БЕЛ Ł РУС

Беларуска, якая вырабляе брошкі ў выглядзе дзяўчат з чырвона-зялёнымі какошнікамі, шчыра не разумее, чаму яе крытыкуюць

5.03.2026 / 12:45

Ганна Стафановіч

Сама ж майстрыха з Салігорска шчыра лічыць свае вырабы прыгожымі, бо яны ў колерах афіцыйнага сцяга. А ў якасці абароны ад хейтараў нарабіла бірулек у выглядзе фаласаў.

Кацярына Крук. Скрыншот відэа ў тыктоку

Кацярына Крук робіць упрыгожванні з эпаксіднай смалы з засушанымі раслінамі. Як і шмат хто з майстрых, яна спрабуе рэкламаваць свае вырабы праз тыкток.

Нечакана вырабам, які найбольш актыўна абмяркоўвалі карыстальнікі сацсетак, сталі брошкі ды падвесы ў выглядзе дзяўчат з зялёна-чырвонымі какошнікамі.

Шмат хто пісаў Кацярыне пра тое, што гэта дзіўнае спалучэнне, бо незразумела, якое дачыненне маюць да Беларусі какошнікі. Майстрыха пабачыла ў крытыцы хэйт і запісала відэа, у якім абураецца гэтым. Але лічыць, што праблема больш не ў какошніках, а ў тым, што яны ў колерах афіцыйнага сцяга.

Кажа, што даведалася: майстрыхі, якія робяць нешта ў чырвона-зялёных колерах, сустракаюцца з абразамі.

Кацярына даволі агрэсіўна адказвае на абсалютна нейтральныя каментары кшталту: «Песня прыгожая, але не было ў беларускай культуры какошнікаў». І пытаецца ў каментатараў, ці не атрымоўваюць яны грошы за сваю крытыку.

— Я лічу гэтыя брошкі прыгожымі, бо на іх наша сімволіка, колер нашага беларускага сцяга. І вельмі шмат беларусаў лічаць так, як і я. Спадзяюся, вы разумееце, што попыт спараджае прапанову. І ніводны разважны майстар не будзе рабіць вырабы ў стол.

Што праўда, яе брошкі з шырачэзнай белай паласой злева больш нагадваюць сцяг Мадагаскара.

Сцяг Мадагаскара

Тым, каму не падабаюцца брошкі з какошнікамі, Кацярына прапаноўвае набыць брошкі з валошкамі. Таксама жанчына жартуе, што нарабіла ўжо абярэгаў ад хейтэраў — бірулек у выглядзе фаласаў.

Чытайце таксама:

Дзяўчына з Брэста вырабляе какошнікі. І шчыра не разумее, чаму на іх зусім няма попыту

Жасмін з Адэсы вырашыла стварыць у Беларусі брэнд галаўных убораў для мусульманак. І атрымала хвалю нянавісці

Як гомельская майстрыха стала зоркай Threads за адны суткі

Каментары да артыкула