Расіянку-іпэшніцу, якая пераехала ў Слонім, у Беларусі прызналі дармаедкай
У сваім тыктоку расіянка Ганна Трошына распавядае, як добра дазваляе ёй жыць анлайн-бізнэс у Беларусі. Але нечакана яна сутыкнулася з сюрпрызамі мясцовых законаў.
Ганна Трошына. Скрыншот відэа ў тыктоку
Сама блогерка з Сахаліна, у Беларусь яна з сям’ёй пераехала ў 2024 годзе — спачатку ў Гродна, а потым у Слонім, дзе і асела. Менавіта ў гэтым горадзе жанчына набыла дом.
Ганна Трошына займаецца сеткавым маркетынгам і прадае розныя БАДы кампаніі Siberian Wellness.
Нядаўна расіянка паехала ў службу занятасці Слоніма, каб паспрабаваць пераканаць у тым, што насамрэч не з’яўляецца дармаедкай у Беларусі. З сабой яна мела дакументы аб тым, што зарэгістравана як ІП у Расіі.
— Я не разумею, у чым розніца. Тыя, хто працуюць у Расіі па працоўнай дамове, не лічацца дармаедамі. А іпэшнікі лічацца.
На месцы Ганна спрабуе растлумачыць супрацоўніцы службы занятасці, што плаціць падаткі і робіць страхавыя ўнёскі.
— У мяне адзін варыянт рабіць свой унёсак у эканоміку Беларусі — адкрываць тут самазанятасць. Усё. Для таго, каб не плаціць трайную камуналку.
Раней Ганна здзіўлялася таму, што, калі яе дачка пайшла ў беларускі садочак, да іх дамоў прыйшла выхавальніца з праверкай — глядзела, у якіх умовах жыве дзіця. І паведаміла, што сям’я абавязана паставіць пажарныя апавяшчальнікі.
На радзіме з такім расіянка ніколі не сутыкалася. Але ж пачула ад выхавальніцы інтрыгуючае: «Пажывяце даўжэй — шмат цікавага даведаецеся».
Таксама Ганна здзіўлялася коштам на стаматалагічныя паслугі — хоць, як падкрэслівае, сама з рэгіёна, дзе ўсё даволі дорага. Пра Беларусь яна шмат чула, што тут танная стаматалогія і шмат хто прыязджае зрабіць зубы. За выдаленне двух малочных зубоў дачцэ блогерка заплаціла 266 рублёў — гэта для яе стала не вельмі прыемным сюрпрызам.
Але агулам расійская тыктокерка Беларуссю задаволена і вельмі хваліць краіну.