БЕЛ Ł РУС

Памілаванага і дэпартаванага ўкраінца, які два гады быў у калоніі Шклова, мабілізавалі на фронт

15.03.2026 / 21:10

Nashaniva.com

Аляксандра Катовіча забралі ў войска 19 лютага.

Аляксандр Катовіч да беларускай калоніі

Жыхара Адэсы Аляксандра Катовіча, які правёў больш за два гады ў шклоўскай калоніі праз крытычныя каментары ў адрас беларускай улады, на радзіме мабілізівалі на фронт, паведамляе «Еўрарадыё».

Аляксандра сілавікі абвінавачвалі ў стварэнні канала «Беларусь за МКАДам». Але гэта не так — ён толькі пісаў там каментары ў чаце. Мужчыну вызвалілі і абмянялі з іншымі грамадзянамі Украіны ў лістападзе 2025 года.

Катовіч распавёў, што яго забралі ў войска 19 лютага. Гэта значыць, што ён так і не атрымаў ад украінскіх уладаў статуса пацярпелага ад палітычнага пераследу краіны-агрэсара. 

Гэты статус дае грамадзянам Украіны права на медыцынскую рэабілітацыю і афіцыйную адтэрміноўку ад вайсковай службы. Катовіч патлумачыў, што ён не паспеў падаць прашэнне і зараз над яго справай працуе адвакат.

Украінскі праваабаронца Уладзімір Яворскі раней тлумачыў «Еўрарадыё», што сітуацыя з прызнаннем статусу цывільных асоб, якія знаходзіліся ў беларускім палоне або ў беларускіх месцах пазбаўлення волі, з’яўляецца даволі складанай і неадназначнай. 

«Акрамя таго, атрыманне статусу наўпрост звязана з паняццем «дзяржава-агрэсар». На сёння такой афіцыйна прызнана толькі Расійская Федэрацыя. Беларусь фармальна ў гэты пералік не ўваходзіць». 

Тым не менш на практыцы ўжо былі выпадкі, калі людзям, вызваленым з месцаў пазбаўлення волі ў Беларусі, усё ж прысвойвалі адпаведны статус.

«Гэта сістэмная праблема, звязаная з тым, што механізм працы камісіі распрацоўваўся яшчэ да поўнамаштабнага ўварвання і не быў разлічаны на цяперашнія маштабы», — падкрэсліваў Яворскі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула