Грамадства88

Памілаваны і дэпартаваны ўкраінец Катовіч расказаў, за якую абразу на яго пакрыўдзіўся Лукашэнка

У няволі ў Беларусі ўкраінец Аляксандр Катовіч правёў 837 дзён. У шклоўскай калоніі айцішнік разгладжваў прасам дэталі тканіны, з якіх потым шылі вопратку для расійскіх вайскоўцаў.

Аляксандр Катовіч да беларускай калоніі

Аляксандр пераехаў у Беларусь з Украіны ў 2019 годзе. Прычына простая — каханне. У 2016 годзе ў Адэсе, адкуль сам родам, ён пазнаёміўся з беларускай дзяўчынай.

Спрабавалі жыць разам і ва Украіне, і ў Польшчы, але ў выніку аселі ў Беларусі, дзе і пабраліся шлюбам.

— Я пачаў рабіць дазвол на жыхарства, знайшоў працу… А ў 2022 годзе пачалася вайна. Я выказаў сваю пазіцыю адразу.

Аляксандр прызнаецца, што эмоцыі стрымаць было складана, таму ён пачаў пісаць каментарыі ў чаце «Беларусь за МКАДам».

— Пісаў, што Расія — акупант, агрэсар і гэтак далей.

Але кажа, што працягнулася гэта ўсё нядоўга — Аляксандр супакоіўся і забыў нават пра тыя каментары, якія пакідаў. А праз паўтара года яму пра іх нагадалі.

— 8 жніўня 2023 года а шостай раніцы да мяне прыйшоў ГУБАЗіК. Чалавек восем са страбаскопамі, шчытамі, шлемамі і пісталетамі. Закавалі мяне ў наручнікі, сказалі: «Ты пісаў, пісаў і дапісаўся. Малайчына».

У ГУБАЗіКу Аляксандру пагражалі, збівалі, а таксама прымусілі запісаць пакаяльнае відэа.

— Усё пыталі: «З СБУ працуеш?!». Жартавалі: то казалі, што «ўсё, ты адсюль не выйдзеш», то «можа, праз тры дні цябе і адпусцім». У выніку адвезлі да следчага. Той сказаў, каб у мяне не было ілюзій, бо распачалі крымінальную справу па артыкуле 130 ч. 1 — распальванне варожасці. Фактычна за тое, што я пісаў «расіяне такія-сякія». Следчы сказаў, што для мяне ўсё будзе дрэнна.

Пасля ўкраінец трапіў на Акрэсціна. Ён называе трое сутак там самымі жудаснымі за ўвесь час.

— Мяне змясцілі ў карцар — пакойчык плошчай тры-чатыры квадраты. Там было яшчэ 12 чалавек. Усе стаялі, бо месца прысесці амаль не было. То-бок сядзелі па чарзе. Крыху пасядзеў і ўстаеш, каб іншы мог адпачыць. Было лета — нам ці рабілі скразняк, ці зачынялі ўсё і тэмпература падымалася градусаў да 45. Так спякотна, што майкі можна было проста выкручваць — пот цёк ручаём. У апошні дзень я моцна захварэў.

Наступным пунктам для Аляксандра стала Валадарка. Там умовы былі не значна лепшыя: перапоўненыя камеры, блашчыцы, жудаснае стаўленне.

На Валадарцы Аляксандр правёў паўгода, за гэты час у яго некалькі разоў змяняўся следчы, а колькасць крымінальных артыкулаў усё павялічвалася.

У выніку яму выставілі абвінавачванне па чатырох артыкулах — дадалі 361 прым. 1 ч. 3 (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні), 367 ч. 2 (паклёп на Лукашэнку), 368 ч. 2 (абраза Лукашэнкі).

— Недзе я напісаў «вусаты». Вось гэта палічылі абразай Лукашэнкі. А паклёпам — тое, што я напісаў, што на выбарах у Беларусі быў задзейнічаны адміністратыўны рэсурс, для таго, каб дасягнуць неабходных вынікаў.

Беларуская міліцыя палічыла Аляксандра адзіным стваральнікам каналаў «Беларусь за МКАДам». Але мужчына тлумачыць, што гэта не так:

— Калі мяне арыштавалі, я быў у чаце «Беларусь за МКАДам» — я сапраўды быў актыўным удзельнікам і шмат чаго пісаў. Адказваў на каментары кшталту «Мачы нацыяналістаў, мачы хахлоў». У той момант чата яшчэ не было ў спісе экстрэмісцкіх фарміраванняў — трапіў ён туды ўжо пасля майго затрымання. Але задняй датай мне павесілі той артыкул. 

Аляксандр кажа, што спачатку яго сапраўды падазравалі ў стварэнні таго чата, але ў выніку гэта абверглі.

28 сакавіка 2023 года ўкраінца асудзілі — далі 5 гадоў калоніі. Для Аляксандра гэта стала шокам.

— Я ж пісаў праўду, нічога такога. Па законе можна было мяне пакараць штрафам ці ануляваць дазвол на жыхарства і выслаць з Беларусі. Але ж зразумела, што людзі, якія ладзілі судзілішча нада мной, выконвалі загад зверху. Таму і апеляцыя мая не спрацавала.

Адбываць пакаранне накіравалі ў калонію №17 у Шклове, дзе Аляксандр і прабыў год і чатыры месяцы, пакуль яго раптоўна не вызвалілі.

— Кажуць жа, што некалі Лукашэнка працаваў кантралёрам у гэтай калоніі — таму цяпер яна ўзорна-паказальная, туды часта прыязджае кіраўніцтва з іншых калоній, каб пераняць досвед. Знешне ўсё даволі няблага: газон, вентыляваныя фасады, увесь час робіцца рамонт… Новыя прыбіральні, тэлевізары, добра абсталяваны магазін і перагаворны пункт. Але я не аднойчы чуў, што ў іншых калоніях «экстрэмістам» жыць лягчэй.

Мужчына працаваў на вытворчасці і за цяжкую працу, як і іншыя «экстрэмісты», атрымліваў смешны заробак — ад 2 да 15 рублёў штомесяц.

Аляксандр працаваў на швейнай вытворчасці — разгладжваў прасам дэталі, з якіх потым шылі вопратку для расійскіх вайскоўцаў.

Пра тое, што яго перададуць Украіне, мужчына не ведаў да самага апошняга моманту. Пачалося ўсё з таго, што ўвечары 20 лістапада яму сказалі не ісці на працу ў начную змену.

Пасярод ночы Аляксандра адправілі на КПП — загадалі ўзяць з сабой усе рэчы.

— У мяне было прыблізна 40 кілаграмаў рэчаў у трох вялікіх сумках. Не так даўно жонка набыла мне сертыфікат у краму (бо грошы ж мне нельга было дасылаць) і я атаварыўся — а можна гэта было раз на тры месяцы. Разам са мной быў яшчэ адзін украінец, якога асудзілі па наркатычным артыкуле. Яму, дарэчы, заставалася сядзець усяго 40 дзён. Нас абшукалі і паставілі ў «стакан».

Бліжэй да паўдня супрацоўнікі калоніі зладзілі яшчэ адзін вобшук — выкінулі амаль усё. Аляксандру дазволілі пакінуць сабе дзве пары трусоў, дзве пары шкарпэтак, пальчаткі, шапку, целагрэйку, абутак, зубную пасту ды шчотку.

— Чалавек, які ладзіў вобшук, сказаў: «Усё астатняе вам не спатрэбіцца». Больш нічога не тлумачыў. Нас адвялі на каранцін, там ужо было іншае стаўленне: нам прынеслі гарбату, каву, цыгарэты далі. Пасля сказалі, што нас чакае этап.

Аляксандр Катовіч пасля вызвалення

Доўгая дарога дадому пачалася 22 лістапада а 2‑й гадзіне ночы. Пасля чарговага вобшуку ўкраінцам паведамілі, што іх павязуць у СІЗА для правядзення следчых дзеянняў.

— Нас падвялі да белага Ford Transit, адзелі наручнікі, а на галовы накінулі мяшкі. Пасля гэтага ў мяне з’явіліся думкі, што хутчэй за ўсё павязуць за мяжу. Я раней чуў, што вось так, з мяшкамі на галовах, людзей вывозілі ў Літву. То я разумеў, што едзем ці ў Літву, ці ва Украіну.

Па словах Аляксандра, шлях да канчатковага пункту заняў сем гадзін. Кажа, у нейкім полі сабралася шмат машын, а людзей пачалі перасаджваць у бусік.

— Разам са мной было чалавек дзевяць, мы разгаварыліся, зразумелі, што ўсе ўкраінцы. То-бок ужо канчаткова стала ясна, што нас камусьці аддадуць. Зняць мяшкі дазволілі толькі на беларуска-украінскай мяжы. Мяжа пустая, нікога няма. Нам далі бутэрброды падсілкавацца. Потым я пабачыў вялікі аўтобус з украінскай сімволікай. Адтуль вышлі спецслужбы, снайперы — шмат людзей. Мы пераселі ва ўкраінскі аўтобус, з намі пачалі фатаграфавацца, вітаць ва Украіне.

Вызваленых людзей адразу павезлі на абследаванне ў бальніцу.

Па назіраннях Аляксандра, сярод 31 чалавека, каго адпусціў Лукашэнка, было 7‑8 чалавек палітзняволеных.

Каментары8

  • цыкада
    29.11.2025
    учитесь метко стрелять и быстро бегать, загоним таракана в угол
  • O
    29.11.2025
    Да. Но статью шил следователь, а мог бы и не шить. Мы сами делаем эту систему жизнеспособной.
  • Все так
    29.11.2025
    O, там же ж аж несколько следователей снилось

Цяпер чытаюць

На пажары загінуў знакаміты мастак Уладзімір Акулаў1

На пажары загінуў знакаміты мастак Уладзімір Акулаў

Усе навіны →
Усе навіны

Вайскоўцы ЗША затрымалі яшчэ адзін танкер расійскага ценявога флоту1

У праекце новай канстытуцыі Казахстана змянілі фармулёўку аб выкарыстанні рускай мовы6

Бачылі сям’ю на ўпакоўцы вядомага батона? Іх адшукалі ў Threads1

На адной з вуліц у цэнтры Мінска ўвялі аднабаковы рух1

Урад Кіра Стармера трапіў у сур'ёзны палітычны крызіс. І ўсё зноў з-за Эпштэйна2

Найлепшы футбаліст Беларусі, які выбіраў паміж турэцкім і карэйскім клубамі, пераходзіць у віцебскі «Макслайн»2

Вялікая гутарка з Лесяй Руднік пра сэксізм, мужа-рэслера, заробак доктаркі навук у Швецыі, апазіцыю і памылку Еўрасаюза28

Ціханоўская паедзе на Мюнхенскую канферэнцыю па бяспецы3

За што людзі любяць Беларусь?15

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На пажары загінуў знакаміты мастак Уладзімір Акулаў1

На пажары загінуў знакаміты мастак Уладзімір Акулаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць