БЕЛ Ł РУС

Што азначае расследаванне Міжнароднага крымінальнага суда для Лукашэнкі і беларусаў? Тлумачыць Кацярына Дзяйкала

17.03.2026 / 08:00

Nashaniva.com

Ці выдадуць ордар на Лукашэнку і топ-сілавікоў, наколькі зацягнецца працэс і ці можа ён скончыцца нічым?

Офіс Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе. Фота: AP

Міжнародны крымінальны суд у Гаазе (МКС) пачаў расследаванне магчымых злачынстваў супраць чалавечнасці, звязаных з прымусовым выездам беларусаў з краіны і палітычным пераследам апанентаў беларускай улады.

Расследаванне ініцыявана па запыце Літвы. Гэтая краіна з'яўляецца чальцом МКС, у адрозненне ад Беларусі. Міжнародны крымінальны суд мае права праводзіць расследаванне, калі меркаваныя парушэнні тычацца сама меней адной краіны-ўдзельніцы або калі гаворка ідзе аб рашэнні Рады бяспекі ААН.

Пракуратура МКС устанавіла, што меркаваныя злачынствы насілі трансгранічны характар ​​і часткова ўчыняліся на тэрыторыі Літвы, а таму падпадаюць пад юрысдыкцыю суда ў Гаазе.

Што азначае гэты крок на практыцы? Ці можа расследаванне прывесці да ордару на арышт Лукашэнкі? І што расследаванне можа азначаць для людзей, якія былі вымушаныя пакінуць Беларусь?

Пра гэта мы пагаварылі з Кацярынай Дзяйкала, юрысткай-міжнародніцай і кандыдаткай юрыдычных навук.

Кацярына Дзяйкала. Фота: Даніэль Анохін

Што гэта азначае для рэжыму і Лукашэнкі асабіста

​​«Наша Ніва»: Што на практыцы азначае адкрыццё расследавання Міжнародным крымінальным судом у Гаазе ў дачыненні да ўладаў Беларусі?

Кацярына Дзяйкала: Па-першае, адкрытае расследаванне азначае, што Офіс пракурора вырашыў: ёсць дастатковыя падставы лічыць, што беларускія ўлады здзяйсняюць злачынствы супраць чалавечнасці.

Па-другое, МКС не прымае да расследавання любыя справы, нават калі фармальна злачынствы падпадаюць пад яго юрысдыкцыю. Рэсурсы МКС абмежаваныя, і таму сярод крытэрыяў прымальнасці ёсць крытэрый дастатковай сур’ёзнасці. Гэта азначае, што ацэньваюцца маштаб злачынстваў, іх характар, спосаб здзяйснення, ступень уплыву на грамадства і ахвяр. Іншымі словамі, суд палічыў, што сітуацыя з масавым выездам людзей з Беларусі праз пераслед дастаткова сур’ёзная, каб суд ёю займаўся.

Па-трэцяе, адкрыццё расследавання азначае, што цяпер пачнецца збор доказаў, якія пацвярджаюць віну канкрэтных асобаў, фактычна — фарміраванне спраў. Таксама будзе вырашацца пытанне аб выдачы ордараў на арышт. Калі пракурор палічыць, што ёсць дастатковыя доказы віны канкрэтных асобаў, ён перадае іх у Палату папярэдняй вытворчасці, і яна вырашае пытанне аб выдачы ордараў.

«НН»: У гэтай справе гаворка ідзе пра дэпартацыю апанентаў Лукашэнкі і палітычны пераслед. Наколькі гэта можа лічыцца міжнародным злачынствам і якія нормы міжнароднага права тут прымяняюцца?

КД: Так, гаворка ідзе пра дзве формы злачынстваў супраць чалавечнасці — дэпартацыю (арт. 7 (1d) Рымскага статута) і пераслед (7 (1h) Рымскага статута), але таксама праз дэпартацыі, якія здзяйсняюцца з 1 мая 2020 года.

У гэтай справе, як і ўвогуле ў сваёй працы, суд абапіраецца толькі на Рымскі статут і некаторыя іншыя свае дакументы, якія развіваюць яго палажэнні.

Асноўны прадмет адкрытага расследавання — масавы вымушаны ад’езд, паводле розных ацэнак, каля 600 000 беларусаў з краіны.

Сутнасць злачыннага дзеяння беларускіх уладаў, паводле адкрытага расследавання, у тым, што яны стварылі ўмовы, якія прымусілі людзей з’язджаць, зрабіўшы гэта часткай пераследу апанентаў улады ў рамках дзяржаўнай палітыкі.

Такія дзеянні заахвочваліся або былі ўхваленыя на найвышэйшым дзяржаўным узроўні і з’яўляюцца часткай шырокамаштабнай і сістэматычнай атакі на грамадзянскае насельніцтва. Апошняя частка — якраз стандартная фармулёўка аднаго з базавых элементаў для даказвання злачынстваў супраць чалавечнасці.

«НН»: Наколькі рэальна, што такія справы давядуць да абвінавачанняў і ордараў на арышт? І што адбываецца, калі ордар выдаецца супраць дзейнага кіраўніка дзяржавы?

КД: Калі расследаванне адкрыта — гэта ўжо рэальна. Верагоднасць даволі высокая, але ўсё яшчэ не 100%.

Практыка суда паказвае, што калі расследаванне адкрываецца, то ў большасці выпадкаў выдаецца як мінімум адзін ордар.

Што можа адбывацца, калі ордар выдадзены на дзейнага кіраўніка дзяржавы, можна паглядзець на прыкладах.

Першы ордар на дзейнага кіраўніка дзяржавы МКС выдаў у адносінах да прэзідэнта Судана Амара аль-Башыра — нават два ордары, у 2009 і 2010 годзе. Гэта, дарэчы, быў першы чалавек, абвінавачаны судом у генацыдзе. Каля дзесяці гадоў ён заставаўся дзейным прэзідэнтам пад ордарам МКС. У 2019 годзе ён быў зрынуты апанентамі, арыштаваны і знаходзіцца ў Судане.

Новая ўлада пакуль не выдала яго МКС, бо заявіла, што хоча судзіць яго сама, але за іншыя — карупцыйныя ​​— злачынствы. І, уласна, асудзіла. Ордар МКС па-ранейшаму дзейнічае, а справа фармальна застаецца на стадыі папярэдняй вытворчасці.

Муамар Кадафі — ён быў фактычным кіраўніком дзяржавы, калі быў выдадзены ордар (2011). Ён не займаў афіцыйную пасаду прэзідэнта, называўся лідарам рэвалюцыі, але фактычна кіраваў Лівіяй. Праз некалькі месяцаў пасля выдачы ордара Кадафі быў забіты сіламі, якія яго зрынулі.

Уладзімір Пуцін стаў трэцім дзейным кіраўніком дзяржавы, на якога быў выдадзены ордар (2023). Што з ім адбываецца — мы бачым: ён пакуль працягвае рабіць тое ж, што і раней, і нядрэнна сябе адчувае. Але нельга сказаць, што ордар ніяк не ўплывае: у Паўднёвую Афрыканскую Рэспубліку ён усё ж такі пабаяўся паехаць. З іншага боку, паспяхова з’ездзіў у Манголію.

«НН»: Якія доказы могуць стаць ключавымі ў такім расследаванні? 

КД: Любыя крымінальныя абвінавачанні базуюцца на прынцыпе асабістай віны. Працэс у МКС — не выключэнне.

Гэта значыць, што недастаткова проста быць у цэлым «крывавым дыктатарам», каб атрымаць ордар. Важна, каб былі даказаны асабісты ўдзел і віна ў канкрэтным дзеянні — гэта значыць, наўмыснае і свядомае здзяйсненне.

Калі мы возьмем прыклад расійскіх ордараў, то ўбачым, што доказ віны Пуціна базуецца і на тым, што ён сам здзяйсняў гэтыя дзеянні, і на тым, што ён не прадухіліў іх здзяйсненне людзьмі (і цывільнымі, і ваеннымі), якія знаходзяцца ў яго падпарадкаванні.

То-бок любыя прамыя загады і ўказанні, падпісанне нарматыўных актаў, заахвочванне і ўхваленне, выражанае рознымі спосабамі, — усё гэта доказы.

«НН»: Колькі часу звычайна займаюць падобныя міжнародныя справы?

КД: Па часе можа быць па-рознаму.

У сярэднім ад пачатку расследавання да выдачы першага ордара праходзіць ад аднаго года да пяці-шасці гадоў.

З моманту звароту пракурора ў Палату папярэдняй вытворчасці да яе рашэння па ордарах можа прайсці ад некалькіх месяцаў да некалькіх гадоў.

«НН»: Ці можа гэтае расследаванне закрануць асабіста Аляксандра Лукашэнку, ці гаворка, хутчэй, пра канкрэтных чыноўнікаў і сілавікоў?

КД: Можа і яго, і іх. Пытанне ў тым, на каго менавіта набярэцца дастаткова доказаў віны. Акрамя таго, суд выкарыстоўвае крытэрый дастатковай сур’ёзнасці і пры адборы спраў.

«НН»: Што ўвогуле змяняецца для прадстаўнікоў улады, калі супраць іх пачынаецца расследаванне ў міжнародным судзе?

КД: Тут па-рознаму. У цэлым, да падзення рэжыму гэта ў асноўным пытанне абмежаванасці ў перамяшчэннях, псіхалагічнага ціску і верагоднага фактару расколу ўнутры эліт.

Таксама ёсць момант абмежаванай «рукапаціскальнасці» з боку «прыстойнага грамадства», скажам так.

Хоць, з іншага боку, з прадстаўнікамі такіх рэжымаў, калі сітуацыя ў краіне ўжо дайшла да МКС, і так мала хто ўзаемадзейнічае.

Што гэта азначае для беларусаў

«НН»: Ці можа гэтая справа паўплываць на міжнароднае становішча Беларусі і адносіны з іншымі краінамі?

КД: Кожная дзяржава сама вырашае, якія адносіны і з кім падтрымліваць. Гэта яе суверэннае права. Вядома, гэта абумоўлена мноствам розных фактараў. Мы бачым, што нават у ЕС, дзе ёсць агульная лінія «што такое добра і што такое дрэнна», ёсць дзяржавы з іншым поглядам — тая ж Венгрыя, Славакія. 

Таму пэўныя лініі ў адносінах да Беларусі з рознымі дзяржавамі ўжо вызначаныя, і працэс у МКС наўрад ці кардынальна можа нешта змяніць. Для тых, хто знаходзіцца ў стане халоднай вайны з рэжымам, гэта толькі дадасць аргументаў. А для тых, хто ў стане «гарачай дружбы», нічога не зменіцца — гэта краіны з прыкладна такім жа стаўленнем да вяршэнства права, як і сённяшняя Беларусь.

Адносна палітычнага ціску на рэжым — сам факт адкрыцця расследавання ў МКС, безумоўна, з’яўляецца пэўным фактарам ціску. Разам з тым, магчымыя ордары датычацца канкрэтных асобаў, а не рэжыму ў цэлым. Аднак, на мой погляд, узнікае і адваротнае пытанне. Калі мы будзем гаварыць пра нейкія магчымыя перамовы і змякчэнне адносін з афіцыйным Мінскам — наколькі выдадзеныя ордары (калі яны будуць выдадзены) могуць быць перашкодай для гэтага.

«НН»: Што такое расследаванне можа азначаць для людзей, якія былі вымушаныя пакінуць Беларусь?

КД: Важна разумець, што пытанні міжнароднай абароны, уключна з бежанствам, вырашаюцца кожнай дзяржавай самастойна, зыходзячы з яе заканадаўства, практыкі і міжнародных стандартаў. І ў кожным канкрэтным выпадку — індывідуальна. Дзяржавы ў гэтым плане юрыдычна не звязаныя ў сваёй міграцыйнай палітыцы рашэннямі МКС.

Але пэўныя аргументы для адвакатавання становішча беларусаў у выгнанні на палітычным узроўні гэтая сітуацыя, на мой погляд, дадае.

Але тут ёсць і іншы аспект. Сам факт адкрыцця расследавання і тым больш выдача ордараў — гэта праявы сатысфакцыі як формы кампенсацыі шкоды. Па сутнасці, усе, хто быў прымусова выгнаны з краіны ў выніку пераследу, — ахвяры гэтых злачынстваў. І ім, гэта значыць нам, важна бачыць здзяйсненне правасуддзя нават у такім прамежкавым і абмежаваным выглядзе. Людзям важна разумець, што з несправядлівасцю, якая з імі здарылася, хаця б спрабуе разабрацца аб’ектыўны суд.

«НН»: Наколькі міжнароднае права эфектыўнае, калі краіна не прызнае юрысдыкцыю суда?

КД: Мы бачым нават на гэтым кейсе: Беларусь не прызнае юрысдыкцыю суда, але расследаванне ўсё роўна ўдалося адкрыць, хоць і ў вельмі абмежаваным выглядзе. Для гэтага важная была палітычная воля Літвы, якую яна і праявіла. За што ёй шчырая падзяка.

Непрызнанне юрысдыкцыі суда, з аднаго боку, — суверэннае права дзяржавы, з другога — пытанне яе добрасумленнасці і гатоўнасці ўкладвацца ва ўмацаванне міжнароднага правасуддзя. Такое непрызнанне, вядома, стварае шэраг абмежаванняў, але міжнароднае права не абмяжоўваецца толькі МКС.

Увогуле міжнароднае права не існуе ў вакууме. Яно ствараецца самімі дзяржавамі і для дзяржаў. І калі нешта не працуе, гэта пытанне не да міжнароднага права, а да канкрэтных дзяржаў, якія не хочуць або не лічаць патрэбным выконваць ці браць на сябе пэўныя абавязацельствы.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула