БЕЛ Ł РУС

Расія ўводзіць спіс машын, дазволеных як таксі. Збольшага ламачча ламаччам

5.03.2026 / 16:05

Лаўрын Кулеш

Міністэрства прамысловасці і гандлю Расіі ў рамках выканання закона аб лакалізацыі таксі апублікавала спіс з 22 марак машын, якія дазволена закупляць у таксапаркі.

Фота: ladacenter-spb.ru

Да апошняга часу расійскі рынак таксі быў адным з самых адкрытых сегментаў аўтамабільнага рынку. Дзяржава амаль не рэгулявала, на якіх машынах можна працаваць. Галоўнае, каб аўтамабіль адпавядаў тэхнічным патрабаванням і быў уключаны ў рэгіянальны рэестр таксі. Таму таксапаркі і кіроўцы выбіралі мадэлі, якія былі найбольш выгаднымі для інтэнсіўнай эксплуатацыі.

Паводле аднаго з галіновых даследаванняў, у 2025 годзе самым папулярным аўтамабілем у расійскім таксі была Hyundai Solaris. Другое месца займала Kia Rio. Разам гэтыя дзве мадэлі — адносна танныя, бо расійскай адкруткавай зборкі — складалі каля 40% таксапарка краіны. І толькі на трэцім месцы была Lada Granta. За ёй ішлі Volkswagen Polo і Renault Logan — таксама адкруткавай зборкі.

Таксі — адзін з найбуйнейшых рынкаў куплі аўтамабіляў у Расіі. Паводле ацэнак, у краіне працуе каля 1,2 мільёна такіх машын. Аўтамабілі ў таксі ў сярэднім абнаўляюцца раз на пяць—шэсць гадоў, гэта азначае попыт прыкладна на 200 тысяч новых аўтамабіляў штогод. Гэта каля 15% ад усяго расійскага рынку новых машын.

Таму не дзіўна, што расійскія ўлады вырашылі выкарыстаць гэты сегмент як інструмент падтрымкі ўласнай аўтамабільнай прамысловасці.

Адпаведна закона аб лакалізацыі таксі, які ўступіў у сілу з 1 сакавіка 2026 года, каб аўтамабіль мог быць уключаны ў рэгіянальны рэестр таксі, павінна выконвацца адна з дзвюх умоў: ён або павінен набраць не менш за 3200 балаў па ўзроўні лакалізацыі (па той жа сістэме, што выкарыстоўваецца ў дзяржаўных закупках), або быць выраблены ў рамках спецыяльнага інвестыцыйнага кантракта (СПІК), заключанага ў перыяд з 1 сакавіка 2022 года да 1 сакавіка 2025 года.

Як выглядае спіс?

Толькі пасля ўступлення закона ў сілу Міністэрства прамысловасці і гандлю Расіі апублікавала фінальны пералік аўтамабіляў, дазволеных для выкарыстання ў таксі. У ім 22 мадэлі.

Найбольш у спісе прадстаўлены аўтамабілі «АвтоВАЗа» — сем мадэляў Lada: Granta, Iskra, Vesta, Niva Travel, Niva Legend, Largus і Aura.

Яшчэ шэсць мадэляў брэнда «Масквіч»: «Масквіч 3», «Масквіч 3е», «Масквіч 6», «Масквіч 8», а таксама мадэлі М70 і М90.

Астатнія пазіцыі занялі менш вядомыя маркі, якія з’явіліся ў расійскай аўтаіндустрыі ўжо пасля 2022 года.

Дзве мадэлі ў спісе — Sollers SP7 і Sollers SF1. SP7 — гэта вялікі пасажырскі мінівэн, фактычна версія кітайскага JAC Refine RF8, а SF1 — кампактны камерцыйны фургон.

Яшчэ тры мадэлі належаць марцы Evolute — I-Joy, I-Sky і I-Space. Яны фактычна з’яўляюцца адаптаванымі версіямі кітайскіх мадэляў канцэрна Dongfeng, але збіраюцца ў Расіі.

У пералік увайшлі таксама тры мадэлі маркі Voyah — Free, Dream і Passion. Гэта прэміяльны брэнд таго ж кітайскага канцэрна Dongfeng. Гэтыя аўтамабілі арыентаваныя на даражэйшы сегмент рынку і ў таксі, хутчэй за ўсё, будуць выкарыстоўвацца ў бізнэс-класе.

Яшчэ адна пазіцыя ў спісе — UMO 5. Гэта электрычны кросовер, які толькі пачалі вырабляць у Расіі ў рамках новага праекта лакалізацыі. Ён створаны на базе кітайскай мадэлі GAC Aion Y Plus.

Згодна з новымі правіламі, новыя аўтамабілі для таксі павінны быць толькі з гэтага пераліку. Іншамаркі, якія ўжо працуюць у таксі, не будуць забаронены адразу: ім дазволяць ездзіць да поўнага зносу. Але набыць новую такую машыну для працы ўжо будзе немагчыма.

Праўда, прадугледжаныя выключэнні для асобных рэгіёнаў. У Калінінградскай вобласці і рэгіёнах Сібірскай федэральнай акругі закон пачне дзейнічаць з 1 сакавіка 2028 года, а на Далёкім Усходзе — з 1 сакавіка 2030-га.

У той жа час і сам пералік можа змяняцца. Мінпрамгандаль Расіі заяўляе, што ў будучыні ў яго могуць быць уключаныя, напрыклад, кросоверы Haval Jolion, Haval F7 і Haval F7x, якія выпускаюцца на заводзе пад Тулай, а таксама мадэль Tenet T7, вытворчасць якой наладжваецца на былым заводзе Volkswagen у Калузе.

А вось пра Geely, аўтамабілі якой выпускаюцца ў Беларусі і папулярныя ў Расіі, гаворка пакуль не ідзе. Як вынікае з рашэння ўладаў, саюзная дзяржава саюзнай дзяржавай, а прыярытэт аддаецца найперш уласнай расійскай вытворчасці.

Чытайце таксама:

У Расіі спрабуюць адрадзіць «Волгу». Нехта засняў новую мадэль — гэта копія Geely

У Беларусі амаль перасталі купляць расійскія машыны

20 гадоў таму ў Беларусі пачалі збіраць іранскія «Саманды». Як цяпер яны выглядаюць і колькі каштуюць?

Каментары да артыкула