У Кітаі пасля чыстак вайскоўцаў узяліся і за цывільных чыноўнікаў
Лідар Кітая Сі Цзіньпін, які раней фактычна абнавіў кіраўніцтва Народна-вызваленчай арміі Кітая, верагодна, пачаў узмацняць кантроль і ў палітычнай сферы перад чарговым з’ездам Камуністычнай партыі Кітая, запланаваным на 2027 год, піша The Moscow Times.
Фота: AP Photo/Ng Han Guan
4 і 5 сакавіка ў Пекіне праходзіць чацвёртая сесія 14‑га склікання Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў. У гэты орган уваходзяць губернатары правінцый, вайсковае кіраўніцтва і кіраўнікі буйных прадпрыемстваў. Аднак сёлета колькасць дэлегатаў аказалася найменшай з 2000 года, што можа сведчыць аб пашырэнні кампаніі супраць нелаяльнасці і карупцыі.
Па словах старшыні Пастаяннага камітэта сходу Чжаа Лэцзі, на адкрыцці сесіі ў Вялікай зале народных сходаў прысутнічалі 2765 дэпутатаў. Гэта найменшы паказчык з пачатку стагоддзя. 113 дэлегатаў — амаль 4% ад агульнай колькасці — на сесію не прыйшлі, і прычыны іх адсутнасці не былі названыя. Гэта самая вялікая колькасць адсутных за час кіравання Сі Цзіньпіна, калі не лічыць 2022 год, калі многія прапусцілі сесію з-за каранавірусных абмежаванняў.
У сярэднім узровень няяўкі ў гэтым годзе амаль удвая перавышае сярэдні паказчык за апошнія 13 гадоў, які складаў каля 2%.
Акрамя таго, у гэтыя лічбы не ўваходзяць тыя дэпутаты, якія ўжо былі афіцыйна адхіленыя ад удзелу ў працы сходу. З 2023 года колькасць дэлегатаў скарацілася на 99 чалавек — гэта самае значнае зніжэнне за тры тэрміны кіравання Сі Цзіньпіна. Частку чыноўнікаў адхілілі ў межах антыкарупцыйнай кампаніі, некаторыя пайшлі ў адстаўку, а некалькі чалавек памерлі.
Вялікая колькасць адсутных выклікала пытанні пра тое, ці не звязана гэта з расследаваннямі ў дачыненні да некаторых дэпутатаў. Паводле аналітыкаў, маштаб палітычных рэпрэсій у краіне можа быць значна большы, чым меркавалася раней, піша агенцтва Bloomberg.
Раней Сі Цзіньпін правёў найбуйнейшыя за апошнія пяцьдзясят гадоў кадравыя перастаноўкі ў Народна-вызваленчай арміі Кітая, пакінуўшы ў вышэйшым кіраўніцтве толькі аднаго генерала. У канцы студзеня ён адхіліў ад пасадаў двух высокапастаўленых вайскоўцаў, абвінавачаных у карупцыі, у тым ліку аднаго з галоўных кіраўнікоў узброеных сіл — генерал-палкоўніка Чжана Юся.
На думку некаторых крыніц, прычыны такіх дзеянняў не зусім зразумелыя. Адныя лічаць, што гэта можа быць звязана з недаверам і страхам перад палітычнымі праціўнікамі, іншыя — з жаданнем змагацца з карупцыяй у арміі. Таксама існуе меркаванне, што праз чысткі Сі Цзіньпін імкнецца максімальна сканцэнтраваць уладу ў сваіх руках, каб пасля нічога не перашкаджала магчымым планам адносна Тайваня.
Чытайце таксама:
Сі Цзіньпін праводзіць маштабную чыстку ў кітайскай арміі
У Кітаі працягваюцца жорсткія чысткі ў арміі: паляцела галава другога чалавека ў войску
Топавага кітайскага генерала вінавацяць у перадачы ядзерных сакрэтаў ЗША