У Лельчыцах дзіця назвалі Рызідай
У сям’і Вольгі і Анатоля Астаповічаў з Лельчыцкага раёна нарадзілася шостае дзіця. Бацькі вырашылі даць дзяўчынцы незвычайнае імя.
Ілюстрацыйнае фота
Яго выбіралі амаль месяц. На якім спыніліся, расказалі ў Галоўным упраўленні юстыцыі Гомельскага аблвыканкама.
У спісе патэнцыйных імёнаў былі Анжаліка, Надзея, Аміра і Соня. Спачатку тата хацеў спыніцца на імені, якое пачынаецца з літары «А», каб яно спалучалася з прозвішчам і імем па бацьку дзяўчынкі.
Але ў выніку прапанаваў назваць дачку Рызідай. Для сям’і імя аказалася цалкам звыклым — так завуць адну з бабуль, родам з Башкартастана.
Ідэю не ўсе сваякі адабралі, але на канчатковае рашэнне паўплывала значэнне імя. У перакладзе з арабскай Рызіда азначае «царыца». Дзяўчынка стала другой дачкой у вялікай сям’і. Мама ласкава называе малую Розачкай.