БЕЛ Ł РУС

Слонімская бальніца выбачылася за машыну хуткай дапамогі, што прыехала на выклік да інваліда

15.03.2026 / 11:32

Nashaniva.com

Адміністрацыя слонімскай ЦРБ публічна пракаментавала сітуацыю з транспартаваннем інваліда першай групы на старым медыцынскім аўтамабілі. Фота машыны, якая прыехала на выклік, выклікала хвалю абурэння ў мясцовых пабліках.

У слонімскім пабліку з’явілася фота машыны хуткай дапамогі, што прыехала на выклік. Яе від абурыў каментатараў.

«Насілкі з Першай сусветнай, напэўна. Затое надзейныя!».

«Пакуль не прачытала апісанне, думала, што нейкі фільм пра вайну здымаюць».

«Смех скрозь слёзы!!!»

«Гэты аўтамабіль — ганьба для сучаснай краіны. Павінны быць сучасныя аўто з усімі выгодамі. Пытанне: на што ідуць нашы падаткі? На каго? Падаткаў ужо цэлы стос».

У бальніцы пацвердзілі, што на выклік прыехаў УАЗ 2012 года выпуску, тэхнічна спраўны, тэхнічны агляд дзейнічае да 08.08.2026 г.

«Заводская камплектацыя аўтамабіля — падлогавыя насілкі, замена якіх на насілкі іншага тыпу (з коламі) не прадугледжаная», — гаворыцца ў адказе ўстановы.

Медыкі падкрэслілі, што аўтамабіль тэхнічна спраўны, а яго выкарыстанне для перавозкі пацыента было вымушаным крокам. Паводле іх слоў, машына замацаваная за прыёмным аддзяленнем для аператыўнай дастаўкі медыкаў па Слонімскім раёне, але ў той дзень астатнія брыгады былі занятыя: «Гэты аўтамабіль быў задзейнічаны для транспартавання пацыента, бо іншыя машыны выехалі ў вобласць: у Гродна, Навагрудак і Ваўкавыск».

Адміністрацыя бальніцы прынесла публічныя прабачэнні за сітуацыю, а галоўны ўрач асабіста звязаўся з аўтарам скаргі. Што тычыцца паляпшэння ўмоў, то ў ЦРБ адзначылі: «Абнаўленне аўтапарка ажыццяўляецца па меры набыцця новага аўтатранспарту».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула