БЕЛ Ł РУС

29‑гадовую мадэль і псіхолага з Гомеля асудзілі за палітыку. Меркавана, за Гаюна

7.03.2026 / 10:00

Nashaniva.com

Аліна Смярчынская, географ па адукацыі, развівалася ў прафесіі псіхолага-сэксалога і час ад часу здымалася ў рэкламе. Але нядаўна яе асудзілі па палітычным артыкуле.

Аліна Смярчынская. Фота з яе інстаграма

Аліне Смярчынскай 29 гадоў. Яна родам з Гомеля. На вучобу паехала ў Мінск і паступіла на геафак БДУ, дзе вывучала геаэкалогію.

Аднак пазней дзяўчына кардынальна змяніла сферу і пайшла ў псіхалогію. У 2024 годзе яна прайшла перападрыхтоўку ў БДПУ імя Максіма Танка па спецыяльнасці «Псіхалогія сямейных адносін». Акрамя таго, Аліна пастаянна павышала кваліфікацыю: з 2022 па 2025 год прайшла дзясяткі дадатковых курсаў. Сярод іх — медыцынская псіхалогія і сэксалогія, асновы гештальт-тэрапіі і КПТ, праца з метафарычнымі картамі, расстаноўкамі, гендарнай дысфарыяй і жаночай гіпасэксуальнасцю.

Апошнія гады дзяўчына жыла і працавала ў Мінску як псіхолаг, з лета 2024‑га афіцыйна зарэгістравалася як індывідуальны прадпрымальнік. Яна дапамагае кліентам з самаацэнкай, вырашэннем сямейных крызісаў і праблем у адносінах.

Таксама дзяўчына часам здымалася ў рэкламе — напрыклад, для брэндаў «Слаўная вада» і «Дамінас Піца».

Аліна ў рэкламе вады «Слаўная». Фота: kaktutzhit.by

У лютым 2026 года ў Мінскім гарадскім судзе Аліне вынеслі прысуд паводле частак 1 і 2 артыкула 361‑4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

Аліне прызначылі хатнюю хімію.

Дакладныя абставіны крымінальнай справы і даныя пра тое, за што канкрэтна яе затрымалі, пакуль невядомыя. Але звычайна цяпер па гэтым артыкуле пераследуюць па справе Гаюна.

«Беларускі Гаюн» — маніторынгавы OSINT-праект, які быў створаны ў 2022 годзе, калі Расія праз Беларусь напала на Украіну. Праект адсочваў ваенную актыўнасць расійскіх і беларускіх войскаў, абапіраючыся на інфармацыю ад беларусаў. Каардынавала яго дзейнасць група актывістаў на чале з Антонам Матолькам.

Справа Гаюна пачалася пасля таго, як сілавікі затрымалі актывістку, якая некалькі гадоў жыла ў Беларусі ў падполлі. У яе мабільніку знайшлі спасылку на далучэнне ў бот Гаюна, якую ёй дасылалі ў самым пачатку існавання праекта. Фатальная памылка палягала ў тым, што спасылка была бестэрміновай. А таму сілавікі змаглі падключыцца да бота і выпампаваць адтуль усю інфармацыю. Яны атрымалі паведамленні акаўнтаў, якія пісалі ў бот, а таксама іхнія ID і імёны карыстальнікаў.

Саму ж дзяўчыну затрымалі праз тое, што яна была вымушаная звярнуцца ў дзяржаўныя структуры, да медыкаў. У яе хлопца, які хаваўся разам з ёй, пачаліся моцныя праблемы са здароўем на фоне арышту яго бацькі.

Заснавальнік Гаюна Антон Матолька адразу пасля ўзлому патлумачыў, як адбыўся выцек інфармацыі і абвесціў пра закрыццё праекта. 

Чытайце таксама:

Бухгалтарку з Мінска асудзілі па справе Гаюна

29‑гадовую спецыялістку дзяржпрадпрыемства асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму»

Менеджара буйной IT-кампаніі асудзілі па абвінавачанні ва ўдзеле ў пратэстах і «садзейнічанні экстрэмізму»

Каментары да артыкула