Трамп заявіў, што ў Зяленскага цяпер «яшчэ менш картаў», і абвінаваціў Кіеў у тармажэнні перамоў
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп зноў раскрытыкаваў Украіну ў сувязі з адсутнасцю вынікаў у перамовах аб заканчэнні расійска-ўкраінскай вайны і заявіў, што цяпер у прэзідэнта Украіны «яшчэ менш картаў». Пра гэта ён сказаў у інтэрв’ю Politico, піша «Еўрапейская праўда».
Дональд Трамп. Фота: AP Photo / Alex Brandon
Каментуючы перамовы паміж Украінай і Расіяй пры пасярэдніцтве ЗША, Трамп адзначыў, што Уладзіміру Зяленскаму «пара дзейнічаць» і забяспечыць заключэнне пагаднення. Ён таксама зноў выказаў меркаванне, што Уладзімір Пуцін гатовы да дамовы.
Пры гэтым амерыканскі лідар не растлумачыў канкрэтна, у чым бачыць перашкоды з боку ўкраінскага кіраўніцтва, але заявіў, што Зяленскі нібыта не дэманструе дастатковай гатоўнасці да перамоў і з'яўляецца перашкодай для іх.
«У вас няма картаў. У яго цяпер яшчэ менш картаў», — сказаў Трамп.
Акрамя таго, ён чарговы раз раскрытыкаваў адміністрацыю Джо Байдэна за бясплатныя пастаўкі боепрыпасаў Украіне, адзначыўшы, што іх можна было б лепш прадаваць краінам Блізкага Усходу.
Тым часам прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў, што ЗША папрасілі дапамогі ў супрацьдзеянні дронам «Шахед», якія Іран цяпер актыўна выкарыстоўвае на Блізкім Усходзе.
Папярэдні раўнд перамоў паміж Украінай і Расіяй адбыўся ў лютым. Пазней у Маскве заявілі, што пакуль няма яснасці наконт наступнай сустрэчы і месца яе правядзення, бо перамовы ў Абу-Дабі, якія раней разглядаліся, могуць не адбыцца з-за вайны на Блізкім Усходзе. Таксама з Крамля гучалі сігналы, што Расія можа выйсці з перамоў, калі Украіна не пагодзіцца на тэрытарыяльныя саступкі. У Еўракамісіі такую пазіцыю назвалі спробай зацягнуць перамоўны працэс.
Чытайце таксама:
«Уся справа ў адной асобе»: Зяленскі звярнуўся да Трампа з адной просьбай
Наш выхад з Данбаса не спыніць Пуціна: Зяленскі назваў чаканні ЗША недальнабачнымі