БЕЛ Ł РУС

Бяляцкі заявіў, што яго вызвалілі дзякуючы санкцыям Захаду супраць Лукашэнкі, і заклікаў не змякчаць іх

6.03.2026 / 13:30

Nashaniva.com

Лаўрэат Нобелеўскай прэміі назваў Лукашэнку «разбуральнікам беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці і беларускай нацыянальнай свядомасці».

Фота: AP Photo Mindaugas Kulbis

Брытанская газета The Times апублікавала інтэрв’ю з Алесем Бяляцкім. Радыё Свабода пераказвае асноўныя тэзісы інтэрв'ю.

«Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру і былы палітычны зняволены ў Беларусі папярэдзіў пра небяспеку змякчэння санкцый супраць аўтарытарнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі», — піша The Times.

Газета нагадвае, што ЗША паступова змякчалі свае гандлёвыя абмежаванні для Беларусі, якую калісьці называлі «апошняй дыктатурай Еўропы», падчас перамоваў, што спрыялі вызваленню Алеся Бяляцкага разам з дзясяткамі іншых палітычных зняволеных.

Аднак самы вядомы праваабаронца краіны перакананы, што Вялікабрытанія і астатняя частка Еўропы не павінны рабіць тое самае.

«Без палітычных і эканамічных санкцый мы засталіся б у турме, — сказаў Бяляцкі, тлумачачы, што гэтыя меры даюць рычагі ўплыву, неабходныя для перамоваў аб вызваленні зняволеных.

— Толькі рэзкае пагаршэнне эканамічнага становішча Беларусі ў апошнія месяцы прымусіла ўлады шукаць выйсце. У рэжыму няма палітычных апанентаў, няма дэмакратычных журналістаў. Ён задушыў культурныя і моладзевыя ініцыятывы».

Бяляцкі апісвае ўмовы, падобныя да савецкага ГУЛАГа, у якіх знаходзяцца палітычныя вязні.

«Вы можаце памерці там — яны проста не акажуць вам медыцынскую дапамогу, — сказаў ён. — Калі вы выжываеце, гэта азначае, што вам пашанцавала».

Жонка Бяляцкага пісала яму кожны тыдзень, але ён атрымаў толькі некалькі яе лістоў, а турэмныя ахоўнікі ніколі не перасылалі ёй яго адказаў. Пры вызваленні Бяляцкага ўсе яго дакументы канфіскавалі, у тым ліку два рукапісы кніг, якія ён напісаў у зняволенні. Як і многія іншыя беларускія палітычныя вязні, ён асцярожна выказваецца пра свае пакуты, але паведаміў, што яму адмаўлялі ў лячэнні два гады пасля таго, як у яго з’явіліся праблемы з нагамі.

«Яны глядзелі, чым гэта скончыцца», — сказаў ён.

Садавіна і гародніна былі такой рэдкасцю, што за ўвесь 2025 год адзіным свежым плодам, які з’еў Бяляцкі, быў адзін яблык.

Сярод іншага, Бяляцкі адказаў, як могуць адбыцца змены ў Беларусі.

«Няхай гэта будзе як у Іспаніі пасля смерці Франсіска Франка ці як у Чэхаславакіі падчас «Аксамітнай рэвалюцыі» — ёсць шмат розных варыянтаў, — сказаў Бяляцкі. — Але я перакананы, што ў Беларусі гэтыя змены непазбежныя, бо сёння гэтая хунта, якая трымае ўладу, не мае падтрымкі народа».

Бяляцкі таксама заявіў, што Лукашэнка быў «разбуральнікам беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці і беларускай нацыянальнай свядомасці», і паслядоўна руйнуе адметнасць сваёй краіны ў працяг двухвекавой палітыкі русіфікацыі, канчатковай мэтай якой з’яўляецца аб’яднанне дзвюх дзяржаў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула