Бабарыка: Не могуць здымацца санкцыі з прадпрыемстваў і людзей, задзейнічаных у вайне. Выпусціце палітвязняў цаной забойства ўкраінцаў?
Аказалася, што пазіцыя палітыка кардынальна адрозніваецца ад падыходаў Марыі Калеснікавай.
Віктар Бабарыка. Фота: Наша Ніва
Разважаючы пра санкцыі супраць Беларусі, у новым выпуску «ТОКу» Віктар Бабарыка заклікае цвяроза ацэньваць пазіцыі і рэальныя магчымасці бакоў.
«Трэба разумець, які менавіта пакет санкцый абмяркоўваецца», — заўважае ён.
Палітык нагадвае, што большасць санкцый супраць Беларусі «з’яўляюцца наступствам вайны».
«Адпаведна, калі мы разбіраемся з санкцыямі, мы павінны разбірацца з тым, хто пачаў гэтыя размовы. Як сабе ўявіць Еўропу, якая разумее, што ўводзіліся санкцыі і супраць Расіі, і супраць Беларусі — і мы будзем здымаць санкцыі з Беларусі, але не будзем здымаць санкцыі з Расіі? Ці наадварот. Так не бывае. Гэта пакет. Яны ўводзіліся разам, з рознымі абмежаваннямі, але ў прынцыпе за адно і тое ж».
На думку Бабарыкі, «ваенны пакет» санкцый немагчыма разглядаць у адрыве ад тых захадаў, што ўжываюцца адносна Расіі.
З іншага боку, важна разумець, якія крокі Беларусь здольная зрабіць самастойна, каб дамагчыся змякчэння ціску. Калі гаворка ідзе пра правядзенне свабодных выбараў, то тут, як лічыць палітык, ад афіцыйнага Мінска мала што залежыць:
«Кажуць, давайце абмяркоўваць, здымем санкцыі ў абмен на самастойнасць Беларусі. То-бок на правядзенне свабодных выбараў у Беларусі. Пытанне: хто можа прыняць рашэнне аб свабодных выбарах у Беларусі? Вы смеяцеся, ці што? Сама Беларусь? Ну вось цвяроза… Я думаю, еўрапейскія палітыкі гэта цудоўна разумеюць. То-бок ты павінен размаўляць з тым, хто можа рэальна прымаць нейкія рашэнні».
Што тычыцца вызвалення палітвязняў, то тут Бабарыка бачыць іншую праблему: «З гэтым пытанняў няма. Бо ты сёння аднаго выпусціў, а заўтра зноў напладзіў новых».
Палітык тлумачыць: «Пытанне якраз абмяркоўваецца ў тым, што можа дзейная сёння ўлада Беларусі зрабіць асобна ад Расіі? І тады Еўропа прыходзіць і кажа: што вы можаце зрабіць? Вы можаце зрабіць вельмі абмежаваную колькасць рэчаў. Выпусціць палітвязняў? Так. Знізіць рэпрэсіі? Так. Не дапусціць узнікнення [новых]? Так. На гэтым усё.
Цяпер у Еўропы пытанне: што мы павінны зрабіць? Адмяніць ваенныя санкцыі? Як так? То-бок вы будзеце працягваць забіваць людзей? За тое, што вы, можа быць, выпусціце кагосьці з [палітвязняў]. Але цана! Я разумею, гэта цынічна гучыць, але вы будзеце працягваць забіваць украінцаў. «Ну пару тысяч выпусцім з беларускіх турмаў. І выганім іх зноў ва Украіну ці яшчэ кудысьці».
Бабарыка падкрэслівае: і Еўропа, і афіцыйны Мінск у пытаннях зняцця санкцый моцна абмежаваныя ў сваім манеўры.
«Я лічу адназначна правільным: не могуць здымацца санкцыі з тых і прадпрыемстваў, і людзей, хто задзейнічаны ў вытворчасці ці ў падтрымцы вайны. Не могуць па вызначэнні, таму што за гэтым чалавечыя жыцці стаяць», — перакананы палітык.
Пры гэтым ён дапускае, што набор санкцый можа быць перагледжаны. Магчыма іх «каліброўка, больш дакладная настройка», каб «знізіць нагрузку ці знізіць негатыўныя наступствы санкцый для грамадзянскай супольнасці, для звычайных людзей у Беларусі».
Аднак, як заўважае палітык, «беларускаму грамадству гэта не надта прымальна».
Сярод такіх мер могуць быць еўрапейскія адукацыйныя праграмы ці павелічэнне выдачы віз. Але і тут палітык сумняваецца ў поспеху:
«Але што кажа гэтая ўлада? Любы студэнт, які выязджае з Беларусі, павінен падпісаць паперку. А яшчэ, мала таго, міністр адукацыі, калі я правільна разумею, нясе асабістую адказнасць за вяртанне гэтага студэнта. Дык вось я хачу даведацца, ці шмат такіх людзей [ахвотных]? Вось Еўропа зараз адкрые ўсе свае ўніверсітэты і скажа welcome, а з Беларусі ніхто не паедзе».
Падобная сітуацыя, на погляд Бабарыкі, і з візамі:
«Тая колькасць віз, якую зараз выдаюць еўрапейскія консульствы, насамрэч немалая. Нашмат большая, чым была раней. Толькі ездзіць вельмі мала. Таму што ты ведаеш: калі з’ездзіць, не факт, што ты адтуль вернешся. А калі вернешся, то невядома, куды яшчэ вернешся».
«То-бок вось гэтыя ўсе рэчы настолькі складаныя з пункту гледжання, з аднаго боку, неабходнасці калібраваць і дакладна падстройвацца, а з другога боку, немагчымасці весці перамовы з бокам, які не можа прымаць рашэнні. Гэта вельмі складанае пытанне», — падсумоўвае Бабарыка.
Заўважым, што выказаная пазіцыя Віктара Бабарыкі адрозніваецца ад таго, што адстойвае Марыя Калеснікава. У сваіх выступленнях яна не размяжоўвае тыя санкцыі, што накладзеныя на Лукашэнку за суўдзел у вайне, і тыя, што сталі наступствам фальсіфікацый выбараў і рэпрэсій унутры Беларусі.
«Санкцыі, акей, санкцыі… Але ж людзі важнейшыя. Умоўнае жаданне не здымаць абмежаванні ці жаданне нейкага дыялогу — гэта ж нельга сувымярыць з чалавечым жыццём, а мы зараз гаворым канкрэтна пра жыцці людзей, ізаляцыю і прэсінг, пад якім працягваюць жыць амаль 9 мільёнаў беларусаў. (…)
Санкцыі ўводзяцца для таго, каб іх калісьці адмяняць, і калі санкцыі б'юць па звычайных людзях і бізнэсе, у гэтым няма нічога добрага», — адзначала яна ў размове з Марынай Золатавай.
Чытайце таксама:
Бабарыка пра сябе ў 2020-м: Гэта не наіўнасць. Не думаю, што такога крыважэрнага сцэнара нехта чакаў
Віктар Бабарыка: «Калі ў мяне спытаюць: «Цябе катавалі?», я скажу: «Я не ведаю»
Віктар Бабарыка ў Бруселі прэзентаваў партыю «Разам» і расказаў пра тры важныя кірункі яе працы