сутыкнення на Данбасе, каб адтуль правесці размову з міністрамі краін Балтыі.
Замест гэтага міністра разбудзіў а 4‑й гадзіны раніцы званок галоўнакамандуючага Узброенымі сіламі Украіны Валерыя Залужнага: вайна.
Пуцін абвясціў пра пачатак «спецыяльнай ваеннай аперацыі» ў 4:50 раніцы па кіеўскім часе 24 лютага. Праз некалькі хвілін Расія нанесла серыю ракетных удараў па цэлях вакол сталіцы.
Для еўрапейскіх спецслужбаў, якія не здолелі своечасова прадбачыць уварванне, наступіў перыяд балючага самааналізу. Адзін з афіцэраў еўрапейскай разведкі прызнаўся, што ўнутры ведамства адчувалася моцнае абурэнне з-за правалу, і многія настойвалі на ўнутраным расследаванні — каб зразумець, што было зроблена не так і што можна было зрабіць лепш.
«Увесь сэнс існавання разведвальнай службы — прадбачыць, калі пачнецца наступная вайна, — сказаў ён. — І гэтую задачу мы цалкам правалілі».
Яны маглі суцешыцца толькі тым, што ў Маскве і Мінску памыліліся яшчэ мацней. У артыкуле расказваецца, як на абедзе з прэм'ерам Пакістана Імранам Ханам у Крамлі 24 лютага Уладзімір Пуцін махнуў рукой: не перажывайце, праз пару тыдняў усё будзе скончана. Вайна пайшла на пяты год, Расія страціла больш за 350 тысяч вайскоўцаў забітымі, а яе рэпутацыйныя страты неацэнныя.
Цяпер чытаюць
У якой разведкі была найлепшая інфармацыя з Беларусі ў лютым 2022 і хто паведаміў Буданаву, што асноўны ўдар расіян будзе на Гастомель. З’явілася вялікая публікацыя
Каментары
Оказалось, что слова "Путин" и "разум" не могут находиться в одном предложении.