БЕЛ Ł РУС

Claude малюе графікі і дыяграмы непасрэдна ў чаце

13.03.2026 / 21:11

Nashaniva.com

Anthropic абвясціла пра запуск новай функцыі ў чат-боце, якая дазваляе сістэме ствараць графікі, дыяграмы і іншыя візуальныя матэрыялы проста ў ходзе дыялогу, піша Devby.io.

Цяпер Claude можа аўтаматычна дадаваць візуальныя тлумачэнні да сваіх адказаў, калі палічыць, што яны дапамогуць лепш зразумець тэму. Карыстальнікі таксама могуць напрамую папрасіць чат-бота стварыць дыяграму, табліцу ці графік.

Claude can now build interactive charts and diagrams, directly in the chat.

Available today in beta on all plans, including free.

Try it out: https://t.co/tHPAZRgQkn pic.twitter.com/WXRrD4VkAt

— Claude (@claudeai) March 12, 2026

У якасці прыкладу кампанія прыводзіць тлумачэнне перыядычнай табліцы, дзе сістэма генеруе інтэрактыўную візуалізацыю з магчымасцю пераходу да дадатковай інфармацыі па асобных элементах, а таксама схемы, якія дэманструюць, напрыклад, размеркаванне нагрузкі ў канструкцыі будынка.

Крыніца: Anthropic

Anthropic заяўляе, што гаворка не ідзе пра паўнавартасную генерацыю выяў. Візуальныя элементы ствараюцца з дапамогай HTML-разметкі і вектарнай графікі XML, што фактычна дае чат-боту доступ да «віртуальнай дошкі» для ілюстрацый. Такія візуалізацыі з’яўляюцца непасрэдна ўнутры дыялогу і могуць змяняцца ці знікаць па меры яго працягу.

Новая функцыя пакуль працуе ў рэжыме бэта-тэставання, таму распрацоўшчыкі папярэджваюць пра магчымыя збоі ці абмежаванні. У прыватнасці, візуалізацыі яшчэ не падтрымліваюцца ў мабільных версіях Claude. Абнаўленне даступнае ўсім карыстальнікам сэрвісу.

Раней на гэтым тыдні OpenAI прадставіла аналагічную магчымасць у ChatGPT для інтэрактыўнага тлумачэння навуковых і матэматычных канцэпцый, а Google укараніла ў Gemini інструменты стварэння навучальных візуальных матэрыялаў.

Чытайце таксама:

Айцішнік з Гродна выставіў у рэзюмэ на сайце вакансій рэцэпт пельменяў. І прайшоў сумоўе

Ультыматум Пуціну з лазні і абмеркаванне бургераў. Новыя пародыі на Лукашэнку рвуць інстаграм

10 000 аўтараў у Брытаніі выпусцілі «пустую» кнігу, пратэстуючы супраць выкарыстання штучнага інтэлекту

Ананімнасці ў сеціве больш няма: ШІ знаходзіць рэальных людзей за хвіліны

Каментары да артыкула