У прыгарадзе Дэтройта адбыўся напад на сінагогу са стралянінай
У амерыканскім горадзе Уэст-Блумфілд, прыгарадзе Дэтройта, 12 сакавіка адбыўся напад на мясцовую сінагогу, падчас якога былі аўтамабільны таран і страляніна, паведамляе Associated Press.
Скрыншот з відэа
Як паведамляюць ФБР і мясцовыя медыя, узброены вінтоўкай злачынца на вялікай хуткасці ўрэзаўся аўтамабілем у будынак сінагогі. У выніку сутыкнення машына загарэлася, а агонь перакінуўся на само збудаванне, з-за чаго над дахам падняўся густы дым.
Пасля аварыі нападнік адкрыў «актыўную стральбу», аднак сустрэў неадкладны адпор: ахова сінагогі заўважыла злачынцу і ўступіла з ім у перастрэлку. У ходзе сутыкнення нападнік быў застрэлены на месцы — яго смерць пацвердзілі крыніцы Associated Press і мясцовага тэлеканала WXYZ.
Цяпер праваахоўнікі высвятляюць асобу забітага і яго матывы.
Шэрыф акругі Окленд Майкл Бушар падкрэсліў, што, акрамя самога тэрарыста, ніхто з людзей не атрымаў раненняў. Тым не менш, інцыдэнт выклікаў сур'ёзную трывогу ў рэгіёне: паліцыя заклікала жыхароў пазбягаць раёна здарэння, а мясцовыя школы былі тэрмінова пераведзены ў «бяспечны рэжым» са спыненнем доступу да іх старонніх асоб.
Гэтая атака адбылася ў перыяд крайняй напружанасці ў ЗША, выкліканай узброеным канфліктам з Іранам, які пачаўся ў канцы лютага. Сілавыя структуры працягваюць працу на месцы пажару і страляніны, каб выключыць наяўнасць іншых пагроз.
Чытайце таксама:
Каля пасольства ЗША ў Осла прагрымеў выбух
У Новай Зеландыі могуць абмежаваць выкарыстанне аўтамабіляў з-за сітуацыі з Іранам