БЕЛ Ł РУС

Алана Гебрэмарыям расказала, чым будзе адрознівацца новае аб’яднанне палітзняволеных жанчын

13.03.2026 / 15:29

Nashaniva.com

Па слядах стварэння аб’яднання палітзняволеных жанчын «Побач» запыталі ў адной з публічных суарганізатарак Аланы Гебрэмарыям, чаму ўзнікла патрэба ў яшчэ адной арганізацыі дапамогі і ў чым яе асаблівасць.

Аб’яднанне «Побач» вырасла з ужо існага нефармальнага кам’юніці беларусак, што прайшлі калонію — жанчыны пачалі гуртавацца адна ля адной у 2023 годзе.

«Пасля вызваленняў мы пачалі спісвацца і разважаць пра тое, што было б класна сустракацца з тымі людзьмі, якія цябе разумеюць, з якімі вы плячо да пляча праходзілі розныя, даволі складаныя сітуацыі. Мы падтрымлівалі адна адну як маглі, працавалі па метадзе сарафаннага радыё і самі шукалі для беларусак пасля турмаў сродкі на закрыццё іх псіхалагічных, матэрыяльных патрэб, дапамагалі з пошукам працы. Наша нефармальнае кам’юніці расло, але мы не маглі ахапіць усіх жанчын: нехта быў у Беларусі, нехта ў Літве, нехта ў Польшчы, нехта заставаўся вельмі закрытым і не ішоў на кантакт.

Наш крок у публічнасць здарыўся ў тым ліку для таго, каб аб'яднаць большасць з тых, хто гатовы да гэтага. Дапамагчы тым, хто шукае паразумення, каму бракуе сустрэч з аднадумцамі, каму не хапае групы падтрымкі менавіта жаночай. Бо ўсё ж жаночы досвед праходжання калоній №4 у Гомелі і №24 у Зарэччы адрозніваецца ад мужчынскага — і праз прыніжальную камунікацыю з жанчынамі ад адміністрацыі з мужчын, праз сэксуалізаваны гвалт.

Таксама жанчыны праходзяць працэс парушэння роляў маці, дачкі, партнёркі, прафесіяналкі — усё гэта ўплывае на тое, якім чынам варта будаваць для іх рэабілітацыю.

Мы асэнсоўваем, што нам патрэбная спецыфічная камунікацыя і рэабілітацыя. Мы адна адну лепш разумеем, і пасля таго, як cамі становімся на ногі, гатовыя дапамагаць іншым жанчынам падняцца», — дадае былая палітзняволеная Алана Гебрэмарыям.

Алана Гебрэмарыям. Фота з асабістага архіва

Таксама Алана звяртае ўвагу на гарызантальнасць іх структуры.

«Мы імкнёмся падзяляць адказнасць па розных кірунках у залежнасці ад кампетэнцый. У нас няма лідара ці лідараў, якія ўсё вырашаюць, мы прымаем рашэнні разам. Гэта дае поле для рознасці думак, вяртае жанчынам суб’ектнасць — яны зноў могуць прымаць удзел у вырашэнні пытанняў, якія іх хвалююць. 

Плюс нас адрознівае негвалтоўная камунікацыя. Шмат жанчын казалі мне, што не хочуць далучацца да іншых арганізацый праз таксічнасць некаторых асоб, якія пры гэтым часта не разумеюць, што яны крыўдзяць людзей вакол. А для адэкватнага аднаўлення пасля калоніі, каб зменшыць уплыў ПТСР на жыццё, патрабуецца атачэнне, якое будзе падтрымліваць, падштурхоўваць, даваць прастору для рэалізацыі».

Алана абяцае поўную празрыстасць іх працы — прынамсі, даступнасць справаздачнасці, калі ініцыятыва будзе зарэгістраваная як юрыдычная асоба.

«Я часам шукаю інфармацыю пра кірункі працы іншых асацыяцый, іх справаздачнасць — гадавую ці любую іншую і не магу знайсці. Мы ў сваю чаргу будзем імкнуцца рабіць нашу дзейнасць празрыстай, будзем дзяліцца інфармацыяй у адкрытым доступе па ўсіх кірунках працы — і псіхалагічная дапамога, і адвакацыя, і іншае».

Пры гэтым Алана верыць у тое, што ў разнастайнасці заўсёды больш сілы.

«Немагчыма стварыць адну арганізацыю, якая будзе адказваць за ўсе кірункі, звязаныя з палітвязнямі. У кожнай звычайна свой індывідуальны фокус, а ў людзей унутры арганізацыі — свае кампетэнцыі. Разнастайнасць дазваляе не перагружацца, дае магчымасць праявіць сябе розным людзям. Галоўнае, каб у гэтым мностве існаваў абмен інфармацыяй, каб арганізоўваліся супольныя праекты (у тым ліку для таго, каб дапамога не дублявалася).

Падсумоўваючы, для мяне большая колькасць арганізацый, якія дапамагаюць палітвязням, гэта дакладна плюс і большы ўнёсак у будучыню гэтых людзей».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула