БЕЛ Ł РУС

«Гарызонт» выпусціў аранжавы ноўтбук як сімвал беларускай жанчыны

9.03.2026 / 22:33

Nashaniva.com

Холдынг «Гарызонт» пачаў масавую вытворчасць новай мадэлі беларускіх ноўтбукаў, паведамілі ў эфіры СТБ. Выпуск навінкі прымеркавалі да 8 сакавіка.

Фота: СТБ

Новы ноўтбук, як паведамляецца, вылучаецца вельмі тонкім корпусам і невялікай вагой — менш за адзін кілаграм. Ён таксама кідаецца ў вочы незвычайным колерам корпуса, які назвалі «касмічны аранжавы».

Распрацоўшчыкі кажуць, што на стварэнне гэтай мадэлі іх натхніў абвешчаны ў Беларусі Год беларускай жанчыны. Таму ноўтбук задумвалі як сімвал сучаснай жанчыны — яркай, актыўнай, тэхналагічнай і мэтанакіраванай.

На прадпрыемстве адзначаюць, што выпуск ноўтбукаў у холдынгу пачаўся яшчэ ў 2022 годзе. З таго часу асартымент значна пашырыўся, і цяпер у лінейцы ўжо больш за 30 розных мадэляў. Электронныя кампаненты вырабляюць на 11 вытворчых участках, а кожная прылада праходзіць некалькі этапаў праверкі якасці.

Прадстаўнікі прадпрыемства таксама паведамілі, што на заводзе ўжо пачалі самастойна выпускаць некаторыя важныя кампаненты, напрыклад мацярынскую плату і SSD-назапашвальнікі. Акрамя стандартных праверак, ноўтбукі праходзяць і нагрузачныя тэсты: па некалькі гадзін працуюць у інтэнсіўным рэжыме, каб праверыць надзейнасць.

У «Гарызонце» сцвярджаюць, што іх камп’ютарная тэхніка карыстаецца попытам не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. Паводле прадстаўнікоў холдынгу, за першыя два месяцы года экспарт камп’ютарнай прадукцыі вырас больш чым на 85%.

У 2022 годзе «Гарызонт» прадставіў свой першы ноўтбук пад назвай H-book MAK4, які быў пазіцыянаваны як «айчынная распрацоўка». Падчас прэзентацыі 1 верасня 2022 года Аляксандр Лукашэнка прадэманстраваў яго, адзначыўшы, што на той момант у ім было каля 12% беларускіх кампанентаў, з планамі павялічыць гэтую долю да 30% да канца года. Аднак эксперты, апытаныя «Нашай Нівай», выказалі сумневы адносна гэтых лічбаў, мяркуючы, што беларуская частка можа абмяжоўвацца толькі такімі элементамі, як гумовыя ножкі або налепка з лагатыпам «Н».

Чытайце таксама:

Мінскі майстар парэкамендаваў берагчы гарызонтаўскія ноўтбукі. Бо ноўт у кітайцаў «скралі», а запчасткі да яго не завезлі

«Гарызонт» будзе выпускаць беларускія планшэты

Прэзідэнту Зімбабвэ падарылі ноўтбук «Гарызонт»

Якія водгукі пакідаюць карыстальнікі ноўтбукаў ад «Гарызонта»

Кіраўнік «Гарызонта» кажа, што беларускі ноўтбук ужо прадаецца ў 18 краінах свету. Але адшукаць яго атрымалася толькі ў Расіі

Каментары да артыкула