БЕЛ Ł РУС

Яшчэ тры іранскія футбалісткі перадумалі прасіць прытулак у Аўстраліі

15.03.2026 / 16:20

Nashaniva.com

Іранскае інфармацыйнае агенцтва паведаміла, што яны «вяртаюцца ў цёплыя абдымкі сваіх сем'яў і на радзіму».

Фота: Tasnim

Яшчэ тры ўдзельніцы жаночай зборнай Ірана па футболе, якія прынялі бежанскія візы, каб застацца ў Аўстраліі, вырашылі вярнуцца на радзіму, піша ESPN.

Пасля іх ад'езду ў Аўстраліі застаюцца трое членаў каманды.

«Уначы тры ўдзельніцы іранскай жаночай зборнай па футболе прынялі рашэнне далучыцца да астатняй каманды ў іх падарожжы назад у Іран», — гаворыцца ў заяве міністра ўнутраных спраў Аўстраліі Тоні Бёрка.

«Пасля таго як гульцы паведамілі аўстралійскім афіцыйным асобам аб сваім рашэнні, ім неаднаразова давалі магчымасць абмеркаваць варыянты далейшых дзеянняў», — дадаў Бёрк.

Інцыдэнт з іранскай зборнай здарыўся ў Аўстраліі на жаночым Кубку Азіі пасля пачатку вайны на Блізкім Усходзе.

Пяць футбалістак адмовіліся спяваць нацыянальны гімн перад матчам з Паўднёвай Карэяй.

У Іране адзін з каментатараў матчу абвінаваціў каманду ў тым, што яны здрадніцы ваеннага часу, і запатрабаваў суровага пакарання.

Першапачаткова шэсць гульцоў і адзін член тэхнічнага персаналу са складу ў 26 чалавек прынялі гуманітарныя візы, каб застацца ў Аўстраліі. Астатняя частка каманды вылецела з Сіднея ў Малайзію 9 сакавіка.

Яшчэ адна футбалістка пазней перадумала і пакінула Аўстралію.

Цяпер яшчэ трое вылецелі з Сіднея ў Куала-Лумпур (Малайзія). Астатняя частка каманды застаецца ў Куала-Лумпуры з моманту ад'езду з Аўстраліі.

Іранскае інфармацыйнае агенцтва Tasnim паведаміла, што апошнімі трыма, хто пакінуў Аўстралію, былі два гульцы і член тэхнічнага персаналу. Гэтыя трое «вяртаюцца ў цёплыя абдымкі сваіх сем'яў і на радзіму», гаворыцца ў заяве.

Чытайце таксама:

Адна з іранскіх футбалістак перадумала заставацца ў Аўстраліі і зліла месцазнаходжанне астатніх

Яшчэ адна футбалістка і трэнер зборнай Ірана папрасілі прытулак у Аўстраліі. Але і ўся зборная не можа вярнуцца ў Іран

Іранскія футбалісткі адмовіліся спяваць гімн і вяртацца на радзіму

Каментары да артыкула