MALDZIS выкупіў старадаўні архіў парафіі з Гарадзеншчыны
Гэта бясцэнная крыніца інфармацыі пра рэлігійнае і свецкае жыццё ваколіц Горадні ў XIX стагоддзі.
7‑га сакавіка ініцыятыва MALDZIS набыла на аўкцыёне ў Польшчы рукапісны архіў першай паловы XIX стагоддзя, які паходзіць з парафіі недалёка ад Горадні. Гэта вельмі каштоўная крыніца інфармацыі пра тагачаснае канфесійнае і свецкае жыццё рэгіёна.
Гаворка пра так званы капіярый — рукапісны зборнік службовых дакументаў і перапіскі з касцёла ў Вялікіх Эйсмантах, што ў Бераставіцкім раёне Гарадзенскай вобласці.
У зборніку захаваліся распараджэнні свецкіх і касцёльных уладаў, звесткі пра жыццё парафіі і мясцовай супольнасці, трапляюцца прозвішчы мясцовых жыхароў, сустракаюцца згадкі пра метрычныя акты, асобныя сямейныя гісторыі, нататкі пра вакцынацыю ад воспы, будаўніцтва касцёла і шмат іншага.
Большасць запісаў належыць настаяцелю парафіі і гарадзенскаму дэкану Міхалу Сезянеўскаму (1784—1850). Яны вяліся цягам 14 гадоў і датуюцца першай паловай XIX стагоддзя.
«Амаль штодзень недзе ў свеце прадаюцца калекцыйныя рэчы, звязаныя з Беларуссю. Але сустрэць у продажы каштоўнасць, вывезеную з беларускай тэрыторыі, звязаную з ёй зместам і праз паходжанне, калі да таго ж месца ўзнікнення дакладна вядомае, — гэта сапраўдная рэдкасць», — кажа кіраўнік ініцыятывы Maldzis Павел Мацукевіч.
Рукапісная кніга была набытая на сродкі мецэната ініцыятывы MALDZIS Іллі Пакроўскага.
У будучыні кніга ў якасці грамадскага падарунка вернецца на сваё месца — у парафію імя Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Яна Непамука ў Вялікіх Эйсмантах.
«У гэтай гісторыі, як і ў іншых праектах нашай ініцыятывы, важна, што знайшоўся беларус, які прафінансаваў выкуп рукапісу, каб гэты архіў не трапіў у прыватныя калекцыі, а вярнуўся ў Беларусь у якасці грамадскага падарунка», — сказаў апякун ініцыятывы MALDZIS Рыгор Астапеня.
У найбліжэйшых планах MALDZIS — алічбаванне рукапіснага зборніка, каб зрабіць яго дасяжным для ўсіх зацікаўленых гісторыкаў і краязнаўцаў.
Падтрымаць MALDZIS можна тут.