У Гомелі кліент выпадкова прыціснуў сваёй машынай супрацоўніка аўтасэрвісу. Той доўга лячыўся
У сэрвісны цэнтр вядомага аўтамабільнага брэнда ўладальнік аўтамабіля прыехаў з няспраўнымі тармазамі. Каб высветліць прычыну паломкі, машыну трэба было загнаць на пад’ёмнік. Няшчасны выпадак адбыўся праз парушэнне правіл бяспекі падчас гэтага працэсу, паведамляе выданне «Белка».
Фота ілюстрацыйнае
Па правілах заганяць аўто на пад'ёмнік павінен майстар, які працуе на змене. Аднак такога спецыяліста на станцыі доўгі час не было, і механікі вымушаныя былі спраўляцца самастойна. Паколькі супрацоўнік часта заставаўся ў цэху адзін, машыны на пад’ёмнік заганялі самі кліенты, хоць гэта і забаронена.
Так здарылася і ў той дзень. Кіроўца паехаў да пад’ёмніка, а слесар стаў перад аўтамабілем, каб дапамагчы выраўняць рух. У нейкі момант уладальнік рэзка націснуў на газ, а тармазы не спрацавалі. У выніку машына пераляцела праз абмежавальнікі, упала ўніз і прыціснула слесару ногі.
Пацярпелы доўга лячыўся, некалькі месяцаў хадзіў на мыліцах. Магчыма, яму ў будучыні спатрэбіцца аперацыя па замене каленнага сустава. У дачыненні да 28‑гадовага кліента сабралі доказы па справе аб прычыненні менш цяжкіх цялесных пашкоджанняў па неасцярожнасці. Матэрыялы перададзены ў суд.
Пакаранне па гэтым артыкуле прадугледжвае арышт або абмежаванне свабоды да двух гадоў.
Апошні інструктаж па тэхніцы бяспекі на гэтым прадпрыемстве праводзіўся за чатыры гады да здарэння.
Чытайце таксама:
У Гродне кацяня праехала 10 кіламетраў у маторным адсеку аўтамабіля і само вызвалілася на СТА