20 гадоў таму ў Беларусі пачалі збіраць іранскія «Саманды». Як цяпер яны выглядаюць і колькі каштуюць?
З 2006 да 2013 года на заводзе «Юнісон» пад Мінскам збіралі аўтамабілі Iran Khodro Samand. Гэтыя французска-іранска-беларускія машыны збіраліся зрабіць такімі ж папулярнымі, як цяперашнія Geely.

Спроба залічаная
Седан Iran Khodro Samand створаны на базе Peugeot 405, які выйшаў у свет у далёкім 1987 годзе. Таму перспектыўнасць задумы наладзіць зборку такога аўто ў 2006 годзе адразу выклікала сумневы. Але невядомасць брэнда і сам факт адсталасці мадэлі — не адзінае, што паўплывала на лёс гэтага праекта.

Трэба разумець, што да сярэдзіны 2011 года ў Беларусі існавалі даволі нізкія мыты на ўвоз аўто з іншых краін. Напрыклад, за 3 — 10‑гадовае аўто з рухавіком аб'ёмам 1,6 літра трэба было заплаціць усяго 640 еўра мыта, а з 2‑літровым — 800.
Праз гэта Samand у насельніцтва ад самага пачатку карыстаўся вельмі нізкім попытам, а асноўнымі пакупнікамі французска-іранска-беларускага аўтамабіля выступалі дзяржаўныя арганізацыі.

Пры гэтым планы напачатку агучваліся даволі амбітныя. Да канца 2006 года планавалі выпусціць 820 аўто, а ў 2007‑м — ужо не менш за 4 тысячы. Разам з гэтым планавалася дасягнуць даволі высокага ўзроўню лакалізацыі — да 35—50%.
У выніку за ўвесь час існавання праекта было зроблена ўсяго каля 2000 аўто. Новы іранска-беларускі седан каштаваў каля 12 500 даляраў.
Колькі каштуюць цяпер?
Зараз у продажы 12 аўто беларускай зборкі 2006—2013 гадоў выпуску. За самае таннае з іх просяць усяго 850 даляраў. Гэта машына 2006 года выпуску з заяўленым прабегам 300 тысяч кіламетраў.

Машына на хаду, але патрабуе капітальнага рамонту кузава і замены падшыпніка ў задняй балцы.
Далей ідуць аўто за 1300‑2000 даляраў.
За 6000 рублёў ($2067) прадаецца машына, якая выглядае даволі прыстойна. Згодна з апісаннем, у ёй ужо перавараныя ланжэроны і заменены рухавік.

Рухавік, як і іншыя дэталі па тэхнічнай частцы, пасуюць ад Peugeot.
Паколькі тэхнічна гэта Peugeot, то праблем з запчасткамі няма. А вось з кузаўнымі дэталямі ўсё складана. Яны ўсе свае, іранскія, а машыны гэтыя, як паказаў час, карозіі супраціўляюцца не вельмі.
Ёсць у продажы і некалькі рэстайлінгавых машын апошніх гадоў выпуску.

За варыянт з кузаўнымі дэфектамі ў выглядзе іржы просяць 3300 даляраў, а за нібыта беспраблемныя варыянты 2011—2012 гадоў выпуску — па 4300—4400 даляраў.
Каментары